"Серебряная свадьба" запісвае альбом у гонар першага дыяпраектара

Кабарэ-бэнд "Серебряная свадьба" вяртаецца пасля гадавога адпачынку з альбомам адразу ў двух частках. Назваць дыск было вырашана ў гонар "першага дыяпраектара" Laterna Magica. Адпаведна і ў праграму "Волшебный фонарь" і на сам дыск музыкі адбіралі песні-гісторыі, якія падчас праслухоўвання абуджаюць фантазію і ў галаве ўзнікаюць яскравыя малюнкі. У асноўным, гэта старыя песні, прызнаецца вакалістка калектыву Святлана Бень, якія ўжо шмат разоў выконваліся, але пакуль яшчэ не запісваліся. Першая частка дыску Laterna Magica з'явіцца ўжо хутка, абяцаюць музыкі, а вось другая - толькі ў верасні-кастрычніку гэтага году. Дарэчы, выкладаць альбом у інтэрнэт музыкі, як і заўсёды не плануюць.

"Не, гэта будзе дыск, - кажа Святлана. - Мы ж такія фетэшысты. Нам падабаюцца прадметы, якія можна кранаць, якія нясуць энергію. Мы хочам зрабіць гэта з цікавым мастаком, каб была візуальна вельмі прыемная і прыгожая рэч, якую можна трымаць у руках і атрымліваць асалоду ад валодання ёю".

Нагадаем, што зараз у музыкаў праходзіць міні-тур па беларускіх абласных цэнтрах, але там "Серебряная Свадьба" пакуль не выконвае новай праграмы. Плануецца, што Laterna Magica будзе прэзентаваная ў красавіку-траўні з характэрнай для гурта колькасцю рэквізіту і "Чароўным ліхтаром". Да таго ж, апошні альбом гурта “Сердечная мускулатура” трапіў у лік намінантаў на атрыманне музычных узнагарод Experty.by. Аўтары лепшых альбомаў паводле беларускіх музычных крытыкаў будуць вядомыя на пачатку наступнага тыдня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі