Пафала: Галоўная перашкода развіццю адносін Беларусі і ЕС — смяротная кара

Дэпутат Германскага Бундэстага, кіраўнік Ведамства Федэральнага канцлера, Федэральны міністр па асобых даручэннях Рональд Пафала 3-4 лістапада наведваў Беларусь. Ён выступіў на адкрыцці  XIII Мінскага форуму, сустрэўся са старшынём Адміністрацыі прэзідэнта Ўладзімірам Макеем, апазіцыяй і грамадзянскай супольнасцю.


"Самая вялікая перашкода для набліжэння Беларусі і Еўрасаюза — у існаванні смяротнага пакарання. Для нас яно абсалютна непрымальнае. Гэта каштоўнасць Савета Еўропы і Еўропы ў цэлым.У Беларусі яно не проста прысутнічае ў карным кодэксе, але і выконваецца", — паведаміў нямецкі міністр.


Уладзімір Макей на адкрыцці Мінскага форума 3 лістапада на гэтую тэму не выказаўся і на словы Пафалы аб смяротным пакаранні не адрэагаваў.


Нямецкі міністр адзначыў, што сустрэўся з беларускай апазіцыяй, каб "натхніць яе працягваць сваю працу і падтрымаць яе". Падчас размовы закранулі пытанне адзінага кандыдата. Зрэшты, паводле Рональда Пафалы, шмат кандыдатаў — выяўленне плюралізма. Важна, ці здолеюць апаненты Лукашэнкі стварыць адзіную платформу і дамовіцца пра нейкія агульныя мінімальныя патрабаванні, дадаў Рональд Пафала.


Нямецкі міністр падкрэсліў, што Беларусь яшчэ далёкая ад еўрапейскіх стандартаў правядзення свабодных і справядлівых выбараў.


Рональд Пафала: "Беларусь яшчэ вельмі далёкая ад сумленных, свабодных выбараў паводле еўрапейскіх стандартаў. Але з іншага боку ёсць пэўныя станоўчыя змены: у рэгістрацыі кандыдатаў, як праходзіў збор подпісаў".
Нямецкі чыноўнік адзначыў, што сітуацыя, пры якой за некалькі тыдняў яшчэ не вядомыя кандыдаты ў прэзідэнты, — вялікі недахоп выбарчай кампаніі.


Рональд Пафала не адказаў на пытанне пра наступствы для адносінаў паміж ЕС і Беларуссю ў тым выпадку, калі прэзідэнцкія выбары пройдуць несумленна. "У такім разе я буду вельмі крытыкаваць гэта, а Еўропе давядзецца абмеркаваць, як на гэта адрэагаваць", — паведаміў Федэральны міністр.


Рональд Пафала таксама заўважыў, што беларускаму ўраду належыць зрабіць усё дзеля таго, каб адкінуць сумневы, звязаныя з абставінамі "дзіўнай смерці" журналіста Алега Бябеніна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі