Польскія дэпутаты асудзілі рэпрэсіі ў Беларусі і падтрымалі візавыя санкцыі

Польскі Сейм прыняў рэзалюцыю, якая асуджае “палітычны гвалт і рэпрэсіі супраць беларускага народа, а таксама фальсіфікацыі вынікаў выбараў у Беларусі”. У рэзалюцыі польскія дэпутаты рашуча патрабуюць ад беларускіх уладаў найхутчэйшага вызвалення палітычных вязняў і спынення палітычных рэпрэсій.

“Сейм Польшчы хоча запэўніць усіх, хто змагаецца за дэмакратычную Беларусь, у сваёй нязменнай салідарнасці і падтрымцы. Вы ніколі не застанецеся адны ў вашай барацьбе”, – гаворыцца ў рэзалюцыі. Таксама польскія дэпутаты звярнулі ўвагу на парушэнні ў дачыненні да затрыманых пасля прэзідэнцкіх выбараў:

“З затрыманымі абыходзіліся з парушэннем усіх еўрапейскіх канвенцый па правах чалавека. Судзілі іх без права на справядлівае судовае разбіральніцтва і права на абарону”

Польскія дэпутаты выказалі ўпэўненасць у тым, што асобам, адказным за рэпрэсіі і фальсіфікацыі выбараў, павінен быць забаронены ўезд на тэрыторыю ЕС.

“Таму Сейм Польшчы рашуча выступае за ўвядзенне дыпламатычных санкцый і адначасова за тое, каб грамадзяне Беларусі мелі доступ да рэсурсаў і магчымасцяў, якія падаюцца Еўрасаюзам – як з пункту гледжання свабоды перамяшчэння, адкрыцця рынку працы, так і ўдзелу ў праграмах адукацыі, навукі і культуры”, – падкрэсліваецца ў рэзалюцыі.

Таксама дэпутаты выступілі за істотнае павелічэнне бюджэту на праекты па дэмакратызацыі Беларусі, у тым ліку і тыя, якія ажыццяўляюцца недзяржаўнымі арганізацыямі.

“Спасылаючыся на асноўныя каштоўнасці Еўропы, Сейм Польшчы таксама заклікае парламенты ўсіх краіны Еўропы, ПАСЕ і Еўрапарламент прыняць рашучыя захады для падтрымкі грамадзянскай супольнасці ў Беларусі”.

У пасяджэнні польскага парламенту ўдзельнічалі і беларускія палітыкі. Сярод іх Аляксандр Мілінкевіч, Аляксей Янукевіч, Віктар Івашкевіч, Станіслаў Шушкевіч.

Экс-старшыня Вярхоўнага савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч кажа, што беларуская апазіцыя агучыла ў Сейме пытанне вызвалення палітычных вязняў. Сама рэзалюцыя, кажа Шушкевіч, вельмі рашучая:

Шушкевіч: "Рэзалюцыя вельмі рашучая. Яна паказвае, што Польшча не супакоіцца, пакуль дыктатура будзе цемрашальнічаць у Беларусі. Нашыя прапановы заключаліся ў адным, для нас найважнейшае пытанне — гэта вызваленне палітычных вязняў. І іх вызваленне — гэта нашая галоўная задача".

Віктар Івашкевіч дадае, што польскія дэпутаты стоячы віталі беларускую дэлегацыю. У сваіх выступах паслы Сейма выказвалі салідарнасць з тымі, хто змагаецца за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі.

Івашкевіч: "Усе фракцыі на сто працэнтаў, усе дэпутаты падтрымалі гэтую рэзалюцыю. І гэта ёсць агульная пазіцыя ўсіх палітычных сіл, якія прадстаўленыя ў Сейме".

Ці не стане гэтая рэзалюцыя пустым страсеннем паветра? Віктар Івашкевіч упэўнены, што карысць ад гэтага дакумента будзе.

Івашкевіч: "Па-першае, дэпутатамі дадзена канкрэтнае даручэнне ўраду. Па-другое, польскі парламент бачыць, што яны павінны быць тымі, хто загітуе да актыўнай салідарнай пазіцыі ўвесь астатні Еўрасаюз. Яны бачаць у тым сваю місію, каб не толькі Польшча, а і напрыклад Францыя, Германія, Люксембург, Партугалія таксама мелі сваю пазіцыю ў дачыненні да сітуацыі ў Беларусі і не забываліся пра Беларусь на фоне тых падзеяў, што адбываюцца ў Паўночнай Афрыцы"

Нагадаем, што яшчэ да прыняцця рэзалюцыі беларуская Палата прадстаўнікоў загадзя асудзіла яе. Акрамя таго, цягам тыдня беларускі афіцыёз актыўна крытыкаваў “карту паляка”. Аднак на ўсе гэтыя ўколы польскі Сейм вырашыў не рэагаваць.

 фота: rmf24.pl

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі