Рэзалюцыі АБСЕ па Беларусі не будзе

Круглы стол, прысвечаны сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, зладзілі прадстаўнікі міжнародных праваабарончых арганізацый па завяршэнні трэцяга дня працы канферэнцыі АБСЕ па правах чалавека. Абраны для правядзення мерапрыемства пакой не здолеў змясціць усіх жадаючых. Апроч беларускіх удзельнікаў варшаўскай канферэнцыі АБСЕ, на сустрэчу прыйшлі прадстаўнікі расійскай, грузінскай, літоўскай, кіргізскай ды шэрагу іншых дэлегацый, а таксама дыпламаты і міністры.

Спецыяльна для “замежных гасцей” праваабаронца Валянцін Стэфановіч распавёў на прыкладзе “Вясны” пра тое, у якой сітуацыі вымушаныя працаваць беларускія праваабаронцы.

Валянцін Стэфановіч: “20 снежня цягам некалькіх месяцаў 5 разоў супрацоўнікі міліцыі і дзяржбяспекі ўрываліся ў офіс арганізацыі, праводзілі ператрусы дома ў Алеся Бяляцкага. Ціск быў не толькі на праваабарончы цэнтр “Вясна” — яго адчулі ўсе праваабарончыя арганізацыі. А ператрусы прайшлі ў пераважнай большасці найбольш актыўных”.



Следам намеснік кіраўніка “Беларускай асацыяцыі журналістаў” Андрэй Бастунец распавёў пра стан свабоды слова і ўмовы працы незалежных журналістаў.

Андрэй Бастунец: “Па падліках БАЖ за паслявыбарчы перыяд з 4 офісаў і 12 кватэр журналістаў, дзе былі праведзеныя ператрусы, было канфіскавана 114 адзінак прафесійнага абсталявання. Гэта сведчыць, што гэтыя ператрусы былі скіраваныя на тое, каб перашкодзіць працы незалежных СМІ”.




І ўсё гэта без уліку затрыманняў і судовых пакаранняў журналістаў.

Тэму парушэнняў правоў чалавека і нават здзекаў з асобных людзей працягнулі іншыя ўдзельнікі круглага стала. Уладзімір Кобец распавёў прысутным пра небяспеку для жыцця палітзняволеных Змітра Дашкевіча і экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава.

Уладзімір Кобец: “Абодва яны разам пераведзеныя ў адзіночныя камеры. Матывавана гэта тым, што робіцца гэта, каб пазбегнуць гвалту над імі. На нашу думку, матывацыя зусім іншая — у адзіночнай камеры чалавек пазбаўлены сведкаў таго, што з ім будзе адбывацца. Відавочна, што напярэдадні саміта “Усходняга партнёрства”, што распачнецца ў Варшаве, і канферэнцыі АБСЕ Лукашэнка дае пэўныя сігналы, як беларускаму дэмакратычнаму грамадству, так і супольнасці дэмакратычных дзяржаў”.




Узгадалі прысутныя пра цяжкі стан здароўя актывіста “Еўрапейскай Беларусі” Змітра Бандарэнкі ды Дзмітрыя Уса. А жонка экс-кандыдата ў прэзідэнты Міколы Статкевіча Марына Адамовіч кажа, што апошнія два тыдні не мае ніякіх звестак пра мужа і непакоіцца за яго жыццё: для гэтага ёсць падставы.

Марына Адамовіч: “Пасля таго, як ён перадаў на свабоду сваё палітычнае пасланне, і яно было апублікавана, з ім адразу здарылася “вытворчая” траўма — у яго пашкоджаная рука і зламаная рабрына. Я звязваю гэтыя падзеі”.




Змрочныя аповеды паступова перараслі ў абмеркаванне таго, як можна дапамагчы беларускім палітвязням. Намеснік кіраўніка Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі Юрый Джыбладзэ прапануе прымаць экстраныя захады.

Юрый Джыбладзэ: “Мы знаходзімся ў вельмі складанай сітуацыі зараз. З аднаго боку, для таго, каб выратаваць людзей, мы павінны ісці на ўсё, з другога — для яго (Лукашэнкі — Еўрарадыё) гэта класічны інструмент у гандлі закладнікамі. І тут экстраардынарныя меры павінны быць: экстраная заява шэрагу вядучых дзяржаў Еўропы і Паўночнай Амерыкі. Відаць — толькі так”.

Гучалі таксама прапановы ўвесці эканамічныя санкцыі супраць прадпрымальнікаў і прадпрыемстваў, якія сваімі грашыма падтрымліваюць беларускі рэжым. Звярнуцца да амбасадараў дэмакратычных краін, якія працуюць у Беларусі, каб тыя запатрабавалі сустрэчы са зняволенымі, каб у Мінск патэлефанавалі міністры замежных краін Еўрасаюза ды ЗША з патрабаваннем да Лукашэнкі спыніць забойства палітвязняў. А прадстаўнік грузінскай дэлегацыі параіў прыватна пагаварыць з начальнікамі калоній, дзе адбываюць пакаранне палітвязні, і параіць ім падумаць пра сваю будучыню, калі ўлада зменіцца, і пачаць па-людску ставіцца да асуджаных.



Пасля заканчэння круглага стала карэспандэнт Еўрарадыё пацікавіўся ў Юрыя Джыбладзэ, чаму не абмяркоўваўся праект рэзалюцыі АБСЕ па гэтым надзённым пытанні.

Юрый Джыбладзэ: “АБСЕ можа прымаць рэзалюцыі толькі кансенсусам усіх краін-удзельніц. А іх 56, і зразумела, што аднаго голасу Беларусі было б дастаткова, каб яе заблакаваць. А такіх краін можа быць яшчэ з дзясятак. Таму, калі з боку АБСЕ нейкая заява і будзе, то яна можа быць ад імя канкрэтных дэлегацый ці нейкіх экспертаў АБСЕ. Але не арганізацыі цалкам — гэтага чакаць не даводзіцца”.




Паводле словаў кіраўніцы бюро Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека Сашы Кулаевай, адразу па заканчэнні мерапрыемства праваабаронцы розных краін пачалі шукаць шляхі рашэння праблемы беларускіх палітзняволеных.

Саша Кулаева: “Прадумваюцца канкрэтныя планы, па якіх каналах гэтая інфармацыя будзе распаўсюджвацца, якіх крокаў мы будзем патрабаваць ад дыпламатаў. Бо размова ідзе не пра нейкія доўгатэрміновыя дзеянні, а пра выратаванне жыцця людзей”.

Дарэчы, на сустрэчы прысутнічаў і прадстаўнік афіцыйнай беларускай дэлегацыі. Праўда, выступіць не прасіў, у дыскусіях не ўдзельнічаў, але ўсё сказанае ўважліва запісваў.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі