Наколькі танней міліцыянту абыходзіцца ўласнае жыллё (падлікі)

“Хто сказаў, што тут будуць жыць сілавікі? Не толькі
сілавікі, але і іншыя людзі. А калі і сілавікі, то што — яны не грамадзяне
Рэспублікі Беларусь?”
— расказваюць Еўрарадыё ў “Мінскім домабудаўнічым камбінаце”
пра нашумелую будоўлю ва Уруччы.

Вядома, што грамадзяне. Вось толькі не зусім звычайныя. На
днях газета “Минский курьер” апублікавала праектную дакументацыю на новы дом ў
мікрараёне Лошыца, дзе будуць жыць сілавікі і тыя, хто чакае чаргі больш за 20
гадоў. Кошт метра — 630 долараў. Прычым эксперт па нерухомасці Мікалай
Прасталупаў
з асацыяцыі “Нерухомасць” расказвае Еўрарадыё, што сярэдні кошт
квадратнага метра ў Мінску ўжо дасягнуў 1400 долараў.

Нескладаныя падлікі паказваюць, што адносна невялічкая
двухпакаёвая кватэра плошчай 60 квадратаў пры такім раскладзе будзе каштаваць
усяго каля 38 тысяч долараў. Для простых смяротных — 84 тысячы, больш як удвая
даражэй.

І гэта не ўсё. Крэдыт на жыллё сілавікам (а гэта не толькі
міліцыянеры, сюды ж адносяцца супрацоўнікі КДБ, Дэпартамента аховы,
Дэпартамента выканання пакаранняў
і інш.) выдаюць пад 5%. Звычайным грамадзянам
— больш за 30% (на 20 гадоў). Калі падлічыць усе выдаткі за 20 гадоў карыстання
крэдытам, то атрымаецца, што міліцыянер заплаціць за тую ж сціплую двухпакаёўку
76 тысяч долараў. А беларус без пагонаў — астранамічную суму ў 605 тысяч
долараў.

Мікалай Прасталупаў расказвае, што ахвотных узяць неільготны
крэдыт на будаўніцтва кватэры амаль няма.

“З тых, хто бярэ крэдыты на жыллё, 95% карыстаюцца
льготнымі. Як правіла, звычайныя крэдыты пад 35-40% людзі не бяруць. Толькі ў
выключных выпадках”

Ды і адкуль узяцца такім людзям, калі грошы на аплату
поўнага кошту двухпакаёўкі выдадуць толькі тым, хто ў месяц зарабляе больш за 5
тысяч долараў? Калі змогуць угаварыць такога шчасліўчыка аформіць крэдыт,
вядома.

Самі міліцыянты нейкай несправядлівасці ў існаванні льгот не
бачаць.

“Я нядаўна быў на пачатку будаўніцтва дома, там ужо пачаліся
працы. Службовае жыллё ж — гэта чужое. Скончыцца служба — на вуліцу ісці?"

— пытаецца амапавец Эдуард, будучы жыхар Уручча.

Што праўда, ільготы у Беларусі прадугледжаныя не толькі для
сілавікоў. Яшчэ для інвалідаў, сірот, малазабяспечаных і шматдзетных сем'яў.
Для апошніх, напрыклад, магчымасць атрымаць крэдыт пад 14% на 20 гадоў. У тры
разы даражэй, чым міліцыянтам.