Пераходу на зімовы час не будзе

Беларуская чыгунка следам за расійскай аднаўляе продаж квіткоў пасля 28 кастрычніка: акурат у гэты дзень пераходзяць на зімовы час. Калі продаж аднавіўся, значыць прынятае канчатковае рашэнне аб пераводзе стрэлак?


Але як даведваецца Еўрарадыё, стрэлкі пераводзяць не гадзіннікавыя, і нават не чыгуначныя — а расійская Дзярждума пераводзіць стрэлкі на ўрад.


"Цягнік Мінск — Варшава будзе ўжо адпраўляцца а 21-45, можаце набываць квіткі", — кажуць у касе чыгункі. Цяпер цягнік адпраўляецца а 20-45, а будзе на гадзіну пазней, а значыць, з Варшавай зноў будзе 2 гадзіны розніцы і пераводу часу не будзе.


Ужо зразумела, што Беларусь прыме такое ж рашэнне, як Расія. А там гэта мусіла зрабіць Дзярждума. Загадчык сектара часу і частаты Інстытута метралогіі Аляксандр Галыга чакае: "Афіцыйных паведамленняў з Расіі ў нас не было".

А расійская Дума акурат і перавяла стрэлкі — аддала права вырашаць пытанне ўраду на чале з Дзмітрыем Мядзведзевым. Але з 27 на 28 кастрычніка паспаць на гадзіну больш дакладна не атрымаецца. Старшыня камітэта па ахове здароўя Дзярждумы Сяргей Калашнікаў гаворыць, што зімовы час можа наступіць не абавязкова ў ноч з 27 на 28 кастрычніка:


"Пытанне адклалі ў Дзярждуме і перанеслі на пляцоўку ўрада. І цяпер гэтыя змены будуць прымацца пастановай урада. Прынятае рашэнне — у ноч з 27 на 28 кастрычніка не пераводзіць час. Але аператыўна разглядзець гэтае пытанне ва ўрадзе. І з улікам неабходнасці падрыхтоўкі транспартнай сістэмы да пераходу на новы час, прыняць рашэнне пазней".


У Расіі прайшлі парламенцкія слуханні, дзе ўраду параілі прыняць рашэнне да канца года, а лепш да 21 снежня.


Сяргей Калашнікаў: "Гэта ж не абавязкова менавіта так, як Еўропа пераходзіць і мы раней пераходзілі ў апошнюю суботу кастрычніка. Гэта можа быць у любы момант, як у 1992-м перайшлі з 1 студзеня".


Якое рашэнне прыме расійскі ўрад, пакуль не вядома, але дэпутаты рэкамендуюць перавесці гадзіннік назад. Значыць, перавод на зімовы час можа быць, але не 28 кастрычніка, а ў любы іншы дзень да канца 2012 года.


З 28 кастрычніка наша краіна зноў не будзе супадаць па часе з усімі суседзямі. З Польшчай у нас стане дзве гадзіны розніцы, замест адной. З Украінай, Літвой і Латвіяй з'явіцца розніца ў адну гадзіну, у іх будзе на гадзіну менш.


Калі ж будзе прынятае рашэнне перайсці на зімовы час, то ўсё зробіцца, як раней.

Фота: РИА Новости

Прынятае рашэнне — у ноч з 27 на 28 кастрычніка не пераводзіць час

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі