Павел Вінаградаў асуджаны на 5 сутак арышту

Аднаго з кіраўнікоў моладзевага крыла грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду” “Zмена” ў чарговы раз абвінавацілі ў брыдкаслоўі. Суд быў адкладзены на панядзелак і прайшоў сёння ў судзе Маскоўскага раёна.

Вось што распавядала ў пятніцу Еўрарадыё жонка Паўла Вінаградава Святлана:

“У 7.03 прыйшлі. Утраіх. Прозвішча аднаго ведаю — Давідзюк. Ён раней ужо Пашу затрымліваў. І гавораць — збірайся, суд сёння будзе”.

Святлана дадала, што не адчыніць дзверы яны проста не маглі — Павел знаходзіцца пад наглядам міліцыі і абавязаны пускаць праваахоўнікаў па першым патрабаванні.

Напярэдадні свайго затрымання на сайце "Беларускі партызан" Вінаградаў напісаў: "На гэтым тыдні пачнецца аперацыя "Байкот101", пра ход якой я буду інфармаваць цябе, дарагі чытач, пакуль Цэнтр Ізаляцыі Правапарушальнікаў не разлучыць нас"...

У панядзелак на трое сутак арышту быў асуджаны судом Кастрычніцкага раёна сталіцы яшчэ адзін актывіст “Zмены” Аляксандр Арцыбашаў. Яго таксама затрымалі 7 верасня і абвінавацілі ў "дробным хуліганстве". Адразу пасля агалошвання прысуду ён быў вызвалены, паколькі трое сутак ужо адбыў за кратамі.

Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі