Шарэпка: Улады Беларусі не паказваюць імкнення вызваліць палітвязняў

У Мінску прайшла прэс-канферэнцыя польскага амбасадара, прысвечаная заканчэнню старшынства Рэспублікі Польшча ў Савеце ЕС.

Лешак Шарэпка выказаўся пра палітычнае ўзаемадзеянне Польшчы, ЕС і Беларусі. Паводле яго слоў, "адносіны замарожаныя, бо палітычныя вязні застаюцца за кратамі і беларускі рэжым сёння нічым не паказвае імкнення іх вызваліць". Таксама амбасадар прыгадаў, што Беларусь праігнаравала саміт "Усходняга партнёрства", "беларускім бокам тармозіцца пачатак працы Еўранэста".

Амбасадар паведаміў, што ў МЗС Беларусі дасылалася нота з просьбай сустрэцца з палітзняволенымі, але была атрыманая адмова, нібыта, "не наша кампетэнцыя і справа".

Шарэпка выказаўся і наконт перамоваў з Беларуссю па візавым рэжыме: "Цягам 6 месяцаў мы не атрымалі [з Мінску] адказу на прапанову наконт аблягчэння візавага рэжыму. Каб беларусы плацілі не 60, а 35 еўра. Беларускія чыноўнікі адказалі, што "для Беларусі гэта не прыярытэт". Відаць, яны лічаць, што беларусы заможна жывуць і 60 еўра для іх не грошы".

У Беларусі рэалізуюцца праекты ЕС на 50 мільёнаў еўра

Пра гэта заявіла на прэс-канферэнцыі кіраўніца прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Майра Мора.

Майра Мора: "Спыніць супрацоўніцтва ЕС і Беларусі азначала б нанесці страты беларускаму народу. Таму мы працягваем супрацу па пэўных праектах, сума якіх складае 50 мільёнаў еўра".

Паводле слоў спадарыні Моры, на праекты падтрымкі грамадзянскай супольнасці Еўрасаюз патраціць 19,3 мільёны еўра. Гэта будзе дапамога рэпрэсаваным, праваабаронцам, прадастаўленне беларускім студэнтам стыпендый, для навучання ва ўніверсітэтах у ЕС, а таксама фінансавая дапамога ЕГУ.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі