На “пытанне Макея” еўрапейскім міністрам “не хапіла часу”

130218_eurafokus.mp3

Да віленскага саміту "Усходняга партнёрства" засталося 9 месяцаў. За гэты час ЕС разлічвае атрымаць станоўчыя сігналы ад Украіны, спрасціць атрыманне шэнгенскіх візаў грамадзянамі Арменіі і завяршыць перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму з Азербайджанам.

“Калі казаць пра будучы саміт “Усходняга партнёрства”, які адбудзецца ў Вільні сёлета, то прадстаўнікі гэтых краін прыедуць на яго, каб абмеркаваць магчымасць паглыблення адносінаў з ЕС”, — напярэдадні сустрэчы міністраў замежных спраў краінаў-удзельніц ЕС 18 лютага дзеліцца планамі прадстаўніца Еўрасаюза па замежнай палітыцы і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан.

Польскі міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі кажа журналістам, што ўсходняя палітыка Еўрасаюза прыносіць шмат поспехаў.

Радаслаў Сікорскі: “Звярніце ўвагу на тое, што з нашымі ўсходнімі партнёрамі мы размаўляем пра дамовы аб асацыяцыі, а не пра войны. На сённяшні дзень Усход — гэта месца, дзе Еўропа вядзе паспяховую палітыку. Застаецца толькі гэтыя поспехі замацаваць у выглядзе двухбаковых дамоваў”.

18 лютага асноўнай тэмай, якую абмяркоўвалі кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў краінаў ЕС, было развіццё ўзброеных канфліктаў у Сірыі і ў Малі. Але ў высновах, прысвечаных сустрэчы, згадваецца і Беларусь. Савет ЕС чарговы раз заяўляе пра "гатовасць пачаць перамовы па спрашчэнні візавага рэжыму і пра пагадненні аб рэадмісіі" з нашай краінай.

На большае гэтым разам “не хапіла часу”. Напрыклад, еўрапейскія міністры замежных справаў не паспелі вырашыць, ці зрабіць уязным у Еўрасаюз свайго беларускага калегу Уладзіміра Макея.

“Гэта пытанне датычыцца наўпрост узаемаадносінаў ЕС і Беларусі. Яно ўвесь час на парадку дня. Але 18 лютага не было часу на такія рашэнні. Савет ЕС абмяркоўваў не Беларусь, а "Усходняе партнёрства". Але, паўтаруся, гэтае пытанне па-ранейшаму застаецца на разглядзе”, — каментуе для Еўрарадыё Мая Качыянчыч, прэс-сакратар Кэтрын Эштан.

Нашмат больш у выніковым камюніке гаворыцца пра Украіну. Паўднёвай суседцы Беларусі нагадалі пра ўмовы, выкананне якіх мусіць папярэднічаць спрашчэнню візавага рэжыму з ЕС. Гэта забеспячэнне міжнародных стандартаў правядзення выбараў, удасканаленне сістэмы правасуддзя і правядзенне эканамічных рэформаў. Знаёмыя патрабаванні, ці не праўда?

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі