Някляева асудзілі на 2 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай

Дзяржаўны абвінаваўца Андрэй Кажэўнікаў папрасіў суд Фрунзенскага раёна Мінска прыгаварыць экс-кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева да 3 гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на 2 гады, яшчэ аднаго былога кандыдата Віталя Рымашэўскага пракурор патрабуе пакараць 2 гадамі умоўна з выпрабавальным тэрмінам у 2 гады.

Кіраўніка штаба Някляева Андрэя Дзмітрыева абвінаваўца просіць асудзіць на 3 гады пазбаўлення волі ўмоўна, а яго давераных асоб Аляксандра Фядуту і Сяргея Вазняка – на 2 гады ўмоўна. Усіх траіх з выпрабавальным тэрмінам у 2 гады.

Давераную асобу Рымашэўскага Насту Палажанку пракурор просіць прыгаварыць да 1,5 гадоў умоўна з выпрабавальным тэрмінам у 1 год.

Уладзімір Някляеў у судзе. 18 траўня 2011 года. Фота з facebook Андрэя Дзмітрыева.

Ідзе суд над экс-кандыдатамі ў прэзідэнты Уладзімірам Някляевым і Віталём Рымашэўскім. Разам з імі судзяць Аляксандра Фядуту, Сяргея Вазняка, Андрэя Дзмітрыева і Насту Палажанку. Працэс ідзе ў Фрунзенскім судзе сталіцы (вул.Дуніна-Марцінкевіча, 1/2)

20 траўня

16.20 У Фрунзенскім судзе Мінску абвешчаныя прысуды па "справе 19 снежня".


Уладзіміра Някляева асудзілі на 2 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай. Віталь Рымашэўскі, Сяргей Вазняк, Аляксандр Фядута і Андрэй Дзмітрыеў пакараныя 2 гадамі пазбаўлення волі ўмоўна. Наста Палажанка асуджаная на 1 год пазбаўлення волі ўмоўна.

Пра гэта паведаміў у сваім твітэры Андрэй Дзмітрыеў.

18 траўня

14.11 Прысуд будзе абвешчаны 20 траўня а 16-й гадзіне. Някляеву прысутныя зладзілі авацыю.


14.10 Някляеў выступіў з апошнім словам, перадае Радыё "Свабода".


Ён распавядае, як угаворваў уладу стаць беларускай, пісаў вершы, песні. Але ўлада кажа, што па-беларуску немагчыма сказаць нічога: толькі па-руску, па-англійску і па-кітайску. І гэта кажа першы чалавек у краіне. Але на гэтай мове быў напісаны Статут ВКЛ, першая еўрапейская Канстытуцыя, пісаў Францішак Скарына.
Някляеў хоча, каб Расія і Еўропа пабачылі Беларусь не паміж сабой, а побач. Амерыканцы не мелі нічога агульнага, але яны, займеўшы незалежнасць, стварылі заможную дзяржаву. Кажа пра ўсвядомленую нацыянальную ідэю, адказнасць. Яна вымушае сказаць хоць горкую, але праўду. Ён прапанаваў, каб улада адмовілася ад рэпрэсій, а апазіцыя адмовіцца ад патрабавання новых выбараў.


Кажа, што гатовы прыняць прысуд нават за тое, што да плошчы не дайшоў. Ва ўсім іншым ён не вінаваты.


13.43 З наступным словам выступае Наста Палажанка. Кажа, што да 19 сьнежня яна жыла ў іншай краіне. Зараз - абсалютная гістэрыя, татальныя суды. Людзі, што выйшлі на плошчу, - выйшлі абараніць нас усіх ад некантраляванай ўлады аднаго чалавека, які топіць усю краіну ў багне.


Кожнага з прысутных згадвае добрым словам - Дзьмітрыева хваліць за прамову ў судзе, шкадуе Рымашэўскага - паралельна судзілі яго сябра Паўла Севярынца. Кажа пра помсту мужным і таленавітым людзям: за нежаданне казаць хлусню людзі атрымліваюць ад 2 да 5 гадоў.


13.18 Выступае Андрэй Дзмітрыеў. Няма магчымасці выступіць па тэлебачанні, у іншых месцах – ёсць магчымасць толькі выступіць у судзе. Просіць прабачэння ў Някляева і ўсіх паплечнікаў па лаве падсудных.
Параўноўвае паказанні начальніка ДАІ і дзяўчынкі, якой апалілі валасы: шчырасць дзяўчынкі відавочная. Распавядае, як з залы суда вёў "прамую трансляцыю ў інтэрнэт" і атрымаў за гэта шмат падзякаў.


Кажа пра неабходнасьць пераменаў, пра дакумент, які яны стварылі. Распавядае, як год таму яны з Някляевым сустракаліся з еўрапэйскімі дыпламатамі. І Някляеў казаў, што не збіраецца на выбары. Але ў той жа дзень на офіс напалі, адзначае Радыё "Свабода". І Някляеў змяніў рашэнне.


Усе ведалі: і апазыцыя, і ўлады, - што плошча будзе. Так, акцыя была несанкцыянаваная, але мы рабілі ўсё, каб забясьпечыць бясьпеку. А ўлады нічога не рабілі для гэтага.


Разважае пра дзеянні міліцыі, ДАІ. Узгадвае тое, што паказваюць па тэлебачанні: у Францыі ды іншых краінах спаленыя машыны, разбітыя вітрыны. Гэта сапраўды грубыя парушэнні. У нас такога не было.


12.54 З апошнім словам выступае Віталь Рымашэўскі. Ён не бачыць прычынаў, чаму перакваліфікавалі артыкул. Просіць прабачэння ў судзьдзі і пракурора, калі ён пакрыўдзіў іх асабіста. Яму сорамна за ўсю судовую сістэму.


Аналізуе дзеянні начальніка ДАІ Карзюка, які дзейнічаў непрафесійна. Следства доўга шукала людзей, якія быццам бы арганізоўвалі людзей. Кажа, што ёсць такі чалавек. Просіць звярнуць увагу на паказанні Карзюка - толькі ён бачыў кандыдатаў на чале калоны.


Рымашэўскі вельмі ганарыцца, што знаходзіцца на лаве падсудных з лепшым паэтам. Разумее становішча, ў якім знаходзяцца суддзя і пракурор. Самае страшнае - забіць у чалавеку веру.


Дзякуе людзям, якія не спужаліся, якія яго патрымліваюць, моляцца. Дапускае, што спадарыня суддзя можа стаць сябрам аргамітэту ў справе стварэння БХД.


12.43 З апошнім словам выступае Аляксандр Фядута. Апісвае падзеі на вуліцы Калектарнай, БТ потым зваліць гэта на Саннікава. Пазней супрацоўнікі ДАІ скажуць, што гэта былі міліцыянты. Распавядае пра збіццё і выкраданне са шпіталя Някляева.


Кажа, што змовы не было - штабы не здолелі дамовіцца. А нашы родныя сустрэліся ў агульных чэргах, каб здаць перадачы ў "амерыканку".


Кажа пра тэрміны, якія далі хлопцам - па 3-4 гады. У гэтым прызнае і сваю віну. Зробіць усё, каб наступным разам усе ішлі па ходніках.

12.39 Гучыць апошняе слова падсудных.


Першым выступае Сяргей Вазняк, інфармуе Радыё "Свабода". На яго пінжаку 4 медалі. Адзначае, што ўзнагароды не баявыя, тройчы ў год ён апранае іх — на 23 лютага, 9 траўня і 3 ліпеня.


Сёння спаўняецца роўна год, як яго, Някляева і Дзмітрыева затрымалі на трое сутак пры нападзе на офіс кампаніі "Гавары праўду". Някляева трымалі ў пастарунку разам з бамжамі і дэбашырамі.
Кажа па сутнасьці выстаўленага яму абвінавачаньня. Сваю віну прызнае часткова — запрашаў грамадзянаў на мірны мітынг. Ні да якага шэсця па праспекце ён не заклікаў. Здзіўлены, што абвінаваўца адзначыў, што ён аказаў непадпарадкаванне і супраціў.


Кажа пра невыкананне службовых абавязкаў праваахоўнымі органамі, якія не спынілі біццё шыбаў у Доме ўраду. Распавядае пра шматлікія парушэнні падчас выбарчай кампаніі, спасылаецца на высновы АБСЕ. Кажа, што выбары, на яго думку, былі недэмакратычнымі. Прыводзіць канкрэтныя факты, распавядае пра асобныя прыклады. 

11.03 Выступае другая адвакатка Някляева Тамара Сідарэнка, перадае Радыё "Свабода". Яна пачынае з інцыдэнту на вуліцы Калектарнай, патрабавання дагляду аўтамабіляў. Нават са словаў супрацоўнікаў ДАІ вынікае, што Някляеў заклікаў да парадку. Ён не перашкаджаў даглядац аўтамабіль. Але выскачылі нейкія людзі ў чорным з нецэнзурнай лаянкай і патрабаваннем усім легчы тварам у снег. Людзі гэтыя без апазнавальных знакаў. Яны б'юць Някляева, іншых людзей. Абвінавачанне спасылаецца на тое, што грамадзяне не падпарадкаваліся. Хто гэтыя людзі ў чорным, што выскачылі, як чорт з табакеркі? Што яны рабілі? Затрымлівалі канкрэтных асобаў, што чынілі беспарадкі? Не, кладуць людзей у снег, б'юць. Ніхто зь гэтых людзей не быў дапытаны. Ясна, што мэта ў іх была - канфіскацыя гукаўзмацняльнай апаратуры.


Адвакатка іранізуе, што справа вельмі складаная і заблытаная. Яна аналізуе, як была перакваліфікаваная справа ў іншы артыкул. Нідзе не тлумачыцца, што стала з аўтамабілямі і тым, што ў іх нібыта было (штыры, арматура, апаратура).


Увязваць дзеянні Някляева з падзеямі на Кастрычніцкай плошчы і плошчы Незалежнасці недарэчна. Адвакатка распавядае пра безліч скаргаў, якія пісалі ўсе абаронцы. Толькі праз 40 дзён адвакатаў дапусцілі да Някляева, калі яму ўжо змянілі меру стрымання.


Адвакатка Сідарэнка падрабязна спыняецца на працэсуальных парушэннях, якія дапусціла следства.

10.41 Выступае адвакат Някляева Ўладзімір Букштынаў. Ён адзначае, што з моманту рэгістрацыі Някляева кандыдатам яму чынілася мноства перашкодаў: машыны затрымліваліся пры выездах у рэгіёны 21 раз!
Ва ўчастковыя камісіі, інфармуе Радыё "Свабода"", не было ўключана ніводнага сябра ініцыятыўнай групы Някляева. Эфірнага часу ён атрымаў значна менш за свайго галоўнага саперніка. На Ўсебеларускі народны сход яго не пусцілі.


Някляеў хацеў запрасіць на плошчу генеральнага пракурора, каб той стаў гарантам парадку. Але на гэтае запрашэнне пракурор не адгукнуўся. Някляеў быў жорстка збіты яшчэ да пачатку акцыі. Таму пачаў рэалізоўвацца "не іх сцэнар", і таму Вазняк змяніў свой статус на статус журналіста, а Фядута наогул сышоў дадому.


Букштынаў не сцвярджае, што справа мае палітычны характар, але ад процістаяння стаміліся ўсе: і ўлады, і грамадзтва. Час пераходзіць да паразумення і прымірэння.


Зала апладыруе.

10.50 Адвакат Някляева адзначае, што кандыдат у прэзідэнты толькі заклікаў на плошчу. Толькі гэтым ён парушыў закон аб масавых мерапрыемствах. На вуліцы Калектарнай яго дзеянні скончыліся.

 
Някляеў не збіраўся парушаць закон, адзначае адвакат. Як доказы называецца тое. што была закуплена гукавая апаратуры (для кіравання) і сфармаваная дружына. Нагадвае, што паводле еўрапейскіх стандартах міліцыя павінна ахоўваць нават несанкцыяваны мітынг, а толькі потым разбірацца ў судзе.


У дзеяннях Някляева адвакат бачыць толькі адміністрацыйнае парушэнне.

10.40 Выступаюць адвакаты абвінавачаных, перадае журналіст Еўрарадыё Віталь Ругайн. Адвакатка Палажанкі адзначае, што Насту вінавацяць у тым, што яна арганізоўвала людзей, але яна толькі дапамагла знайсці начоўку. Таксама адвакатка адзначыла, што людзі самі прыйшлі на Плошчу, іх ніхто не арганізоўваў.


Адвакат кажа, што падчас следства расказала Палажанцы, што бацька напісаў ёй 10 лістоў. Сама дзяўчына не атрымала ніводнага. Адвакат лічыць, што ніякіх доказаў віны Палажанкі няма.

17 траўня

20.00 Працэс працягнецца а 10.00 18 траўня.

19:00 — 19:20 Выступае адвакат Дзмітрыева Ірына Мініна. Сярод іншага, кажа — “у калоне прыхільнікаў Някляева на некаторых дзяўчатах былі вушкі зайчыкаў. Мне з цяжкасцю ўяўляецца, што яны апраналі іх, каб чыніць проціпраўныя дзеянні і ваяваць з міліцыяй”. Адвакат просіць цалкам апраўдаць свайго падабароннага Андрэя Дзмітрыева, паведамляе Радыё Свабода.

17.10 Пракурор запатрабаваў для Уладзіміра Някляева пакаранне ў 3 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на 2 гады. Пра гэта піша Андрэй Дзмітрыеў у сваім твітэры.


Фядуту ён папрасіў 2 гады пазбаўлення волі умоўна, з выпрабавальным тэрмінам на 2 гады. Дзмітрыеву абвінавачанне просіць 3 гады пазбаўлення волі ўмоўна, з выпрабавальным тэрмінам 2 гады. Вазняку - 2 гады пазбаўлення волі ўмоўна, з выпрабавальным тэрмінам 2 гады, Палажанцы - 1,5 года пазбаўлення волі ўмоўна, з выпрабавальным тэрмінам на 1 год, Рымашэўскаму - 2 гады пазбаўлення волі ўмоўна, з выпрабавальным тэрмінам 2 гады.

14.55 Пракурор чытае пратаколы допытаў Дзмітрыева пра меркаваны план Плошчы. Адвакатка акцэнтуе ўвагу на словы "планавалася", "меркавалася"... Яна кажа, што гэта не азначае, быццам было фінансаванне Плошчы.


Пракурор пераходзіць да пытаньняў Вазняку. Пытаецца, якое дачыненне ён мае да канцэпцыі рэформаў. Вазняк кажа, што далучыўся да кампаніі "Гавары праўду!" толькі ў лістападзе 2009 года і не мог фізічна ўдзельнічаць у распрацоўцы дакумента ў жніўні 2009 года. Варыянты развіцця падзеяў абмяркоўваліся ў Літве прыкладна ў лістападзе 2010 года, калі Вазняк ужо быў сябрам ініцыятыўнай групы Някляева.


14.35 Пракурор задае пытанні наконт славесных партрэтаў, складзеных Дзмітрыевым. Адвакатка Лабоха выступае супраць – няма крыніц атрыманьня гэтых партрэтаў. Пракурор заяўляе, што крыніцы ёсць, інфармуе Радыё "Свабода". Дзмітрыеў настойвае, што партрэты не маюць дачынення да справы: яму ставіцца ў віну арганізацыя дзеянняў, што парушалі парадак.


Адвакаты зачытваюць вытрымкі з заканадаўчых актаў наконт недапушчальнасці прывядзення доказаў, атрыманых з парушэннямі закону. Аднка судзьдзя бярэ бок пракурора і кажа, што будуць агледжаныя ўсе матэрыялы справы, у тым ліку і партрэты. На экране нейкі Анджэй (малюнак алоўкам), унізе рукапісны тэкст Дзмітрыева. Суддзя просіць Дзмітрыева пракаментаваць, ён адмаўляецца.

14:25 Пасля перапынку аднавілася паседжанне. Суддзя заявіла, што матэрыялы, датычныя дзейнасці "Гавары праўду!", могуць быць выкарыстаныя і пры разглядзе дадзенай крымінальнай справы, бо ў іх можа быць важная інфармацыя.


Лёс канфіскаванай 18 траўня тэхнікі, якую лідарам "Гавары праўду" так і не вярнулі, будзе вырашаны пры вынясенні прысуду, піша nn.by.


Пракурор заявіў, што мае пытанні не толькі да Фядуты, але таксама і да Дзмітрыева з Вазняком. Ён удакладняе ў Дзмітрыева, якія аналітычныя матэрыялы той рыхтаваў. Пракурор сцвярджае, што раней Дзмітрыеў заяўляў, што "Гавары праўду" не планавала палітычную сітуацыю падчас прэзідэнцкіх выбараў, аднак падчас папярэдняга расследавання было высветлена, што ўдзельнікі кампаніі займаліся аналізам магчымага развіцця падзеяў падчас выбараў.


Таксама пракурор заявіў, што Дзмітрыеў, як і Фядута, складаў вусныя партрэты. Дзмітрыеў заявіў, што даваць паказанняў аб гэтым не будзе.

12.35 Адвакатка Ларыса Атаманчук кажа пра падзеі 18 траўня 2010 года. Тады Някляеў, Вазняк, Дзмітрыеў ды іншыя былі затрыманыя як кіраўнікі кампаніі "Гавары праўду!", канфіскаваная тэхніка і сродкі. Але вытворчасць па гэтай справе была спыненая праз 10 месяцаў. Таму адвакатка просіць далучыць сваё хадайніцтва – не разглядаць гэтыя матэрыялы справы.


Адвакат Лабоха пытаецца, чаму прадметам даследавання з'яўляецца дакумент кампаніі "Гавары праўду". Адвакат Букштынаў падтрымлівае: гэта матэрыялы па спыненай крымінальнай справе.


12.25 Апошняе паседжанне штаба было 11 альбо 12 снежня. Першым выступіў Фядута, які казаў пра Кастрычніцкую плошчу, але там быў каток. Мог быць павышаны траўматызм. Быў прапанаваны варыянт перамяшчэння людзей на плошчу Незалежнасці (рэзалюцыю меркавалася перадаць прэм'ер-міністру). Плошча максімум меркавалася пратрымацца 3 дні. Фядута сказаў, што пацвярджае агучаныя паказанні, перадае Радыё "Свабода". Адвакатка просіць прачытаць апошнія тры абзацы пратаколу допыту. Сэнс: акцыя на плошчы была не працягам кампаніі "Гавары праўду", а працягам перадвыбарчай кампаніі.


12.20 Суддзя просіць зачытаць толькі тое, што тычыцца плошчы і перадвыбарчай кампаніі. Пракурор чытае паказанні Фядуты пра напісанне канцэпцыі разам з Навумавай, Дзмітрыевым, Слуцкай ды іншымі. Дакумент пісаўся ў адным з пансіянатаў Польшчы. Фігуравала сума ў 16,5 мільёнаў долараў. Потым сума была скарочаная да 4,5 млн долараў. Быў пункт і падрыхтоўкі мірнай акцыі пратэсту, разглядаліся два варыянты.
11.50 Фядута адмаўляецца ад дачы паказанняў. Пракурор просіць агучыць пратакол допыту ад 30 траўня, дзе гаворка ідзе пра фінансаванне. Наста Палажанка кажа, што яна не разумее, якое гэта мае дачыненне да агульнага працэсу, пры чым тут кампанія "Гавары праўду".

11.45 Фядута тлумачыць, пры якіх абставінах складзеныя гэтыя партрэты. Ён кажа пра так званыя "нефармальныя гутаркі", якія вяліся з ім. Асобы, якія праводзілі іх, прыносілі раздрукоўкі самых суровых артыкулаў, казалі, што судовае паседжанне будзе закрытым, роля Фядуты вядомая, па гэтых артыкулах пойдуць і іншыя паплечнікі. З адвакатам раіцца не давалі. Часу на роздуму далі 15 хвілін. Таму Фядута прыбегнуў да аднаго з варыянтаў: ён мог казаць няпраўду. Далей Фядута кажа, што быў узламаны скайп. Без адваката і паведамлення, што з ім праводзяцца следчыя дзеянні, Фядуту прапанавалі скласці славесныя партрэты. На стале ляжалі артыкулы Крымінальнага кодэксу: здрада радзіме, шпіянаж, самая мяккая - масавыя беспарадкі.

"Тым, што дэманструецца зараз, закладваецца аснова пад завядзенне новай справы. Закладваецца аснова пад "шпіёнскі працэс". Прашу альбо спыніць гэта, альбо дазволіць мне пакінуць залу да моманту спрэчак у сувязі са стратай даверу да суда", — перадае nn.by словы Фядуты.


11.40 Фядута зноў просіць удакладніць, адкуль узяты дакумент Па яго словах, усе чарнавікі дакументаў трапілі ў праваахоўныя органы пасля ператрусаў 18 траўня і яны не могуць выкарыстоўвацца як доказы віны. Інакш адказнасць за тое, што адразу ж не пачалося следства за незаконныя дзеянні, ляжыць на праваахоўных органах. Пракурор хоча зачытаць суб'ектыўныя славесныя партрэты, складзеныя Фядутам на чатырох калегаў. Адвакатка Лабоха пярэчыць: яны не маюць адносінаў да справы.


11.35 Адвакатка Святлана Лабоха кажа, што гэта праект дакументу, інфармуе Радыё "Свабода". Яна адзначае, што інфармацыя здабытая з парушэннем заканадаўства, калі яе падабаронны быў пазбаўлены права на абарону. Някляеў кажа, што 99% усяго рабілася кампаніяй "Гавары праўду", а не пад перадвыбарчую кампанію. А справа ў дачыненні да кампаніі "Гавары праўду!" закрытая.


11.30 Пракурор чытае паказанні Фядуты наконт канцэпцыі зменаў у краіне. Пачынаў праект ён, але потым яго кіраўніком стаў Дзмітрыеў. Распавядае, якім чынам планавалася шэсце. Фядута кажа, што паказанні яго падчас следства не могуць быць доказамі: няхай следства пакажа здымкі хоць дрэннай якасці, як ён перавозіў сродкі, ці мытную дэклярацыі пра перамяшчэнне грошай. Пракурор зачытвае іншы пратакол допыту Фядуты. Паводле пракурора, Фядута там тлумачыць, якія раздзелы канцэпцыі кім падрыхтаваныя.

11.05 Пракурор цікавіцца, ці мае Фядута адносіны да стварэння канцэпцыі, што ёсць у матэрыялах справы. Фядута зазначае, што не ведае, пра які дакумент ідзе гаворка і адкуль ён узяты. Някляеў удакладняе, што дакументы такога кшталту (канцэпцыі далейшага разьвіцця краіны) звычайна распрацоўваюцца не адным чалавекам. І невядома, ці быў ён прыняты. Пракурор пытаецца, ці мае Фядута дачыненні да разлікаў, у якую суму абыдзецца плошча. Фядута адказаў, што разлікі ён не ўмее рабіць, перадае Радыё "Свабода".


10.50 Ад прагляду фільма "Жалезам па шклу" адмовіліся і пракурор, і абвінавачаныя. Абарона прасіла далучыць да фільм БелаПАН пра падзеі на вуліцы Калектарнай, Аднка суддзя адмаўляецца.

10.20 Новы відэаролік – плошча Незалежнасці. Відаць, як б'юць шкло ў Доме ўраду, дзверы знутры застаўленыя шафамі. Чуваць лозунгі "Жыве Беларусь!", "Свабоду!" Па словах Някляева, якія перадае Радыё "Свабода", калі паказваюць пяць хвілін аднаго чалавека, які б'е, гэта не масавыя беспарадкі. Яго даўно ўжо можна было "павязаць".


10.10 Пачалося паседжанне. Сёння зноў працягнуць вывучаць відэаматэрыялы справы, адзначае Радыё "Свабода". Дэманструюць ролік пра падзеі на Кастрычніцкай плошчы ўвечары 19 снежня. Кандыдаты выступаюць каля Палаца прафсаюзаў. Натоўп выходзіць на праезную частку.


На відэа чуваць, як з гукаўзмацняльнай машыны міліцыянты папярэджваюць пра несанкцыяваны характар акцыі. Выступае Віталь Рымашэўскі. Патрабуе дэмакратычных выбараў без Лукашэнкі. У кадры выступае Калякін. Прамаўляе Статкевіч. Адвакатка Тамара Сідарэнка робіць заўвагу, што на кадрах не пазначаны час.

16 траўня

18.10 У судзе абвешчаны перапынак да 10.00 17 траўня.

17.55 Допыт Севярынца скончаны. Абарона Някляева хадайнічае аб далучэнні да матэрыялаў справы звароту расійскіх акцёраў, у ліку якіх Канстанцін Райкін, Канстанцін Хабенскі. Ёсць і зварот расійскіх літаратараў — Андрэй Бітаў, Канстанцін Сіманаў, Юна Морыц. Даслаў ліст і Яўген Еўтушэнка з ЗША, 22 беларускія дзеячы культуры, літаратуры і навукі. Яны патрабуюць спынення крымінальнай справы. Таксама адвакат Букштынаў просіць далучыць даведку аб стане здароўя Някляева. Яны патрабуюць спынення крымінальнай справы. Таксама адвакат Букштынаў просіць далучыць даведку аб стане здароўя Някляева. Пракурор супраць. Ліст Еўтушэнкі суддзя адхіліла далучаць да справы. Абарона агалошвае дакументы, паведамляе Радыё Свабода.

17.30 У судзе дапытаны ў якасці сведкі Павал Севярынец. Ён тлумачыць, што быў даверанай асобай і кіраўніком штаба Рымашэўскага. Кажа, што акцыя ад самага пачатку планавалася як мірная. Заклікалі толькі на Кастрычніцкую плошчу, ісці на плошчу Незалежнасці не планавалі. Людзей на Кастрычніцкую прыходзіла ўсё больш і больш, і на праезную частку перасунуліся таму, што людзі стаялі вельмі шчыльна і не змяшчаліся на свабоднай частцы плошчы.

16:07 Рымашэўскі прасіў далучыць да справы відэазапіс з плошчы Незалежнасці 19 снежня, зроблены журналістамі. Пракурор супраць, суддзя вырашае не далучаць прапанаваны відэадыск да справы.


Някляеў робіць заўвагу: відавочна, што кандыдаты не мелі магчымасці арганізаваць плошчу і людзей. Не было гукаўзмацняльнай апаратуры. Суддзя прапануе глядзець новы відэазапіс выступу Рымашэўскага ў эфіры Першага тэлеканалу.


Зноў праблемы з дэманстрацыяй відэазапісаў, аператар робіць перазагрузку камп'ютараў, адзначае Радыё "Свабода".

15.37 Перапынак у судзе скончыўся. Адвакат просіць дапытаць у якасці сведкі Паўла Севярынца. Суддзя адказвае, што сёння ідзе прагляд відэаматэрыялаў, таму Севярынцу давядзецца чакаць.


Зноў вяртаюцца да прагляду відэаматэрыялаў. На відэакадрах Рымашэўскі кажа пра незаконна затрыманых. Узгадвае прозвішча Някляева. Гукаўзмацняльнік бярэ Статкевіч і патрабуе выбараў без Лукашэнкі.


Саннікаў кажа: "Час мяняць лысую гуму", народ падхоплівае.


Потым, па звестках Радыё "Свабода", паказваюць кадры з Кастрычніцкай плошчы. Музыка грыміць, заглушаючы воклічы "Жыве Беларусь!"


14.56 Перапынак на 5-7 хвілін з-за тэхнічных праблем.


Адвакат Тамара Сідарэнка падтрымлівае заўвагу Някляева: на відэа паказваюць Палажанку, а гучаць мужчынскія галасы. Другая карцінка таксама не мянялася, а галасы гучалі невядома адкуль. На яе думку, доказамі гэтыя кадры не могуць з'яўляцца, перадае Радыё "Свабода".


Вазняк просіць унесці заўвагу: людзі ў чорным былі без апазнавальных знакаў, подпісаў на спінах не было.
Някляеў кажа, што паказанні супрацоўнікаў ДАІ наконт разбітай машыны былі ілжывыя.

14.43 Новы відэаролік – кадры з Прывакзальнай плошчы без гуку. Потым глядзяць відэаролік, дзе Саннікаў кажа: "Рухаемся да Дому ўраду!" Саннікаў скандуе "Сыходзь!", народ падхоплівае. Рымашэўскі з мікрафонам: "Трэба патрабаваць свабодных дэмакратычных выбараў без Лукашэнкі". Наста Палажанка пытаецца ў людзей: "Ці хочаце вы перамен?"


14.36 Прагляд чарговага відэароліка пра падзеі на Кастрычніцкай плошчы 19 снежня, перадае Радыё "Свабода". Прамаўляе Саннікаў, за ім – Дзмітрыеў. Кадры з лагатыпам "Нашай нівы": Рымашэўскі заклікае ісці на Кастрычніцкую плошчу.


Кадры "Нашай Нівы" з вуліцы Калектарнай. Гучна чутны выбухі шумавых гранат. Буйным планам — збіты Някляеў, яму спрабуюць аказаць першую дапамогу. Нясуць на руках. Някляева паклалі на канапу ў офісе. Хлопец з разбітай галавой. Кроў на галаве, хлопцу галаву забінтавалі. Прыехала хуткая дапамога. Медыкі аказваюць дапамогу, пасылаюць за насілкамі ў машыну.


Някляеў буйным плянам, добра бачныя сур'ёзныя пашкоджаньні, кроў, гематомы. Някляева пагрузілі ў хуткую дапамогу і павезлі.


14.31 Сяргей Вазняк на відэа тлумачыць, што акцыя на плошчы будзе выключна мірнай. Прыцягнуць людзей да крымінальнай адказнасці за тое, што яны прыйшлі на плошчу да навагодняй ёлкі, немагчыма.

14.09 Працэс аднавіўся. Зноў тэхнічныя праблемы, відэаролік ідзе без гуку. Уладзімір Някляеў абураецца, канстатуе Радыё "Свабода".


Зноў праглядаюць відэаролік пра сустрэчу з выбарцамі сяброў выбарчага штаба Някляева – Сяргея Вазняка і Віктара Гарбачова. Гук наладзілі, але даволі ціхі.

12.35 Абвешчаны перапынак да 14 гадзін.


Перад гэтым прайшоў прагляд відэа, паведамляе Радыё "Свабода". На відэароліку паказалі сустрэчу Вазняка і яшчэ аднаго чалавека з выбарцамі. Вазняк кажа пра Плошчу.


На відэа паказалі таксама, як Някляеў чытае свой верш "Я прыйшоў, каб вы перамаглі". Прысутныя ў зале суда паспрабавалі апладыраваць, але суддзя спыніла апладысменты: "Цішыня ў зале!"

11.51 Прайшоў прагляд роліка сустрэчы Някляева з выбарцамі ў Барысаве. Пасля яго паказваюць выступ Някляева па Беларускім тэлебачанні.


Чамусьці пасля яго запусцілі відэаролік з выступам Міколы Статкевіча. Праз хвіліну спынілі. Доўга шукаюць патрэбныя файлы, адзначае Радыё "Свабода". Суддзя папрасіла Дзмітрыева зачыніць ноўтбук і пакласці яго за спіну Някляева.

11.10 Ідзе прагляд відэа. На кадрах Някляеў кажа, што яго прэзідэнцкая кампанія пасля выбараў адразу ж ператвараецца ў парламенцкую кампанію 2012 года.


Някляеў глядзіць відэа стоячы, адзначае Радыё "Свабода". У зале прыкладна тры дзясяткі студэнтаў альбо БРСМаўцаў. Хтосьці спіць, але большасць слухае на відэа альтэрнатыўнага экс-кандыдата ў прэзыдэнты.

10.20 Пачаўся прагляд відэматэрыялаў справы.


У залі прысутнічаюць прадстаўнікі АБСЕ, амбасадар Нямеччыны ў Беларусі Вайль, літаратары Уладзімір Алоў, Язэп Янушкевіч, мастак Аляксей Марачкін, перадае Радыё "Свабода".

14 траўня

15:35 Пракурор дагартаў апошні, 29-ы том справы, піша nn.by. Чытанне матэрыялаў справы скончанае. Суддзя абвясціла перапынак да 10 гадзінаў 16 мая.

15:15 Пракурор дайшоў ужо да 23-га тома, піша nn.by. Ён проста прагортвае матэрыялы, якія датычаць дзейнасці кампаніі "Гавары праўду!". Крымінальная справа менавіта ў гэтай частцы спыненая, таму дзяржаўны абвінаваўца іх не агучвае, да судовага разбіральніцтва яны дачынення не маюць.

14.40 Пракурор чытае том №15. Матэрыялы тычацца Насты Палажанкі, паведамляе Радыё "Свабода".

Адвакатка распавядае, што яе падабаронная знаходзілася пад вартай 2 месяцы, адвакатцы не давалі магчымасцяў сустракацца не толькі сам-насам са сваёй падабароннай, але яе не дапускалі і на следчыя дзеянні. Насту неаднаразова дапытвалі без адваката. Адвакатка неаднаразова падавала скаргі.

Пракурор чытае, што праслухоўванне тэлефонных размоваў Палажанкі санкцыявала Генпракуратура.

Суддзя Жанна Жукоўская зрабіла заўвагу Дзмітрыеву і Вазняку. На яе думку, адзін нешта ўвесь час піша, а другі чытае, піша nn.by.

Суддзя прапанавала ім адкласці сваю тэхніку. "Я канспектую", — адказаў Дзмітрыеў.

14.13 Пракурор працягвае чытаць даведкі ДАІ аб спыненні руху транспарту 19 снежня на праспекце Незалежнасці, дакументы "Мінсктрансу".

Пракурор пералічвае грашовыя прэтэнзіі. У Палацы прафсаюзаў страты больш за 2 мільёны: былі адмененыя курсы, заняткі ў гуртках. Даведка з "Макдональдза"– недаатрыманы прыбытак з-за датэрміновага закрыцця каля 8 мільёнаў. Пункт абмену валюты "Абсалютбанка" страты не лічыў.

Пракурор пераходзіць да тому №14, перадае Радыё "Свабода".

14.03 Па абедзе аднавіўся працэс. Адвакат Букштынаў просіць дапытаць у якасці сведкі грамадскага актывіста Міхася Пашкевіча, пракурор супраць, перадае Радыё "Свабода".

Як перадае ў сваім твітэры Дзмітрыеў, суд перайшоў да вывучэння 13-га тома.

12.50 Абвешчаны перапынак да 14.00

12:52 Пракурор закончыў чытаць тэлефонныя размовы Дзмітрыева. Заўвага адваката Сідарэнкі, што праслухоўванне было незаконным, засталася без увагі, піша nn.by.

Суд перайшоў да 12-га тома справы. У ім матэрыялы, што тычацца Віталя Рымашэўскага.

11.37 Пракурор чытае раздрукоўкі тэлефонных размоваў Дзмітрыева, якія адбываліся непасрэдна перад днём выбараў. У размовах некалькі разоў згадваюцца назіральнікі АБСЕ і факты фальсіфікацыі выбараў.

Сярод размоваў пракурор угледзеў такія, пра якія сказаў, што яны не маюць дачынення да справы. Размовы чытаюцца хутка і невыразна, нават у першых шэрагах можна разабраць толькі ўрыўкі. Як зазначае nn.by, Палажанка з гэтай нагоды жартуе, што лепш бы ўжо чытаў моўчкі.

11.30 Выступіла сведка Дар'я Бахар з Навагрудка. Яна таксама распавяла, што прыехала ў Мінск спецыяльна на Плошчу. Пасля гэтага суд перайшоў да зачытвання 11-га тому справы (агулам іх 29). Гэты том, як адзначае nn.by, датычыць Андрэя Дзмітрыева.

10.50 Юры Казак з Навагрудка таксама прыехаў у Мінск спецыяльна на плошчу. Даведаўся пра мірную дэманстрацыю з розных сайтаў.

Па звестках Радыё "Свабода", сведка кажа, што пераначаваў у той самай кватэры, што і Ваўчок. Быў у офісе БХД, потым на плошчы. Бачыў там, як людзі выйшлі на праезную частку. Ніякіх размоваў пра тое, што пад'едуць яшчэ 2 тысячы людзей ці што будуць супрацьпраўныя дзеянні, не было.

10.47 Наступны сведка — Сяргей Ваўчок, перадае Радыё "Свабода". Ён паведаміў, што ведае Палажанку і Рымашэўскага. Займаўся агітацыяй, распаўсюджваў улёткі са штабу Рымашэўскага. Грошай за гэта не атрымліваў. У Мінск прыехаў 18 снежня для ўдзелу ў мірнай дэманстрацыі. Пераначаваў у знаёмых Насты. Там было чалавек 7. Раніцай пайшлі ў офіс БХД. Потым – на вакзал.

Быў на Кастрычніцкай, бачыў, што там выступілі кандыдаты. Потым людзі выйшлі на праезную частку, накіраваліся ў бок плошчы Незалежнасці. Людзі скандавалі "Сыходзь!" Супрацоўнікаў ДАІ Ваўчок не бачыў.

10.30 Таксама адмовілася даваць паказанні яшчэ адна сведка па "справе Вазняка" — Інна Чэкан.

10:16 Сведка Дзмітрый Брынза адмовіўся даваць паказанні. Пракурор прапанаваў зачытаць яго паказанні, дадзеныя падчас следства. Але суддзя вырашыла не зачытваць паказанні, піша nn.by.

Брынзу вінавацяць у падпале кватэры, у якой, паводле версіі абвінавачвання, Вазняк захоўваў вялікую суму грошай. Сам Вазняк ад тых грошай адмаўляецца.

10:05 Пачаўся сёмы дзень судовага паседжання. Андрэй Дзмітрыеў у сваім твітэры адзначыў, што сёння на суд не з'явіліся маладыя людзі, якія называюць сябе студэнтамі і звычайна займаюць некалькі апошніх шэрагаў у зале паседжання.

Як паведамляе nn.by, слова адразу ўзяў Някляеў. Ён нагадаў суддзі пра 16-я ўгодкі рэферэндуму па пытанні дзяржаўнай мовы, які адбыўся 14 траўня 1995 г. "Толькі па прычыне такога рэферэндуму я маю прычыны не давяраць сённяшняй уладзе", — заявіў Някляеў.

У залу суда прывялі сведку па справе Сяргея Вазняка наконт ілжэсведчання. Той у кайданках, з аховай, бо ўтрымліваецца пад вартай па іншай справе.

13 траўня

17.45 Абвешчаны перапынак да 10.00 14 траўня.

16:45 Адвакат Віталя Рымашэўскага заявіў яшчэ пяць сведак са свайго боку. Суддзя Жукоўская задаволіла хадайніцтва. "Каб ніякім чынам не прыцясніць інтарэсы Рымашэўскага. Калі сведкі тут, то мы можам іх апытаць", — перадае nn.by словы суддзі. Зараз будзе дапытаны прадпрымальнік з Оршы Яўген Анішчанка.

16.06 Наступны сведка — Генадзь Бураўкін, перадае Радыё "Свабода". Быў даверанай асобай Някляева. Лічыць, што Някляеў — выдатны паэт еўрапейскага ўзроўню, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, якую атрымаў у найноўшы час. Песні гучаць па ўсёй краіне. Быў кіраўніком Саюзу пісьменнікаў, кіраўніком ПЭН-цэнтру. Гэты чалавек можа прэтэндаваць на самую высокую пасаду ў гэтай краіне. І маральную, і палітычную пазыцыю Някляева падтрымлівае.

15:54 Таццяна Процька расказвае, чым займалася у межах кампаніі "Гавары праўду!". На яе думку, як перадае nn.by, Някляеў вельмі позна прыняў рашэнне ўдзельнічаць у выбарах. Яна мяркуе, што Някляеў прыняў рашэнне толькі пасля ператрусаў і арыштаў у маі 2010 года.

15:23 Наступны сведка -- педагог Уладзімір Колас, перадае nn.by. Колас расказаў як праходзіла акцыя 19 снежня. Паведаміў, што да канца дэманстрацыі не дабыў, бо бачыў, што няма агульнага плана і нічога цікавага там не адбывалася. Разам з тым сведка Колас зазначыў, што людзі былі пазітыўна настроеныя.


14:53 Наступная сведка -- Таццяна Караткевіч. Яна была сябрам ініцыятыўнай групы Някляева, прымала удзел у працы штаба. Яна кантактавала з МУС, КДБ і Мінгарвыканкамам. Сведка распавяла, што ў прыёмных гэтых установаў адмовілі Някляеву ў сустрэчы з іх кіраўніцтвам.


Някляеў падчас допыту Караткевіч паведаміў суддзі, што спробы сустрэцца з кіраўніцтвам МУС і КДБ былі зробленыя яшчэ да атрымання папярэджання ад Генпракуратуры.


nn.by перадае словы Караткевіч: "Я чула, як людзі ў чорным абмяркоўвалі паміж сабой збіццё Някляева. "Ты яго забіў", -- сказаў адзін з іх другому. Потым яны праверылі ў Някляева пульс, ударылі некалькі разоў яго нагамі у жывот і сышлі".

14.02 Пасля перапынку слухаюць сведку кіроўцу аўтобуса маршрута №100 Казлоўскага, інфармуе Радыё "Свабода".

12.34 Выступілі сведкі Алег Шабетнік і Уладзімір Ганчарык.


Наступны сведка - Рыгор Кастусёў. Распавядае пра сваю скаргу пра парушэнні падчас выбарчай кампаніі, перадае Радыё "Свабода". Прыводзіць канкрэтныя прыклады прымусовага датэрміновага галасавання навучэнцаў і студэнтаў пад наглядам выкладчыкаў - усяго 260 старонак. Гэта канкрэтныя дакументы, факты, лісты. Інфармацыяй пра парушэнні дзяліўся з іншымі кандыдатамі. Пракурор пытаецца пра шэсце 19 снежня. У шэсці ён удзельнічаў. Чуў лозунгі "Жыве Беларусь!". Сам ішоў па ходніку.


Яшчэ на самых першых сустрэчах з выбарцамі зразумеў, што выбары будуць сфальсіфікаваныя. У размовах і сустрэчах па выпрацоўцы агульнай канцэпцыі Плошчы не ўдзельнічаў. Кажа, што загадзя агульнай канцэпцыі не было. Пра збіццё Някляева даведаўся на Кастрычніцкай плошчы. Абураны быў, што збіццё адбылося яшчэ падчас галасавання, хаця ў гэты час кандыдат павінен быць абаронены законам.

11:53 Тым часам Фядуту стала дрэнна. Ен папрасіў невялікі перапынак у працэсе. Суддзя дазволіла.


11:23 Сведчыць Ніна Пахлопка, якая была намесніцай кіраўніка руху "Наперад!", які праводзіў кампанію "Гавары праўду!". Яна распавядае пра дзейнасць кампаніі, інфармуе nn.by.


Пахлопка: "Я ішла ззаду мікрааўтобуса. Бачыла ўсё, як кідалі шумавыя гранаты, як білі людзей, як забіралі апаратуру".


Пахлопка: "Бачыла як збівалі кіроўцу нашага мікрааўтобуса. Ён проста сядзеў за рулем, а яны разбілі шкло ў акне машыны, выцягнулі яго і пачалі біць дубінкамі. Бачыла як яго галава была у крыві. Гэта былі трэніраваныя людзі, без апазнавальных знакаў, у чорнай вопратцы".


Пахлопка распавяла цікавую дэталь. Яна кажа, што нападнікі былі без масак.

10.52 Сведка Ігар Сімбіроў ведае ўсіх абвінавачаных, кажа, што ўсе яны — асобы выбітныя. Адвакат распытвае, што такое кампанія "Гавары праўду!" і чым яна займалася. Ён яшчэ з 2001 года ведаў, што "мы прыйдзем на плошчу з кветкамі і шампанскім".


Распавядае, што ён рабіў 19 снежня. Быў у штабе на Нямізе, 42. Бачыў там Дзмітрыева, Фядуту, пазней падышоў Някляеў. Ён сам сядзеў за камп'ютарам. Увечары зьбіраліся ісці на плошчу віншаваць Някляева. У некаторых былі кветкі. У народа быў святочны настрой. Адчувалі, што могуць быць правакацыі. Яго задача была — атачыць аўтобус і абараняць яго, перадае Радыё "Свабода".


Ён бачыў, як літаральна ўразаецца ў калону машына ДАІ. Натуральна, народ кінуўся туды. Калі ён павярнуўся, убачыў выбух, народ разгубіўся. Ніякага супраціву не было. Перад ім амапавец у чорным разбіў шкло аўтобуса, кінуў Сімбірова на зямлю і наступіў ботам. Ён пачуў крык: "Апаратуры ў аўтобусе няма!" Сімбіроў кажа, што, адназначна, гэта былі сілавыя структуры. Было шмат людзей з камерамі, журналістаў. Калі гэтыя "пачвары" зніклі, людзі пачалі крычаць, што Някляеў беспрытомны. Збіўшы людзей, яны зніклі.


Перад аўтобусаў ляжаў змяты, збіты Някляеў, яшчэ чалавек 5 збітых ён бачыў. Засталося чалавек 40, якія вырашылі ісці на плошчу. Ён меў намер таксама ісці і распавядаць, што адбылося з Някляевым. На плошчы Кастрычніцкай ён быў. Не зусім зразумеў, як людзі апынуліся на праезнай частцы. Заклікаў ісці на плошчу ён не чуў. Лаянку чуў толькі ад людзей у чорным.

10.40 Выступае сведка Сяргей Анікееў. Збіраў подпісы за Някляева. Кіроўца "Фальксвагена" сіне-зялёнага колеру. 19 снежня стаяў каля офісу, ездзіў у краму па ежу для тых, хто быў у офісе. Адвакат Букштынаў распытвае яго пра падзеі на вуліцы Калектарнай. Там стаяў яшчэ адзін мікрааўтобус белага колеру. Калона зрушылася, і ён зайшоў у офіс папіць гарбаты. Чуў выбухі. Потым прыбеглі параненыя людзі. Някляева прынеслі на рухах, ён быў моцна збіты. Людзі распавядалі, што на іх напалі людзі ў чорным. Някляеву выклікалі хуткую дапамогу. Яшчэ ў чалавек 10-15 былі пашкоджанні. Някляеў быў нейкі час у непрытомным стане. Медыкі яго павезлі ў шпіталь. Сведка потым хацеў паехаць дадому, але яго спыніла машына ДАІ. Людзі ў чорным не прадставіліся, сілай выцягнулі яго з аўтамабіля. Забралі намёт, 10 настольных лямпаў. Дагэтуль нічога не вярнулі, перадае Радыё "Свабоды".


Намёт потым ён бачыў па Беларускай тэлевізіі. Але ён ляжаў ў іншым мікрааўтобусе зялёнага колеру, але не ў яго аўто. Там яшчэ была каністра сіняга колеру, гукаўзмацняльная апаратура, кажа Анікееў, кіроўца зялёнага аўто.

10.16 Працэс аднавіўся. У залі Часовы павераны ў справах ЕС у Беларусі Жан-Эрык Хольцапфель, паэт Леанід Дранько-Майсюк і філосаф Валянцін Акудовіч.


Ранішняе паседжанне пачалося са слуханняў сведкаў, перадае Радыё "Свабода". Марыя Садова распавядае, як Барысаў прапаноўваў ёй збіраць за яго подпісы. Таксама ёй прапаноўвалі збіраць подпісы за Рымашэўскага і Някляева. Багуслаў Унгур абяцаў прыстойную аплату — 1 долар і болей за подпіс. Подпісы збірала. За подпісы Рымашэўскага аплату атрымала. Распавядае, як хадзіла па кватэрах, збірала подпісы, падпісныя лісты перадавала Барысаву.

Пра факты перадачы грошай сведка адмаўляецца гаварыць. Людзям, якія ставілі подпісы, грошай яна не давала. Рымашэўскі робіць заяву, што лісты, завераныя гэтай зборшчыцай, у ЦВК не здаваліся. Такога прозвішча ў яго ініцыятыўнай групе няма.

12 траўня

Аб'яўлены перапынак да 10.00 13 траўня.

17.30 Пракурор зачытвае характарыстыкі на Андрэя Дзмітрыева. Далей ідзе пералік выпісак, пратаколаў, іншых дакумэнтаў. Змест іх пракурор не зачытвае, паведамляе Радыё Свабода.

16.20 Зноў фігуруюць расшыфроўкі праслухоўвання тэлефонных размоваў Вазняка ў лістападзе - сьнежні 2010 года. Зноў ідзе пералік пратаколаў агляду кампакт-дыскаў, згадваецца размова Вазняка з нейкай жанчынай ў верасні, перадае Радыё "Свабода". Суддзя пытаецца, пра якія грошы ідзе гаворка. Вазняк кажа, што не памятае такой размовы, пытаецца, з чаго ўзялі, што гэта ён: узоры голасу не браліся, экспертыза голасу не рабілася.

15.45 Пратаколы асабістага ператрусу Фядуты і перадачы асабістых рэчаў ад ягонай жонкі. Характарыстыка Фядуты з СІЗА КДБ: заўваг да яго не было, дысцыпліну не парушаў. Чытаюць характарыстыку з ЕГУ: Фядута - таленавіты даследчык, адзначаюцца выдатныя якасці навукоўца. Падпісалі яе 6 чалавек - прафесары і дацэнты.


Пратакол затрымання Вазняка, пералік іншых дакументаў, характарыстык. Пратакол праслухоўвання размоваў з Калякіным і Мілінкевічам. У размове ўзгадваюцца амбасадары Нямеччыны і Нідэрландаў. Развагі пра ролю Масквы.


Фядута просіць запрасіць Мілінкевіча ў якасці сведкі, бо чытаюць яго размовы. Мілінкевіч можа прыбыць праз гадзіну. Рэакцыі няма, адзначае Радыё "Свабода". Пракурор зноў чытае запісы размоваў Вазняка, пералічвае пратаколы агляду сайтаў, праслухоўвання аўдыёфайлаў. 

15.00 Пракурор зноў зачытваў тэлефонныя размовы Фядуты ўвечары 19 снежня. Наступная размова - з жанчынай па імені Вольга. Фядута кажа жанчыне, каб перадавала фразу "Нашы ўвайшлі ў дом ураду".


Пракурор скончыў чытаць тэлефонныя размовы Фядуты, перадае Радыё "Свабода". Адвакатка ўдакладняе, што а 19-й гадзіне на тэлефон Фядуты паступіў званок з тэлефона, зарэгістраванага на Амбасаду Каралеўства Швецыі ў Беларусі. І размову запісалі і далучылі да матэрыялаў справы. Адвакат таксама кажа, што чыталі размовы з Процькай і Бураўкіным, якіх мяркуюць яшчэ слухаць у якасьці сведкаў па справе.


Далей пракурор пералічвае, што яшчэ ў матэрыялах справы: пратакол ператрусу, што адбыўся ў кватэры Фядуты, што вынята. Флэшкі, фатаграфіі, лісты паперы, візітоўкі, ноўтбук, зараднае прыстасаванне, зноў флэш-карты, даверанасць ад Някляева. Фядута ўдакладняе: ён давераная асоба Някляева, і весці справы Някляева мог весці ён, калі што здарыцца з Някляевым. Гэта сведчыць пра тое, што Фядута нікуды не збіраўся збягаць пасля выбараў. І затрымліваць яго не было падставаў.

14.00 Пасьля перапынку зноў пачалі слухаць паказанні сведкаў. Сведка Чарнабаеў, супрацоўнік ДАІ, інфармуе Радыё "Свабода". 19 снежня быў на службе на Кастрычніцкай плошчы. Кандыдаты ў прэзідэнты спрабавалі дамовіцца з начальнікам ДАІ, каб дазволілі калоне ісці па праезнай частцы. Не дамовіліся. Народ выйшаў на праезную частку. Рух транспарту на праспекце быў спынены на некаторы час. Пазнаў Рымашэўскага. Называў прозвішчы перамоўшчыкаў - Саннікава, Статкевіча, Уса. Прызнае, што не ўсе маглі чуць паведамленні пра несанкцыяваны характар акцыі, бо на плошчы было шумна. Адвакатка пытаецца пра нараду: якія мэты ставіліся начальствам, калі яны заступалі на службу? Сведка кажа, што інструктавалі, каб фізічную сілу не выкарыстоўвалі, гумавыя палкі ды іншую зброю таксама. Кажа, што канкрэтных указанняў не было, дзейнічалі па абстаноўцы.

12.35 У судзе зачытваюць праслухоўванне тэлефонных размоваў Фядуты. Прынамсі, ёсць размовы з 26 лістапада і 19 снежня, інфармуе Радыё "Свабода".


19 снежня размова з жанчынай Таццянай: дамаўляюцца, дзе і калі арганізаваць прэс-канфэрэнцыю з назіральнікамі ў 16 гадзін. Фядута кажа, што а 20-й ён будзе на плошчы. Жанчына кажа, што АМАП ужо рыхтуецца, трэба быць заўсёды з пашпартам. Размова з Генадзем Мікалаевічам, Фядута кажа, што нашых людзей пачалі затрымліваць. Зноў размова з Тацянай Сяргееўнай: Фядута кажа, што збіраецца на плошчу. З боку жанчыны гучыць некалькі не вельмі прыемных рэплік на адрас Някляева.

12.15 У суд прыйшоў у якасці сведкі Аляксандр Мілінкевіч, перадае Радыё "Свабода". Пракурор супраць заслухоўвання яго паказанняў. Адвакаты настойваюць на запрашэнні Мілінкевіча на судовае паседжанне. Фядута абгрунтоўвае неабходнасць заслухаць Мілінкевіча. Свае довады прыводзіць і Вазняк. Суддзя вытрымала паўзу і адмовіла заслухаць Мілінкевіча.

12.15 У суд прыйшоў у якасці сведкі Аляксандр Мілінкевіч, перадае Радыё "Свабода". Пракурор супраць заслухоўвання яго паказанняў. Адвакаты настойваюць на запрашэнні Мілінкевіча на судовае паседжанне. Фядута абгрунтоўвае неабходнасць заслухаць Мілінкевіча. Свае довады прыводзіць і Вазняк. Суддзя вытрымала паўзу і адмовіла заслухаць Мілінкевіча.

11.45 Пракурор пераходзіць да пятага тому справы: там пастановы затрымання абвінавачаных, перадае Радыё "Свабода". Пракурор хацеў агучыць пратакол гуказапісу размовы Фядуты з супрацоўнікам КДБ. Някляеў жорстка пярэчыць: гэта проста была прыватная размова, іх папярэджвалі, што гэта была амаль інтымная гутарка. Вазняк таксама абураецца. Адвакаты падтрымліваюць, што недапушчальна уключаць такія дакументы ў матэрыялы справы.


Размова 24 снежня Фядуты з супрацоўнікам КДБ Русланам Івановым у следчым ізалятары КДБ. Адвакат просіць выключыць з матэрыялаў справы ўсе гутаркі супрацоўнікаў КДБ з абвінавачванымі ў перыяд знаходжання ў ізалятары, бо гэтыя матэрыялы следства атрыманыя незаконным шляхам.

10.50 Ідзе пералік кампакт-дыскаў рознага колеру, пакетаў. Пратаколы канфіскацыяў. Пратакол ператрусу ў Святланы Навумавай. Канфіскаваныя 2 камп'ютары, пісьмовы зварот да ўраду Расійскай Федэрацыі і Еўрасаюзу.

 
Суддзя робіць апошняе папярэджанне Рымашэўскаму, адзначае Радыё "Свабода". Пракурор заяўляе, што паводзіны Рымашэўскага дэманструюць непавагу да суда, бо Рымашэўскі жаваў шакаладку. Рымашэўскі пратэстуе.

10.30 Пракурор працягвае зачытваць пісьмовыя матэрыялы справы. Доўга гартае старонкі справы, не можа знайсці. Адвакат Сідарэнка просіць агучыць яе скаргу на імя старшыні Вярхоўнага Суда і іншых службовых асобаў на тое, што ёй не дазвалялі цягам снежня і студзеня сустракацца са сваім падабаронным, калі той знаходзіўся ў ізалятары КДБ. Някляеў дадае, што ў той час яго дапытвалі без адваката, а гэта грубае парушэнне закону, ён тройчы пісаў пракурору, але ніводная скарга не далучаная да матэрыялаў справы. Пракурор зачытвае пратакол ператрусу ў Някляева ў кватэры, інфармуе "Свабода".

10.05 Працэс адноўлены. Прысутнічаюць прадстаўнікі АБСЕ.


Някляеў заяўляе хадайніцтва. Дакументы і матэрыялы, якія зачытваліся ўчора, тычыліся кампаніі "Гавары праўду!" і да гэтай справы яны не маюць адносінаў. Ніякай крымінальнай справы ў дачыненні да кампаніі няма, таму яны павінны быць вынятыя з матэрыялаў гэтай справы, ці, прынамсі, не павінны зачытвацца ў гэтым працэсе. Суддзя адказала, што гэтае пытанне яна будзе вырашаць ў дарадчым пакоі.


Фядута таксама выступае з хадайніцтвам выклікаць ў якасці сведкі кіроўцу "Фальксвагену". Пракурор супраць. Адвакат Някляева Тамара Сідарэнка абгрунтоўвае неабходнасць, але пракурор зноў пярэчыць.


Дарэчы, 12 траўня Андрэй Дзмітрыеў адзначае свой дзень нараджэння.

11 траўня

18.30 Абвешчаны перапынак да 10.00 12 траўня.

18:00 Суддзя робіць заўвагу абвінавачаным Рымашэўскаму і Палажанцы за размовы падчас паседжання і просіць унесці ў пратакол. Пракурор зачытвае пратаколы агляду дыскаў. На адным дыску — запіс выступу Някляева на Беларускім радыё. Пракурор падкрэслівае, што ў выступе — заклікі прыйсці на плошчу, паведамляе Радыё Свабода.

17:45 Наступны дакумэнт — Перспэктывы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Структура электарату, падзенне рэйтынгу Лукашэнкі і г д. Пракурор чытае пра магчымыя варыянты развіцця падзеяў. Разлік бюджэту — 16 з паловай мільёнаў долараў ЗША. Ёсць разлікі ўтрымання людзей на плошчы, і харчаванне. Фядута кажа, што гэта чарнавік, і гэты дакумэнт не павінен быць прыняты пад увагу пры разглядзе справы. Суддзя дае каманду пракурору чытаць далей.

17:25 Працягваецца агучванне пісьмовых матэрыялаў справы. Пракурор чытае вытрымкі з дакументу "Гавары праўду" пра тое, як перадаюцца грошы. Што рабіць пры перасячэнні мяжы. Як выконваць захады бяспекі.


17:15 Сведка Дземідовіч, кіроўца аўтобусу, кажа, што на праспекце стаяла людская калона, ДАІ накіравала аўтобус на вуліцу Гарадскі Вал, потым на Нямігу і далей да Палаца спорту.


16:55 У судзе зноў слухаюць сведкаў, расказвае Радыё "Свабода". Дзмітры Кудраўцаў, сябра ініцыятыўнай групы Някляева, кажа, што ў снежні 2010 года яго затрымлівалі. У гаражы, які ён арандаваў, аказалася друкаваная прадукцыя, якую папрасіў патрымаць сябар. Колькі прадукцыі было, сказаць не можа. Лічыць, што падставаў абшукваць гараж у супрацоўнікаў міліцыі не было. Была фота- і відэаздымка, але пратаколы не складаліся, прадукцыя не пералічвалася.

16:35 Абвінаваўца зачытвае дакументы, датычныя кампаніі "Гавары праўду!" і выбарчай кампаніі. Пералічвае сцэнары, пры якіх абставінах які з іх будзе рэалізоўвацца. Маўляў, плошча стаіць да той пары, пакуль Лукашэнка не пагодзіцца на перамовы. Наступны дакумэнт - дастаўка грошай у Беларусь, пералічаны варыянты. Тлустым шрыфтам - легалізацыя грошай. Наступны дакумент зноў пра фінансавыя ўмовы праекту. Някляеў запытваецца, якое дачыненне маюць гэтыя дакумэнты да абвінавачвання? І сам адказвае, што ніякага. Перапынак 5 хв.


16.15 18 снежня патэлефанаваў карэспандэнт "Свабоды" Каліноўскі... Тут Някляеў перапыніў. Кажа, што размовы, якія агучылі, не маюць дачынення да справы, перадае Радыё "Свабода". Адна з мэтаў гэтага - пасварыць апазыцыю. Пракурор працягвае чытаць размову з Каліноўскім.


16.00 12 снежня а 14-й тэлефанаваў Алесь Дашчынскі з Радыё Свабода, пытаецца, што цікавага, што новага. Дашчынскі пытаецца пра пазіцыю Някляева наконт датэрміновага галасавання. Някляеў раіць не хадзіць. Зачытваюць расшыфроўкі тэлефоннага інтэрв'ю Някляева расійскай радыёстанцыі "Коммерсант ФМ".


15:50 Рымашэўскі абураецца: ён не хоча слухаць прыватныя размовы людзей, просіць пазбавіць яго ад гэтага. Суддзя пярэчыць: справа агульная. Пракурор працягвае чытаць расшыфроўку тэлефонных размоваў. Някляеву тэлефануе "Народная Воля", пытаецца, з кім ён раіўся.

15:40 Пракурор чытае пісьмовыя паказанні Уладзіміра Някляева, даведкі, пратаколы, перадае Радыё "Свабода". З санкцыі намесніка генпракурора Конана праслухоўваліся тэлефонныя размовы Някляева па некалькіх мабільных тэлефонах. Пракурор зачытвае расшыфроўкі перамоваў напярэдадні выбараў паміж Саннікавым і Някляевым.

15:15 Выступілі сведкі. Сяргей Лукашоў паведаміў, што прадаў незнаёмаму хлопцу "фальксваген", які потым паказалі па тэлевізары з абрэзкамі арматуры. Сведка Вернікоўскі распавёў, што як кіроўца аўтобуса трапіў у людскі затор на праспекце.


Сведка Пётр Барысаў распавёў, што калі не змог вылучыцца кандыдатам у прэзідэнты, то пачаў збіраць подпісы за Някляева. Ведаў, што за подпісы плацяць. Гаворка ішла пра сумы ад 1,3 да 1,7 долара за подпіс. Яму абяцалі іншыя зьбіраць подпісы за Някляева, але "гулялі з ім у кошкі-мышкі". Звяртаўся да адказных па Фрунзенскім раёне і Мінску. Ён асабіста сабраў каля 800 подпісаў, але здаў 120. Але не было паразумення. Ён паслаў ліст з паведамленнем Някляеву, перадае Радыё "Свабода". Някляеў сказаў Барысаву, што трэба параіцца. Ён зьдзівіўся: для такога "грашовага мяшка" нейкая тысяча долараў, і ён сам не можа вырашыць пытанне? Барысаў звяртаўся ў суд Ленінскага раёна з пазовам "за нанясенне маральнай шкоды".


Наступны сьведка Сяргей Мартус. Кіроўца аўтобуса маршруту №1. Вымушаны быў змяніць маршрут 19 снежня ўвечары, бо натоўп выйшаў на праезную частку. Ніхто з пасажыраў аўтобусу не абураўся. 
Іншыя сведкі прыбудуць у суд пазней. Суддзя прыняла рашэнне прыступіць да вывучэння пісьмовых матэрыялаў справы. Пракурор пачынае чытаць дакументы.

12.00 Дапыталі дырэктара друкарні, які друкаваў выбарчыя матэрыялы для Някляева і Саннікава. Ён адзначыў, што дамовы на друк падпісвала старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына. Па яго словах, уся гэтая прадукцыя узгаднялася ЦВК, і калі там былі нейкія заклікі, то за гэта мусіь адказваць Ярмошына. Дырэктар друкарні заяўляе, што ЦВК не даваў грошы на друк, пакуль не будуць узгодненыя макеты прадукцыі.

11.45 На суд не з'явіўся адзін са сведкаў — супрацоўнік ДАІ: ён на бальнічным. З падачы пракурора суддзя вырашыла зачытаць пісьмовыя паказанні ў адсутнасць сведкі. Паводле яго сведчанняў, кандыдаты ўзначалілі калону, з натоўпу гучалі заклікі перакрыць рух. 

11.20 Марціновіч гаворыць у судзе па-беларуску. Распавядае, што Фядута забараняў студэнтам ЕГУ ісці на Плошчу, казаў: калі вас там пабачу, то ўсих паадлічваю. Па словах Марціновіча, Фядута не заклікаў на Плошчу, а нават забараняў туды ісці, бо ён вельмі адказны чалавек. Прысутных павесяліла гэтая фраза.

11.15 Выступіў Пётр Марцаў. Ён распавёў, што разам са Святланай Навумавай распрацоўваў для някляеўскай кампаніі канцэпцыю прыходу да ўлады, а таксама праграму новай палітычнай сілы. Кажа, што меркаваўся ўдзел у парламенцкіх выбарах 2012 года. Марцаў кажа, што Някляеў не ўзяў яго канцэпцыю на ўзбраенне.

Наступны сведка - журналіст Віктар Марціновіч.

10.41 Па словах Луканіна, Рымашэўскі заклікаў не рабіць правакацыі і не биць шкло. А таксама прасіў, каб міліцыянты не білі людзей. 

10.31 На працэсе дапыталі праваабаронцу Насту Лойку і юрыста пратэстанцкай царквы "Новае Жыццё" Сяргея Луканіна, перадае карэспандэнт Еўрарадыё Віталь Ругайн. Луканін распавёў, што нецвярозым быў правакатар, якога здалі міліцыі.

10.00 У зале суда прысутнічаюць прадстаўнікі АБСЕ, амбасадар Швецыі Стэфан Эрыксан. Не з'явіўся адвакат Дзмітрыева — і адразу ж суддзя абвясціла перапынак на 5 хвілін для высвятлення месца знаходжання абаронцы, паведамляе Радыё "Свабода".

10 траўня

18.30 Абвешчаны перапынак да 10.00 11 траўня

16.05 Выступілі сведкі даішнікі Ігнацьеў і Паўлюковіч. Яны затрымлівалі на вуліцы Калектарнай мікрааўтобус, які ехаў са штабу Някляева.


Паўлюкевіч распавёў, што прысутнічаў пры даглядзе мікрааўтобуса, бачыў там апаратуру. Паўлюковіч кажа, што затрымалі калону і паклалі ўсіх тварам у снег людзі ў чорнай форме. Яны крычалі, што яны міліцыя. На пытанне, колькі іх было, кажа, што не лічыў.


Як яны наводзілі парадак, пытаецца адвакат. Сведка: "Загад быў класціся на зямлю. Вось так і дзейнічалі".

14:08 Пасля перапынку працэс аднавіўся. Чацвёрты сведка - адзін з даішнікаў, які спрабаваў агледзець мікрааўтобус з гукаўзмацняльнай апаратурай. "У нас была інфармацыя, што ў мікрааўтобусе могуць быць выбухованебяспечныя рэчы. Быў загад затрымаць мікрааўтобус", - перадае nn.by словы даішніка.


Ён кажа, што не было магчымасці прайсці непасрэдна да мікрааўтобуса, бо было шмат людзей: "Пасля спробы спіхнуць нашу машыну, пачуліся выбухі выбуховых пакетаў. Супрацоўнікі міліцыі, якія з'явіліся на месцы падзей, нікога не затрымлівалі. Яны ўскрылі мікрааўтобус. Я не бачыў, што яны там знайшлі".

Падводзячы вынікі першай паловы дня, Сяргей Вазняк у каментары Еўрарадыё заявіў: "Мы, абвінавачаныя, падаецца, нармальна пачуваемся. Ні ў кога няма ўпадку духу. На жаль, не задавальняюцца хадайніцтвы, які робіць наш бок абароны. Сёння, самае крыўднае, адхілілі хадайніцтва Някляева пра тое, каб яму далі магчымасць сустракацца са сваімі дочкамі — ён пад хатнім арыштам. І вось гэта мяне па-чалавечы вельмі растроіла, бо я таксама бацька і ўяўляю, як яму цяжка".

13.00 Выступілі два даішнікі, якія паведамілі толькі пра тое, што 19 снежня людзі выйшлі на праезную частку праспекту Незалежнасці.

12.08 Някляеў і адвакаты выступілі з шэрагам хадайніцтваў. У прыватнасці, Някляеў хацеў, каб яму дазволілі сустракацца з дочкамі. Гэтае хадайніцтва суддзя адхіліла.


Таксама Някляеў хадайнічаў, каб выклікалі ў суд сведкамі Анатоля Куляшова і Аляксандра Лукашэнку, як людзей, якія кіравалі аперацыяй на плошчы. Фядута падтрымаў хадайніцтва, каб выклікалі Куляшова, адзначае Радыё "Свабода".


Аднак хадайніцтвы не задаволілі. Маўляў, Лукашэнка і Куляшоў – не сведкі.

10:50 Расказ Някляева пра падзеі 19 снежня перадае nn.by.


"А 16-й за мной пачалі сачыць. Некалькі чалавек аціраліся ля пад'езда. Але мы з іншымі кандыдатамі паехалі ў Генпракуратуру, каб запрасіць на Плошчу генеральнага пракурора і пратэставаць супраць незаконнага затрымання Змітра Дашкевіча. Гадзіну мы чакалі, але ніхто так і не выйшаў.


І менавіта ў Генпракуратуры мы дамовіліся з іншымі кандыдатамі аб мітынгу на Кастрычніцкай. Толькі аб гэтым, ні аб чым больш. Пасля генпракуратуры я паехаў у офіс і падрыхтаваў праект рэзалюцыі, якую хацеў агучыць на Плошчы. Займаўся гэтым да 19-й гадзіны.


Затым мы з офіса рушылі па вуліцы Калектарнай у бок Кастрычніцкай плошчы. Раптам вуліцу перагарадзіў аўтамабіль ДАІ, з яго выйшаў даішнік і стаў крычаць у натоўп, што ён хоча надгледзець наш мікрааўтобус з гукаўзмацняльнай апаратурай. Прычым да самога мікрааўтобуса яны чамусьці не падыходзілі... Калі я спрабаваў дастаць з кішэні пасведчанне кандыдата, то даішнік даў сігнал у бок мікрааўтобуса з танаваным шклом, які стаяў наводдаль.


Пасля пачалася сапраўдная вайна - выбухі, збіццё. У цэнтры Мінску збівалі кандыдата ў прэзідэнты, журналістаў, дзяўчат. Такога ў гісторыі яшчэ не было.


Зараз я ўзгадваю, што пасля ўдару па галаве мяне спрабавалі некуды завалачы за каўнер. Гэта сведчыць ад тым, што ім я таксама быў патрэбны. Пазней я страціў прытомнасць і ачуняў толькі ў офісе. Спрабаваў усё ж пайсці на Кастрычніцкую, але не змог. Адчуваў адказнасць за тых людзей, якіх заклікаў пайсці туды".

10.10 Уладзімір Някляеў назваў кандыдата ў прэзідэнты Яраслава Раманчука здраднікам. Пра гэта ў сваім твітэры паведаміў Андрэй Дзмітрыеў.

10.01 Аднавіўся працэс над Някляевым, Рымашэўскім і іхнымі паплечнікамі. У судовай зале з'явіўся Аляксандр Фядута, якога шпіталізавалі з мінулага паседжання. Някляева прывялі трое міліцыянтаў. За працэсам назіраюць прадстаўнікі АБСЭ, інфармуе Радыё "Свабода".


Някляеў адказвае на пытанні дзяржаўнага абвінаваўцы. Пракурор пацікавіўся, навошта Някляеў заклікаў народ на плошчу. На гэта палітык адказаў, што выбары былі недэмакратычнымі і плошча была адзіным варыянтам.

6 траўня

16.40 Аляксандра Фядуту забрала "хуткая". У судзе абвешчаны перапынак да 10 гадзінаў 10 траўня. Пра гэта паведаміў Андрэй Дзмітрыеў у сваім твітэры.

15:39 Някляеў завяршыў прамову. Ён кажа, што яго больш хвалюе не тое, што будзе з ім асабіста, а тое, што будзе з краінай. А лёс Беларусі цяпер у небяспецы, перадае яго словы Радыё "Свабода".


Пракурор папытаўся пра кампанію "Гавары праўду!" Някляеў кажа, што там ён быў лідэрам, але гэта розныя кампаніі - "Гавары праўду" і выбарчая.


Аляксандр Фядута адчуў сябе кепска і просіць дазволіць яму выйсці. У судзе абвешчаны перапынак на 15 хвілінаў. Як паведамляе ш твітэры Дзмітрыеў, Фядуту выклікалі хуткую.

13.00 Дзмітрыеў распавёў, што штаб Някляева спрабаваў падчас падрыхтоўкі акцыі 19 снежня скантактавацца з праваахоўнымі органамі. Але ім параілі звярнуцца пасля 20 снежня.


Кажа, што народ проста не мог ісці па ходніках ад Кастрычніцкай да Плошчы Незалежнасці, настолькі шмат было людзей. Кажа, што лепш зарабіць адміністрацыйнае парушэнне, чым паўтарыць трагедыю, падобную на Нямігу-1999.

Дзмітрыеў таксама заявіў, што кампанія "Гавары праўду!" не фінансавала працу штаба Някляева, піша nn.by. Палітык адмовіўся адказваць на пытанні пракурора, якія датычаць кампаніі "Гавары праўду!".

Ён заявіў пракурору, што працягваў заклікаць людзей выйсці на Кастрычніцкую плошчу і пасля вынясення папярэджання ад Генпракуратуры: "Існуюць такія гістарычныя моманты, якія прадугледжваюць адступленні ад устаноўленых правілаў".

11:33 Пачаўся допыт Андрэя Дзмітрыева. Ён кажа, што прызнае віну часткова. У ягонай дзейнасці ёсьць эпізоды непадпарадкавання, заклікі да ўдзелу ў несанкцыяваным мерапрыемстве.


Аднак шмат з чым Дзмітрыеў не згодны, інфармуе Радыё "Свабода". Ён кажа, што нельга змешваць дзейнасць кампаніі "Гавары праўду" і выбарчай кампаніі Уладзіміра Някляева. Дзмітрыеў кажа, што выбары прызнаюцца згодна з міжнароднымі стандартамі. Гэта не залежыць ад меркаванняў таго ці іншага кандыдата. Пагатоў, "Гавары праўду" ніколі не заклікала да ўвядзення візавых санкцыяў.


Па словах Дзмітрыева, "Гавары праўду" – сацыяльная кампанія, ніхто не атрымліваў прыбытку.

11:15 Пракурор удакладняе, дзе ішоў Рымашэўскі падчас руху калоны. Палітык распавядае пра перамовы з супрацоўнікамі ДАІ каля Кастрычніцкай, каб дазволілі ісці па праезнай частцы. Тыя настойвалі, каб людзі ішлі па ходніках. Пракурор не зразумеў, што азначнае слова "ходнік". Рымашэўскі заклікаў яго вывучаць беларускую мову, перадае Радыё "Свабода".


Пракурор пытаецца, у чым канкрэтна Рымашэўскі прызнае віну часткова. У адказ палітык кажа, што не зусім разумее кваліфікацыю віны. Лічыць, што не было грубага непадпарадкавання супрацоўнікам улады.

10.20 Пачаўся другі дзень суда. Перад пачаткам паседжання Віталь Рымашэўскі выгнаў з залы суда відэакамеры БТ. Як перадае nn.by, палітык крычаў: "Я не хачу, каб вы мяне здымалі".


Пачаўся допыт Рымашэўскага, ён пагадзіўся даваць паказанні і заявіў, што мае заўвагі да абвінавачання. Па яго словах, заклік збірацца на Плошчы не быў незаконным. Рымашэўскі выказаў незадаволенасць працэдурай выдачы дазволу на правядзенне масавых акцый. Кажа, што праз гэта нават не змог падаць заяўку: выявілася, што акцыя прызначаная на 20 гадзінаў, а гэта не трапляе ў межы выбарчай кампаніі.


Рымашэўскі зазначае, што на Плошчу 19 снежня запрашалі і генеральнага пракурора, каб ён мог упэўніцца ў мірным характары акцыі.

5 траўня

18.00 У судовым пасяджэнні абвешчаны перапынак да 10.00 6 траўня.

17.00 Ідзе допыт Аляксандра Фядуты. Ён адразу алдзначыў, што мае пытанні да выстаўленых яму абвінавачанняў. У першую чаргу да атаясамлення кампаніі "Гавары праўду!" і выбарчай кампаніі Някляева. Фядута лічыць, што гэта розныя кампаніі, і ў судзе нельга разглядаць дзейнасць кампаніі "Гавары праўду!", перадае Радыё "Свабода".

16:10 Абвінаваўца дапытвае Вазьняка па справе аб ілжэсведчаннях. Справа датычыць пажару ў знаёмай Вазняка, дзе ён нібыта пакінуў грошы. Сам Вазняк кажа, што не трымаў у згарэлай кватэры грошай, пра што заявіў следству, а толькі некаторыя асабістыя рэчы. Пазней следства выявіла, што там быў падпал, і там былі знойдзеныя грошы, паведамляе nn.by.


Перад гэтым Вазьняк заявіў, што пасля разгрому калоны Някляева ўдзельнічаў у мерапрыемствах Плошчы як звычайны журналіст, бо зразумеў, што планы "Гавары праўду" праваліліся.

15.15 Суд перайшоў да допыту абвінавачаных. Першым ідзе Вазняк, апошнімі - Дзмітрыеў і Някляеў. 
Вазняк прызнаў, што заклікаў людзей выйсці на Плошчу. Кажа, што займаўся тым жа падчас выбараў 2006 года, калі працаваў у камандзе Мілінкевіча. У астатнім Вазняк свае віны не прызнае, перадае nn.by.

Вазняк адмовіўся адказваць на пытанні, датычныя дзейнасці "Гавары праўду!", бо лічыць іх не датычнымі да артыкула 342, па якім яго вінавацяць. Пракурор запытаў у Вазняка, чаму ён яшчэ да завяршэння выбараў пачаў лічыць іх недэмакратычнымі. На гэта палітык адказаў, што ад самага пачатку выбарнай кампаніі было шмат парушэнняў.

14.20 Перапынак скончаны, працэс аднавіўся. З'яўленне Някляева ў зале суда прысутныя віталі апладысментамі. Палажанка і Рымашэўскі спазніліся на паседжанне. Суддзя заявіла, што калі такое спазненне яшчэ раз паўторыцца, то яна будзе разглядаць магчымасць змены меры стрымання, адзначае nn.by.


Пракурор зачытвае абвінавачванне Рымашэўскаму.

12.40 Пракурор зачытвае абвінавачванні. Паводле іх Вазняк, Фядута, Дзмітрыеў і Някляеў абвіначваваюцца ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Пракурор мяркуе, што былі некалькі планаў развіцця падзей 19 снежня ў лідараў "Гавары праўду!", мэтай якіх "была змена ўлады ў краіне". Дзяржабвінаваўца таксама згадаў пра замежнае фінансаванне дзейнасці кампаніі.

Пракурор назваў месцы сустрэчы Дзмітрыева з замежнымі партнёрамі "Гавары праўду!". Паводле абвінавачвання, такія сустрэчы адбываліся ў Польшчы і Літве, а таксама на тэрыторыі Беларусі.

Паводле абвінавачвання, Някляеў атрымаў траўму галавы, калі разам з Дзмітрыевым вечарам 19 снежня на вуліцы Калектарнай у Мінску спрабаваў адсунуць машыну ДАІ. Пра напад на калону Някляева пракурор не сказаў ні слова, перадае nn.by.

Відэа: nn.by

12.00 Адвакат Букштынаў хадайнічаў, каб Някляеву змянілі меру стрымання — адмянілі хатні арышт. Суд адхіліў гэтае хадайніцтва.

Някляеў прасіў спыніць працэс, бо адсутнічае склад злачынства — суддзя адхіліла і гэтае хадайніцтва, перадае Радыё "Свабода".

Грамадскі пазоўнік "Мінсктранс" адмовіўся ад сваіх прэтэнзіяў. З гэтым пагадзіліся ўсе ўдзельнікі працэсу, у тым ліку і пракурор. Суддзя пайшла вырашаць, абвешчаны перапынак. Някляеў з-за радыкуліту ў перапынках стаіць. Кажуць, што на ім бандаж, што яму фізічна цяжка. Але вонкава ён трымаецца добра.

11.05 Суддзя не задаволіла адвод Палажанкі.

10.25  Суддзя Жукоўская забараніла здымкі ў зале суда, хоць усе падсудныя былі “за”. Як перадае Радыё "Свабода", Наста Палажанка заявіла пратэст суддзі Жанне Жукоўскай: маўляў, даю вам шанец не ўдзельнічаць у расправе. Тая пайшла раіцца.

10.15 На суд са спазненнем прыбыў Віталь Рымашэўскі. Шукаць яго выйшаў супрацоўнік суда, які крычаў: "Абвінавачаны Рымашэўскі! Дзе вы? Суд пачынаецца!"

На працэс прыйшло шмат народу. Падтрымаць палітыкаў прыйшлі Генадзь Бураўкін, Анатоль Лябедзька, Сяргей Калякін, Валеры Ухналёў, прадстаўнікі БАЖу.

Як перадае карэспандэнт Еўрарадыё, Дзмітрыеў, Вазняк і Фядута на суд прыйшлі самі. Усе трое кажуць, што не чакаюць справядлівага прысуду. Вазняк адзначыў, што вінаватымі сябе палітыкі не адчуваюць.

Каб трапіць у залу суда, даводзіцца прайсці падвойны кантроль. На першым кантролі прапускаюць праз рамку металашукальніка, дзе правяраюць усе рэчы і запісваюць прысутных. Перад самой залай суда стаіць яшчэ адзін міліцэйскі кантроль. 

Фота: AFP

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі