Сталічная ДАІ праводзіць рэйд па аўташколах

У Мінску 66 аўташкол, і менавіта ад прафесійна арганізаванага працэсу навучання залежыць узровень падрыхтоўкі кіроўцаў. Гэта ў гутарцы з Еўрарадыё адзначае кіраўніца прэс-службы сталічнай ДАІ Таццяна Харлінская.

Харлінская: "Таму парушэнняў, як у адукацыйным працэсе, так і ў тэхнічным стане вучэбных транспартных сродкаў быць не павінна. Сталічная дзяржаўтаінспекцыя рэгулярна складае рэйтынг аўташкол, дзе не толькі ўлічвае працэнт здачы і пераздачы іспытаў, але і колькасць парушэнняў".

Летась было выяўлена больш за 450 парушэнняў у аўташколах. Як правіла, парушаюць правілы эксплуатацыі аўтамабіляў. Напрыклад, не ўключаюць блізкае святло, абавязковае для вучэбных аўто. ДАІ правярае і маршруты, бо часам вучэбнае аўто, адхіляючыся ад маршруту, заязджае, напрыклад, у краму. Рэдка, але трапляюцца і нецвярозыя інструктары. Напрыклад, аднаго такога ДАІ затрымала 2 дні таму.

Такія рэйды праводзяцца каля пяці разоў на год. Сёння сур'ёзных парушэнняў не выяўлена. У ДАІ кажуць, што сёлета ў параўнанні з такім жа перыядам летась парушэнняў у аўташколах стала значна меней.

Фота — stoptrafficking.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі