Радзіна абвінаваціла Зісера ў карупцыі, Зісер прыгразіў судом

Размаўляць пра беларускі інтэрнэт на канферэнцыю АБСЕ  ў Вену былі запрошаныя кіраўнік TUT.BY Юрый Зісер, прадстаўнік Аператыўна-аналітычнага цэнтра Уладзімір Рабаволаў, рэдактар сайта "Хартыя-97" Наталля Радзіна і кіраўнік праекта Gemius у Беларусі Міхаіл Дарашэвіч.

"Выступ Рабаволава быў пабудаваны ў прапагандысцкім ключы, — расказвае Еўрарадыё Наталля Радзіна. — Я выступіла пасля яго. Патлумачыла, якім чынам працуе ўказ аб інтэрнэце, што з сябе ўяўляе ААЦ. Я патлумачыла, чаму Зісер з Рабаволавым ходзяць парай. Таму што ва ўказе Лукашэнкі аб цэнзуры інтэрнэту ёсць другі момант. Калі бізнэсменам забаранілі мець хостынг за мяжой? Хто ў нас уладальнік самай буйной хостынгавай кампаніі? Юрый Зісер. Уласна адбываецца карупцыя. Пад выглядам супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасцю лабіруюцца інтарэсы асобных прыватных структур. У прыватнасці, прыняцце гэтага ўказа было выгадна Юрыю Зісеру".

Юрый Зісер кажа, што выступаў на канферэнцыі толькі прадстаўнік ААЦ. Прамова Радзінай не была прадугледжана.

"Радзіна замест пытанняў пачала выступаць з месца. Пачала абражаць усіх і ў канцы дагаварылася да таго, што Зісер крыніца карупцыі, і што я падкупіў ААЦ, каб 60-м указам прадугледзелі перанос хостынгу ў Беларусь", — расказвае Юрый Зісер.

Адзначым, што пераезд хостынгу ў Беларусь не выгадны ў першую чаргу самім беларускім хостэрам. Па-першае, затратны сам пераезд, па-другое, трафік у Беларусі даражэйшы, чым, напрыклад, у Расіі. Пра гэта кажа і Юрый Зісер.

"Сам перанос быў цяжкім ударам па айчынным хостынгу. На той час і ў "Hoster.by" i "Еxtmedia" серверы стаялі ў Маскве, і перанос быў вельмі дарагім. У нас вырас сабекошт, давялося закупляць шмат тэхнікі, трафік у Беларусі нашмат даражэйшы. Вельмі смешна казаць, што нам гэта было трэба".

Дарэчы лідарам рынку хостынгу ў Беларусі на той момант была кампанія "Еxtmedia", а не "Hoster.by" Зісера.

Па словах Наталлі Радзінай, пасля яе выступу Юрый Зісер пракрычаў на ўсю залу: "Можаце не вяртацца ў Беларусь! Я вас пасаджу!"

"Я нават не хачу каментаваць тое, што яна кажа і робіць, — гаворыць Еўрарадыё Юрый Зісер. — Няхай гэта застанецца на яе сумленні. На мой погляд, гэта ляжыць за межамі не толькі журналістыкі, але і за межамі этыкі і, тым больш, дэмакратыі. Я лічу, што за свае словы яна павінна адказваць. На сто чалавек і ў прамым эфіры абвінавачваць чалавека ў карупцыі. Калі я захачу, то магу падаць у суд за паклёп. Хаця гэта ўвогуле проста забаўна".

Таксама на канферэнцыі падчас свайго выступу Рабаволаў заявіў, што манаполія Белтэлекама перашкаджае развіццю інтэрнэту, і таму хутка ён гэтай манаполіі пазбавіцца. Ужо створана новае сумеснае прадпрыемства з расійскім бізнэсменам, якое будзе другім правайдарам знешняга шлюза.

"Будзе створаны другі такі ж самы дзяржаўны манапаліст, і будзе адбывацца звычайны перадзел рынку", — мяркуе Наталля Радзіна.

Юрый Зісер задаў пытанне Уладзіміру Рабаволаву наконт чорных спісаў і згадаў "Хартыю-97", "Беларускі партызан" і "Вясну-96". У адказ на гэта пытанне, кажа Радзіна, Рабаволаў адказаў, што дзяржава мае права вырашаць, што рабіць людзям у дзяржаўных установах, што яны павінны працаваць, а не чытаць апазіцыйныя рэсурсы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі