Някляеў і Саннікаў абвясцілі сябе самымі перспектыўнымі і аб'ядналіся

Пра гэта палітыкі заявілі падчас сумеснай прэс-канферэнцыі. Па словах Андрэя Саннікава, іх сумесная праца будзе ісці па трох асноўных накірунках.

Андрэй Саннікаў: “Гэта перш за ўсё барацьба супраць фальсіфікацыі выбараў. Сюды ўваходзіць назіранне і праца з назіральнікамі. Гэта агітацыйна-інфармацыйная праца – сумесныя дзеянні ў лік кампаніі адзін аднаго. І гэта – міжнародная дзейнасць, міжнародныя накірункі. Каардынацыя падыходаў і каардынацыя пазіцый”.



Як прызнаўся Ўладзімір Някляеў, дамова наконт гэтага аб’яднання ў іх нарадзілася не ўчора.

Уладзімір Някляеў: “Мы размаўлялі пра гэта раней, нават яшчэ да таго, як сталі патэнцыйнымі кандыдатамі ў кандыдаты”.

А падштурхнула іх да абвяшчэння свайго рашэння нядаўняя сустрэча кандыдатаў, дзе яны спрабавалі вызначыць агульную стратэгію “плошчы”.



Але, кажа Някляеў, толькі дарэмна згубілі час – так ні да чаго і не дамовіліся. Вырашылі, заўважае Саннікаў, паказаць, як аб’ядноўваюцца два самыя перспектыўныя прэтэндэнты.

Андрэй Саннікаў: “Да мяне шмат хто звяртаўся, да Ўладзіміра Пракопавіча таксама: “Давайце, вы два лідэры зрабіце што-небудзь, каб народ паверыў, што магчымая кансалідацыя. Што магчымая перамога, што магчыма адстаяць выбар народа. Мы гэтым і займаліся”.

Еўрарадыё пацікавілася, ці не апасаюцца палітыкі, што іх абвінавацяць у стварэнні “прарасійскага блока”. Тым больш, што кожнага з іх паасобку і так называюць прарасійскімі кандыдатамі.

Андрэй Саннікаў: “Я не баюся. Бо сёння ёсць сітуацыя рэальная, якую трэба ўлічваць. І калі з Еўропы чутныя галасы ў падтрымку Лукашэнкі, а з Расіі – у падтрымку апазіцыі і супраць Лукашэнкі, то трэба гэта ўлічваць і вітаць. А кажам мы толькі пра Беларусь”.

Падтрымаў калегу і Ўладзімір Някляеў.

Уладзімір Някляеў: “Калі Расія кажа, што ёй неабыякава, куды падзеліся нашы зніклыя палітыкі. Калі Расія кажа, што ёй неабыякава, як пройдуць выбары. Калі Расія кажа, што яна гатова даслаць назіральнікаў, не выпівохаў, як гэта было раней, а назіральнікаў, якія абяцаюць скаардынаваць свае дзеянні з заходнімі назіральнікамі і нашымі, то што – нам рабіць выгляд, што мы не чуем гэтага. І слухаць тое, што нечакана, хай і не на афіцыйным узроўні, з Захаду кажуць, што будуць вітаць не перамогу дэмакратыі, а перамогу дыктатуры, то я не ведаю, з кім там размаўляць”.

ЕРБ: Вы лічыце, што гэтыя словы пра перавагу перамогі Лукашэнкі, якія прыпісваюць прэзідэнту Літвы, гэта пасыл усяго Еўрасаюза?

Уладзімір Някляеў:
"Я ні ў якім разе так не лічу і нават думкі такой не дапускаю. Да таго ж, гэта пакуль неафіцыйная інфармацыя, якой я не вельмі давяраю. Але калі гэта так! Зрэшты, яна сустракалася з Лукашэнкам, у яе маглі быць нейкія асабістыя дамоўленасці. Але гэтыя дамоўленасці нельга выносіць на афіцыйны ўзровень. І пакуль не будзе пацвярджэння з афіцыйнага боку, я не схільны верыць гэтай інфармацыі".

Андрэй Саннікаў: "З другога бока, мы ведаем, што ў Еўропе ёсць прыхільнікі Лукашэнкі, ёсць тыя, хто лабіруе яго інтарэсы. Мы будзем арыентавацца на тых, хто сапраўды выступае ў падтрымку правоў чалавека, дэмакратыі, незалежнасці Беларусі".

Больш падрабязна апісваць тэхналогію сваёй супрацы палітыкі адмовіліся. Кажуць, час яшчэ не прыйшоў. Разам з тым Саннікаў катэгарычна заявіў: размовы пра тое, каб хтосьці з іх сышоў з дыстанцыі на карысць другога – няма. Праўда, дадаў: “Пакуль няма”.



Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі