Суд адхіліў відэасведчанні індусаў пра катаванні ў Брэсце

130116_mickevichkoush.mp3

Да 15 студзеня судовае разбіральніцтва па справе Каўша тройчы адкладвалася. Апошнім разам з-за таго, што ў суд не з’явіўся пракурор.

Гэтым разам суддзя Брэсцкага раённага суда Мікалай Сенька заслухаў панятых, якія падпісвалі пратакол следчых дзеянняў па спробе незаконнага перасячэння мяжы індусамі-канатаходцамі. Сталі відавочныя значныя разыходжанні ў часе. Паводле пратакола індусаў затрымлівалі 6 ліпеня цягам 20 хвілін, “з 14.00 да 14.20”, сведкі затрымання казалі пра тое, што афармленне справы доўжылася “каля 4 гадзін”.

Суддзя не задаволіў хадайніцтва адваката Паўла Алесіка, каб далучыць да матэрыялаў справы відэаролікі з інтэрнэту, у якіх індусы сцвярджаюць, што іх марылі голадам ў следчым ізалятары і прымусілі агаварыць невядомых людзей. Відэаролік — асноўны доказ невінаватасці Віталя, бо выклікаць дэпартаваных індусаў як сведак складана, яны адразу “будуць арыштаваныя за ўезд на тэрыторыю Беларусі”.

Пакуль на судзе сведкам выступіў сяржант-памежнік Мікалай Д. , які ноччу з 14 на 15 траўня знайшоў лодку і трос. Маці Віталя Каўша памежнік распавёў пра тое, што індусы ўказвалі на іншага чалавека з Масквы, які нібыта прыязджаў у Індыю, і абяцаў за плату перавесці іх у Еўропу:

Два студэнты з тых індусаў на ламанай англійскай гаварылі. Пакінулі сведчанні пісьмовыя. І мне казалі пра чалавека з Масквы, які прыехаў да іх у Індыю, назваўся Нокіем і прапанаваў паехаць у Еўропу. Грошай назбіралі, і іх забралі. Называлася лічба ў 12 тысяч долараў з кожнага.


Паводле слоў сяржанта памежных войскаў, у Беларусі індусаў, нібыта, мусілі сустрэць двое праваднікоў. Памежнік упэўнены, што Віталь Коўш, які не ведае памежную тэрыторыю, з такой працай бы не справіўся:

 “Калі ён не служыў тут, дык пра што казаць. Бо трэба ведаць мясцовасць. Ёсць свае асаблівасці, дзе ісці і як. Яны і прыкметы сказалі чалавека: залаты зуб, ходзіць кульгаючы, у нашай форме быў памежнай. Той, які кульгае, якому 55 гадоў [аб’яўлены ў вышук Аляксандр Варвашэня — рэд. ЕРБ] — ён ужо трэці раз трапляецца на мяжы на гарачым. Мінулы раз на 14-й заставе яго з вяроўкі знялі. Пасадзілі. Выйшаў, і зноў на мяжу”.


Паводле спецыяліста, канал маглі забяспечыць былыя памежнікі, бо ведалі усе нюансы мяжы. Таксама незразумелая сітуацыя са следчым эксперыментам, падчас якога хтосьці падкінуў пашпарты індусаў на аўтобусны прыпынак каля вайсковай часткі:

 “І з пашпартамі індусаў характэрна. Калі іх вывозілі [на следчы эксперымент — ЕРБ], нехта падкінуў іх на аўтобусны прыпынак каля часткі. Значыць, ведаў”.


Пакуль пытанняў па справе Каўша болей чым адказаў. Наступнае судовае пасяджэнне прызначанае на 30 студзеня. Суддзя паабяцаў “выклікаць і заслухаць усіх сведак, якія знаходзяцца ў Беларусі”.

Спецыяльна для праваабарончай праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі