Рашэнне суда па сваёй справе БАЖ не зможа абскардзіць

У сераду а 10-й раніцы ў Вярхоўным судзе пачалося пасяджэнне па скарзе Беларускай асацыяцыі журналістаў на пісьмовае папярэджанне, вынесенае гэтай грамадскай арганізацыі Міністэрствам юстыцыі.

Нягледзячы на тое, што БАЖ загадзя папрасіў прадаставіць для судовага пасяджэння вялікую залу, у выдзеленым памяшканні ледзь змясціліся ўсе, хто пажадаў прысутнічаць на працэсе. Сакратару суда давялося нават прыносіць дадатковыя крэслы. Між тым, у залу прапусцілі ўсіх жадаючых.

Апроч прадстаўнікоў БАЖ на чале са старшынёй Жаннай Літвіной і яе намеснікам Андрэем Бастунцом і прадстаўнікоў Мінюста, прысутнічалі журналісты незалежных СМІ, амбасадар Швецыі Стэфан Эрыксан і супрацоўнік прадстаўніцтва АБСЕ ў Беларусі.



Перад пачаткам пасяджэння суддзя Церах папярэдзіў, што рашэнне суда пасля яго вынясення бакі не змогуць абскардзіць. Пры гэтым спасылаўся на Грамадзянскі працэсуальны кодэкс (ГПК). Але гэта заява выклікала пратэст юрыста Гары Паганяйла, які прысутнічаў на судзе ў якасці прадстаўніка грамадскасці.

Гары Паганяйла:
“Дадзеная норма ГПК не адпавядае Канстытуцыі Беларусі і артыкулу 14 акта “Аб грамадзянскіх і палітычных правах”, ратыфікаванага Беларуссю. Гэтыя нарматыўныя акты маюць большую моц, чым нормы ГПК, і яны гарантуюць кожнаму абскарджванне рашэнняў”.

У першай палове дня на судзе выступіў прадстаўнік журналісцкай арганізацыі юрыст Андрэй Бастунец. Ён адпрэчыў усе прэтэнзіі Міністэрства юстыцыі.



Нагадаем, што Мінюст вынес папярэджанне на адрас БАЖ у студзені. Журналісцкую арганізацыю абвінавацілі адразу па некалькіх пунктах — датычна формы сяброўскага пасведчання, статусу Цэнтра прававой абароны СМІ пры ГА "БАЖ", а таксама некаторай інфармацыі, пададзенай на сайце арганізацыі.

Што тычыцца сяброўскага пасведчання, то Мінюст выказаў прэтэнзіі да надпісаў “Прэса” на ім. Бастунец даводзіў суду, што такія надпісы з’яўляюцца нормай для пасведчання журналісцкіх арганізацый ва ўсім свеце. І ў якасці прыкладу паказаў пасведчанні саюзаў журналістаў Расіі, Даніі, Нямеччыны, Міжнароднай федэрацыі журналістаў. На кожным з іх ёсць надпіс “Прэса”.



Цікавая была рэакцыя прадстаўніка Мінюста Аляксандра Харытона на гэтыя довады.

Аляксандр Харытон:
“У мяне адразу пытанне — гэтыя арганізацыі на тэрыторыі нашай краіны дзейнічаюць? Не дзейнічаюць”.



І таму, кажа, дадзены прыклад у якасці аргумента на карысць БАЖу прымаць нельга.

Падчас свайго выступу Андрэй Бастунец давёў да ведама суда, што ўсе прэтэнзіі да БАЖу Мінюста не абгрунтаваныя.

У другой палове дня запланаваны выступ прадстаўніка Мінюста Аляксандра Харытона і сведкі па справе журналіста Дзянісава.

На думку Гары Паганяйлы, пакуль суд праходзіць без парушэнняў.

Гары Паганяйла: “Працэс праходзіць у рамках устаноўленай працэдуры. Суддзя спрабуе разабрацца ў існасці прад’яўленых прэтэнзій Мінюста. А выступ Бастунца паказвае, наколькі надуманымі з’яўляюцца гэтыя прэтэнзіі. Мяркую, што калі суд будзе дзейнічаць з пазіцыі закона, папярэджанне будзе адменена”.



У сваю чаргу старшыня БАЖ Жанна Літвіна лічыць усе прэтэнзіі Мінюста беспадстаўнымі.

Жанна Літвіна:
“БАЖ заўсёды падпарадкоўваецца ўсім патрабаваннем, якія бываюць з боку Мінюста. І ўсе змены ў статуце найперш узгадняліся ў Мінюсце. І зараз, калі раптоўна ўзнікаюць такога кшталту прэтэнзіі, то гэта наводзіць на думку, што існуюць нейкія іншыя прычыны. Напярэдадні выбараў усё, што звязана з распаўсюдам інфармацыі, прыцягвае самую пільную ўвагу”.

Фота : Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі