Пракуратура Польшчы не бачыла слядоў выбухоўкі на прэзідэнцкім самалёце
Эксперты не знайшлі ніякіх выбуховых рэчываў на абломках самалёта, які разбіўся 10 красавіка 2010 года пад Смаленскам.
Пра гэтую знаходку напісала ў аўторак газета Rzeczpospolita. Па звестках выдання, польскія спецыялісты, які вярнуліся з Расіі два тыдні таму, выявілі на абломках і 30 крэслах прэзідэнцкага ТУ-154 сляды тратылу і нітрагліцэрыну.
На адмысловай прэс-канферэнцыі сёння выступіў палкоўнік Ірэнеюш Шэлянг, кіраўнік вайсковай пракуратуры ў Варшаве. Па яго словах, якія перадае Радыё "Свабода", толькі экспертыза ў лабараторыі дасць канчатковы адказ наконт выбуховых рэчываў. Шэлянг лічыць, што пакуль няма падставаў, каб рабіць высновы пра наяўнасць тратылу ў абломках прэзідэнцкага самалёту. Ён кажа, што прыборы, якімі выяўляюць наяўнасць тратылу, рэагуюць падобным жа чынам на глебу або на парфумы.
Шэлянг, аднак, падкрэсліў, што пракуратура не адмаўляе магчымасці, што ў абломках самалёта можа быць тратыл. Але сённяшні стан доследаў гэтых абломкаў не дазваляе зрабіць выснову, пра якую напісала Rzeczpospolita.