Слава Корань: Я не супраць выступіць з Akute. Але трэба парэпетаваць

“Генерал беларускага рока” і лідар гурта Ulis Слава Корань наведаў мінскі канцэрт гурта Akute. Новая праграма, з якой магілёўская каманда ездзіць па Беларусі, названая ў гонар песні Ulis “Як на далоні”. На сваіх выступах у межах тура, апроч уласных песень, Akute выконваюць два каверы на “улісаўскія” песні: “Як на далоні” і “Марнатраўны сын”.Такім чынам музыкі гурта аддаюць даніну “Улісу”, на песнях якога яны раслі.

“Я ім сказаў, што гэта іх справа і іх права вырашыць, як гэта мусіць быць, — дзеліцца размовай з Akute Слава. —  Гэта іх меркаванне і іх варыянт. Гэты гурт некалькі іншы, чым Ulis. Таму ў іх будуць і іншыя музычныя варыянты. Кожны стварае кавер з пункту гледжання ўласнага светапогляду. Таму каверы могуць цалкам адрознівацца аранжыроўкай і мелодыяй. Захоўваецца толькі тэкст”.


Слава Корань станоўча адгукаецца аб энергетыцы канцэрта Akute і ўспрыняцці іх музыкі публікай. Адзінае, мяркуе музыка, цалкам зразумець, як гучыць гурт, у клубе Re:Public немагчыма з-за кепскага гуку. Сам імпэт Akute у працы з песнямі Ulis Корань успрымае станоўча: згадкі пра гурт прыцягваюць цікавасць да яго.

Дарэчы, Слава Корань не супраць сыграць разам з Akute іх варыянт “улісаўскіх” песень. Адзінае, кажа музыка, перад гэтым трэба парэпетаваць. У бліжэйшай будучыні Корань збіраецца перавезці з Варшавы, дзе цяпер жыве і працуе, у Мінск інструменты і апаратуру, і пачаць рэпетаваць з Ulis.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі