"Прастытутка" і "Кастусь Каліноўскі" далучацца да поп-культуры

Музыкі з бездакорным музычным густам паводле парталу Tuzin.fmRe1ikt, Сяргей Пукст і гурт з Беластоку Ilo&friends, агучаць першыя беларускія нямыя стужкі 20-х гадоў мінулага стагоддзя.

Гурт Re1ikt рыхтуе да паказу сваё музычнае бачанне фільма "У агні народжаная" — гэтую складаную і неадназначную стужку музыкі ўпадабалі з-за незвычайнай кампазіцыі. Такая форма творчасці, як он-лайн агучванне кіно, стала вельмі цікавай для гурта яшчэ і таму, што пакідала шмат месца для імправізацыі.

"Такім чынам мы змаглі выпрабаваць сябе, на што мы здольныя і ці здольныя мы такую рэч зрабіць, — распавядае лідар гурта Аляксандр Дземідзенка. — У тым, што ў нас будзе дастаткова нейкіх музычных прыёмаў, мы не сумняваліся. Але мы вельмі хацелі, каб наша агучка падыходзіла перш за ўсё да таго, што адбываецца на экране, а па-другое — неяк адлюстроўвала наша бачанне тых падзей, якія там паказаныя".

Пераасэнсаваць змест фільму "Кастусь Каліноўскі" спрабуе аматар футурыстычных эксперыментаў музыка і акцёр Сяргей Пукст. Фільм з "імперскім жаданнем зрабіць нацыянальнага героя", як называе стужку сам выканаўца, утрымлівае вялікія рэсурсы: напрыклад, ролю пана Старжынскага ў фільме сыграў Барыс Ліванаў, бацька "Шэрлака Холмса" Васіля Ліванава. У сваім бачанні стужкі Сяргей хацеў прымяніць знакаміты "эфект Куляшова", але не ў сэнсе "кадр да кадра", а "музыка да кадра" – недзе змяніць сэнсавыя акцэнты, і непасрэдна дакрануцца да выявы.

"Цікава, як я прыйшоў да такога адчування непасрэднай працы з кадрам, калі ты робіш не нейкую загатаваную музыку. Ёсць у гэтым перформанскі кампанент, выканаўчы, калі настрой артыста некім чынам змяняе таксама і характар карцінкі. І па ходзе выступу ты можаш непасрэдна ўплываць на тое, што адбываецца на экране ў сэнсе ўнутранага эмацыйнага напаўнення".

Беларускамоўная каманда з Польшчы Ilo&friends на чале з Ілонай Карпюк агучыць няпросты фільм “Прастытутка” — лідара пракату ў 20-я гады. За дзень да гэтага гурт упершыню выступіць з сольным канцэртам у клубе “Графіці” з нагоды адкрыцця выставы плакатаў беларускага нямога кіно. "Пералапаціўшы" шмат літаратуры пра стварэнне і лёс стужкі, музыкі паспрабавалі стварыць музыку, якая б перадавала яе атмасферу.

“Для нас гэта вялікі мастацкі выклік, бо да гэтага мы займаліся выключна сваёй творчасцю. Агучванне кіно — гэта пераход у іншую сістэму працы і іншы досвед, як для артыстаў. Таму мы палічылі, што для нас, як для музыкаў, гэта будзе важна. А таксама спрычыняемся да гэтага, каб узбагачаць беларускую культуру”, — распавядае лідарка Ilo&friends Ілона Карпюк.

Спалучэнне нямога кіно і жывога гуку — рэч для Беларусі незвычайная. Праект “Тузін. Немаўля” стаў магчымым, дзякуючы высілкам і энтузіязму яго ініцыятара Сяргея Будкіна. Культуролаг, музычны і кінакрытык Максім Жбанкоў у сваю чаргу падтрымлівае ідэю праекта і лічыць, што гэта выдатная магчымасць для музыкаў новай генерацыі паспрабаваць сябе ў зусім незвычайным фармаце.

“Старое беларускае кіно ў такім фармаце не ведаюць не толькі за межамі, але і ў самой Беларусі. І, фактычна, гэта спроба зрабіць беларускі кінаархіў з’явай сучаснай поп-культуры. Прычым, я маю на ўвазе не прыніжэнне гэтага арыгінальнага матэрыялу, а наадварот — аднаўленне ягон актуальнага зместу. Як на мяне — гэтая фармулёўка “старое кіно плюс новы гук” надзвычай удалая і перспектыўная”.

Дарэчы, Максім Жбанкоў выступіць у ролі вядучага праекта падчас паказу 22-га лістапада. У будучым “Тузін. Немаўля” плануе паказаць фільмы і ў іншых гарадах Беларусі, а таксама зладзіць сапраўдны фестываль нямога кіно.

Беларуская прэм’ера праекту ў Мінску пройдзе ў тры дні — 22, 24 і 25 лістапада ў клубах “Графіці” і “LOFT”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі