Наведвальнікаў канцэрта затрымлівалі, бо яны былі з антыфа?

У суботу, 19
студзеня, байнэт абляцела навіна, што напярэдадні ўвечары брэсцкая міліцыя
затрымала 63 чалавекі. Адбылося гэта падчас хардкор-канцэрта, які праходзіў у
бары "Рок-кафэ". Прысутных
на мерапрыемстве музыкаў і слухачоў даставілі ў апорны пункт міліцыі ў
мікрараёне "Паўднёвы". Пасля перапісу асабістых звестак усіх адпусцілі.

Ужо на наступны
дзень у СМІ з'явіўся і афіцыйны каментар міліцыі. Паводле словаў
праваахоўнікаў, на нумар "102" яны атрымалі паведамленне пра масавую
бойку. Да таго ж, калі яны прыехалі на месца верагоднага канфлікту, усе
прысутныя былі нападпітку.

У гутарцы з
Еўрарадыё адзін з арганізатараў вечарыны, брэсцкі музыка Мікалай, абвяргае заявы міліцыянтаў. Паводле яго слоў, бойкі быць
не магло, бо забеспячэнне парадку і фэйс-кантроль праводзілі самі ініцыятары.
Аспрэчвае ён і заяву пра п'яную моладзь: ні перад, ні пасля затрымання
праваахоўнікі не рабілі агляд на алкагольнае ап'яненне. Сам Мікалай не
адмаўляе, што большасць прысутных належала да суполкі антыфашыстаў. Менавіта
масавы сход аднадумцаў, мяркуе малады чалавек, і стаў прычынай затрымання:

"Па-першае, трэба адзначыць, што гэта не
першы выпадак такіх дзеянняў з боку праваахоўных органаў. Я лічу, што гэта
проста спосаб палітычнага ціску — усяленне страху: цябе забіраюць ні за што,
таму што гэта можна! Грамадства цяпер успрымае такую думку, што чалавек можа
ісці па вуліцы — і яго могуць забраць. То бок, гэта такая нармалізацыя
ненармалёвых рэчаў: я прыйшоў на канцэрт і мушу быць падрыхтаваны да таго, што
мяне могуць затрымаць. Дзяржава пільнуе: татальны нагляд, дагляд і падгляд — ён
існуе".

Нагадаем, што ў
лістападзе 2011 года брэсцкая міліцыя таксама сарвала хардкор-канцэрт. Ён мусіў
адбыцца ў фармаце закрытай вечарыны ў ДК
"Скокі"
(3 км ад Брэста). У якасці хэдлайнераў планаваўся ўдзел
расійскага гурта SARAH HERE IS MY TEA. Супрацоўнікі міліцыі
паведамілі пра адмену канцэрта ў самы апошні момант, калі расійскі гурт ужо
прыехаў у Брэст. Музыкам прыйшлося папросту паехаць дадому.

Спецыяльна для праваабарончай праграмы
"Кардыяграма"