Нацбанк: Золатавалютны рэзерв у бяспецы — грыбка няма!

Долар пад
пагрозай — яго жарэ каварны грыбок, пужае беларусаў газета "Рэспубліка".

"Грыбы паўсюль! Яны ў паветры, у зямлі. Але
без іх жыццё б спынілася",
— кажа кіраўнік лабараторыі мікалогіі Інстытута эксперыментальнай батанікі
Акадэміі навук Беларусі Вольга Гапіенка.

Але гэта
нармальная з'ява, супакойвае біёлаг. Долары зробленыя з баваўнянага валакна,
таму калі ёсць умовы, то грыбок будзе расці.

"Нармальныя ўмовы для росту грыбоў — грыбы
растуць, а ўмовы, які не стымулююць рост, — грыбок не расце. Гэта вільготнасць
і тэмпература. Я долары не правярала. Гэта можа быць любы грыбок, які расце на
паперы, ці той, які быў у памяшканні. Іх вельмі шмат, гэтых грыбкоў".

Напрыклад, валюта
захоўвалася недзе ў сырым месцы, як сутарэнне. Цяпер жа многія хаваюць,
распавядае пра магчымыя прычыны з'яўлення грыбка Вольга Гапіенка.

Больш за ўсіх
наяўнай валюты ў нашай краіне захоўвае ў памяшканнях Нацыянальны банк. Ці ў
бяспецы валютныя рэзервы? Распавядаем пра небяспечны грыбок супрацоўнікам
сховішча Нацбанку. Які жах! — адказваюць:

"У нас прыкладна 50 працэнтаў вільготнасці.
Цвілі няма! Выкарыстоўваецца вентыляцыя. Паветра праточнае, не застойваецца.
Нармальныя звычайныя ўмовы, як у кватэры",
— супакойваюць банкіры і даюць параду:
прынцыпова, каб вільготнасць не перавышала 60-70 працэнтаў. Калі ў памяшканні
паніжаная тэмпература, высокая вільготнасць і няма спецыяльных фільтраў, там
будзе збірацца кандэнсат і з'яўляцца цвіль.

"Каб не рос грыбок, патрэбная нармальная
тэмпература, сухое паветра і праветрыванне"
, — тлумачыць Вольга Гапіенка.

Карацей, калі
долар будзе ляжаць у кватэры ці ў кашальку, то ўсё будзе нармальна.

А каб грыбок
вырас, трэба захоўваць амерыканскую валюту ў цэлафане ці слоіку — у панчохах
можна, яны праветрываюцца. Ці пакласці валюту ў сутарэнне, альбо закапаць у
зямлю.

Можна, зразумела,
замест амерыканскіх долараў закапаць у зямлю свае ашчаджанні ў канадскіх, бо
яны з пластыку. Але і гэта можа не ўратаваць, бо ўжо знайшлі грыбок, які жарэ
пластык!

"Ён палімеры есць, шкло, ён есць усё. Калі б
не было грыбоў, мы б задыхнуліся ад арганікі. Цяпер грыбы перабраліся нават на
сінтэтыку. Знайшлі грыбок, які прызвычаіўся пластык есці. Ён з'ядае ўсё, і
потым гэта пераводзіць ў неарганіку, дзякуючы якой потым расце лес".

Калі ж долар з’еў
грыбок, то адчайвацца не варта. Яго заўсёды можна здаць у любы банк з невялікай
камісіяй, тлумачаць у аддзяленні Нацбанка на Талстога.

"Нацбанк — так, як і ўсе камерцыйныя банкі, —
прымае такую валюту на інкаса. Валюта прымаецца, залічваецца на пэўны рахунак.
Калі яны не могуць вызначыць від забруджвання ці ім падаецца, што валюта
фальшывая, яе павінны прыняць на інкаса. Яна ў вас забіраецца, правяраецца на
працягу месяца, за гэта ёсць пэўная камісія, цяпер каля 5 працэнтаў".

Таксама на
вырашэнне касіра такую валюту могуць памяняць адразу ў абменніку з невялікай
камісіяй.

Згодна з
пастановай Нацбанка, можна абмяняць банкноты, якія маюць надрывы, у тым ліку
залепленыя ліпкай стужкай, навялікія адтуліны, праколы, страчаныя куты і краі,
нязначныя забруджванні, плямы, надпісы, штампы.

Таксама можна
абмяняць купюры, якія страцілі значную частку, але не больш за 45 працэнтаў,
злепленыя з частак, што належаць адной банкноце і складаюць 55 працэнтаў яе
плошчы. Купюры, якія змянілі афарбоўку, маюць свячэнне ў ультрафіялеце,
пашкоджаныя агнём, іншымі вадкасцямі ці хімікатамі, калі гэта не перашкаджае
праверыць сапраўднасць банкнот. Альбо купюры, якія змянілі свой памер з-за
ўздзеяння агрэсіўнага асяроддзя.

Фота: comments.ua