"Rzeczpospolita": эксперты знайшлі сляды выбухоўкі на рэштках Ту-154
Польскія спецыялісты праводзілі даследаванні на месцы крушэння пад Смаленскам і вярнуліся ў Польшчу два тыдні таму.
Польскія спецыялісты выкарыстоўвалі сучаснае абсталяванне. Яно паказала, што на рэштках самалёта ёсць сляды трацілу і нітрагліцэрыну. Між іншым, выбуховыя рэчывы выяўленыя на стыку крыла фюзеляжа.
Вынікі экспертызы ўжо вядомыя генеральнаму пракурору Анджэю Сэрэмэту, а ён накіраваў іх прэм'ер-міністру Дональду Туску. Цяпер ідуць інтэнсіўныя кансультацыі наконт таго, што рабіць з гэтым адкрыццём, піша ўплывовая газета "Rzeczpospolita".
Каментуе намеснік галоўнага рэдактара “Rzeczpospolita” Анджэй Талага: “Усё следства, якое праводзілася да гэтага польскай і расійскай пракуратурамі, пастаўленае пад пытанне. Напрыклад, чаму расіяне, якія напэўна ведалі пра гэта раней, не падзяліліся гэтай інфармацыяй з Польшчай? Чаму польская пракуратура не правяла піратэхнічныя даследаванні раней, адразу пасля катастрофы? Чаму толькі праз тры гады ўдалося ўстанавіць, што магчымай прычынай катастрофы быў выбух? І што магчыма — гэта ўсё яшчэ пытанні, а не факты! — што за катастрофай стаяў замах?”
Нагадаем, самалёт, у якім ляцела амаль усё кіраўніцтва Польшчы, разбіўся 10 красавіка 2010 года пры заходзе на пасадку на аэрадром "Паўночны" ў Смаленску. Загінулі ўсе 96 чалавек, у тым ліку прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі. Міжнародны авіяцыйны камітэт, расследаваўшы катастрофу, назваў адказнымі пілотаў. Расія адмаўляецца аддаць Польшчы рэшткі самалёту, нягледзячы на шматлікія звароты.

Фота — pap/itar-tass