Жанчына з кандзібоберам: як сюжэт СТВ стаў сенсацыяй. Расказвае яго аўтарка

35 секунд шчырага смеху

35 секунд шчырага смеху / @rubanau_collage

"Я пражыла даволі доўгае жыццё... [Імя] Ібрагім вам што-небудзь гаворыць? Прыгожае імя. Алах Акбар!" З гэтай ці то бескампрамісна сур'ёзнай, ці то няўлоўна іранічнай фразы пачынаецца знакамітае відэа пра жанчыну ў чырвоным капялюшыку, які яна ласкава называе "кандзібобер".

Яго паглядзелі, ці хаця б ведаюць пра існаванне, здаецца, літаральна ўсе жыхары постсавецкай прасторы, якія карысталіся інтэрнэтам. Відэа ў 2010-м годзе зняла здымачная група дзяржтэлеканала СТВ на плошчы Якуба Коласа — але цікавасць да яго не згасла дагэтуль.

Еўрарадыё адшукала аўтарку віруснага відэа і распытала, як паўстаў і разросся да небывалых маштабаў відэамем. Імя і прозвішча суразмоўніцы мы не пішам па яе просьбе.
 

— Як атрымалася, што вашая здымачная група сустрэла такую яркую мінчанку?

— Не ведаю, ці ёсць такая практыка цяпер, але калісьці ў перадачы "Раніца на СТВ" абавязковай рубрыкай ішлі відэаапытанні грамадзян. Тэмы для размовы былі самыя розныя, іх звычайна прыдумляла на мазгавых штурмах уся рэдакцыя тэлеканала. І гэтыя апытанні праводзіла большай часткай я.

Апытанне пра незвычайныя імёны было адным з такіх, для якога трэба было набраць 5-7 цікавых, смешных ці проста адметных адказаў ад гараджан.

— То-бок гумар у адказе ўсё ж такі прадугледжваўся?

— Задача была ў тым, каб на выхадзе атрымалася нешта забаўнае. Гэта ўсё ж такі ранішні эфір, ён заўсёды мусіць быць лёгкім і забаўляльным.

На той момант я ўжо шмат правяла апытанняў і вызначыла для сябе наступную заканамернасць — у Мінску складана было падыходзіць да людзей з камерай і просьбай крышку пагаварыць. З 20 чалавек добра калі сем былі гатовыя да дыялогу. Большасць праходзяць міма або наўмысна цябе ігнаруюць — напэўна, цяпер сітуацыя яшчэ горшая.  А потым з гэтых адказаў трэба было выбраць самыя нянудныя.

У гэтай сітуацыі быў важны нюанс — ярка ці вельмі незвычайна апранутыя людзі са значна большай верагоднасцю былі гатовыя ісці на кантакт. Жанчына з чырвонай памадай і ў чырвонай шапачцы падалася вельмі кантактнай — і мы з аператарам не прагадалі.

— Якія ў цябе ўражанні засталіся ад размовы з ёй?

— Людзі на апытаннях дзеляцца на дзве групы: тых, каго ты ніяк не можаш разгаварыць, і тых, хто проста балбоча, не сціхаючы. І ты будзеш думаць толькі пра адно: "Госпадзі, як цябе спыніць? Закончы думку, я хачу сысці!"

І ў нейкі момант мне падалося, што яна будзе з тых людзей, якіх будзе вельмі складана спыніць. Я яшчэ падумала: "Толькі б аператар не выключыў камеру".

Але ў момант запісу яе маналог падаўся проста забаўным. Размова ў моманце і ўжо пасля, у час праслухоўвання, успрымаецца зусім па-рознаму. Тое, што здавалася каштоўным, аказваецца па факце не такім важным. А нейкая прамоўленая лухта — вельмі трапнай заўвагай.  

З ёй было адчуванне, што гэты адказ пойдзе ў праграму, але яго варта падрэзаць. Але калі мы матэрыял заганялі на мантаж, я зразумела, што яе варта даваць цалкам, не абразаючы. Атрымалася па-свойму закончаная гісторыя.

— То-бок гэты маналог цалкам трапіў у эфір?

— Так, яна была ў эфіры.

Гэта таксама было смешна, таму што калі мы аблічбоўвалі відэа, мантажор падчас прагляду здзіўлена запытаў: "Мы ж гэта выкідаем? Ты ж гэта не возьмеш?" А я ўзяла. Гэта была дзіўная і смешная сітуацыя, хацелася гэтым падзяліцца з гледачамі. А потым і астатнія калегі, якія ўбачылі, падтрымалі.

— Ці была потым рэакцыя ад гледачоў?

— Не, нічога не было. На той момант ужо выкладаліся матэрыялы СТВ на ютуб, але апытанні звычайна заціралі. Кандзібоберу пашанцавала, потым ён трапіў у тэчку з відэапрыколамі.

Выпуск перадачы +100500 з відэа пра кандзібобер

Рэакцыя ўжо пайшла пасля, калі ролік размясціў у інтэрнэце адзін з супрацоўнікаў канала, які з'ехаў працаваць у Маскву. А яго ўжо там узяла на прымету расійская гумарыстычная перадача "+100500".

— А табе было ясна, што гэта хіт інтэрнэту?

— Не, не было. Гэта была проста адна пацешная гісторыя з працы сярод шматлікіх іншых пацешных эпізодаў. Большасць з іх забываецца на наступны дзень, а вось гэтаму відэа проста пашанцавала.

На працягу года хтосьці са знаёмых напісаў, што відэа завірусілася ў сеціве. Мне падалося гэта забаўным, толькі і ўсяго.

Усведамленне папулярнасці відэа прыйшло, калі ў Мінск прыехала адна з каманд КВЗ. Яе ўдзельнікі раптам пачалі фатаграфавацца з машынай з лагатыпам СТВ, са словамі "гэта ж лагатып з кандзібобера". Тыя, хто ездзіў на здымкі КВЗ, са здзіўленнем расказвалі пра гэты выпадак. Гэта нагадвала лёгкае вар'яцтва.

— Ці сустракаліся яшчэ раз з гэтай гераіняй?

— Так, была яшчэ адна сустрэча, прычым вельмі хутка, да таго, як першае відэа стала папулярным.

Я дрэнна бачу і магу зразумець, што за чалавек, толькі падышоўшы да яго вельмі блізка. А гэта зноў аказалася тая самая жанчына. Яна адказвала ў сваёй фірмовай манеры. Добра памятаю, што пытанне было пра прафесіі ў сямейных дынастыях. І яна загаварыла зноўку пра Афганскую вайну. Запэўнівала, што ваенны доктар і яе бацька таксама, зноў узгадала Афганістан. У той раз яе адказ гучаў не так шалёна, як у першы раз, гаворка была складная. Яна зноў трапіла ў эфір, але ўжо ў моцна падрэзаным варыянце.

— Ці зразумела ты, што гэта за жанчына?

— Не, я зусім не знаўца чалавечых душ. Мне яна падалася вельмі пераканаўчай у сваёй фіксацыі на Афганістане.  

Яе спрабаваў адшукаць чалавек, які размясціў ролік у інтэрнэце, але ў яго нічога не атрымалася. І тое, што цяпер апублікавалі магчыма праўдзівыя асабістыя звесткі гэтай жанчыны (маецца на ўвазе на гэты момант выдаленая нататка выдання "Наша Ніва", якую яны падрыхтавалі разам з "Кіберпартызанамі". — Еўрарадыё) — гэта жудасна. Тым больш, калі чалавек сапраўды хворы. Навошта ўсё гэта? Каб яшчэ пасмяяцца, здаволіць сваю цікаўнасць? Што гэта дае?

Чалавек з відэа — проста вобраз. У выпадку з прафесійным акцёрам важна, як ён валодае сваім майстэрствам, а не факты яго біяграфіі і медычная карта.

— А табе як здаецца, яна ўсё гэта казала шчыра ці адмыслова іранізавала?

— У момант здымак у мяне не было адчування, што чалавек іранізуе. Інтанацыя была цалкам сур'ёзнай.

Женщина с кандибобером: как сюжет СТВ стал сенсацией. Рассказывает его авторка
Тлумачэнне слова кандзібобер / vokrugsveta.ru

— У роліка адкрылася другое дыханне адносна нядаўна, адразу пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Раскажы, як так выйшла?

— Сапраўды, гэта было крыху больш за год таму, вясной 2023 года. Мне ў Whatsap раптам напісала жанчына — адна з прадзюсарак расійскага тэлеканала. Гэта было смешна! Яна напісала: "Мы вас так доўга шукалі, якое шчасце, што знайшлі". Яны рабілі праграму пра самыя вядомыя мемы ютуба і прасілі з імі пагаварыць.

Мне тады стала вельмі цікава, таму што з нагоды гэтага відэа ніхто ніколі не звяртаўся. Было зразумела, што я нікуды не паеду і размаўляць з імі не стану, але пацешны быў пасаж пра "доўга шукалі". Нічога занадта складанага тут якраз не было — усе на СТВ ведалі, хто зняў сюжэт, дастаткова было адшукаць чалавека з рэдакцыі і задаць пытанне.

Дзеля справядлівасці, яны нікуды запрашаць і не збіраліся — прапанавалі запісаць на тэлефон адказы на іх пытанні. Я адказала, што зараз праграма пра мемы не самая патрэбная і актуальная справа. Прадзюсарка тады парыравала, што так, час няпросты, але трэба даць людзям аддухі і пасмяяцца. Карацей, на гэтым мы разышліся.  

— Кандзібобер у тваёй кар'еры — адзінае відэа, якое набыло такую шалёную папулярнасць? Ці былі яшчэ прэтэндэнты?

— Зразумела, не.  Я зрабіла шмат цікавых рэчаў у жыцці і прафесіі, але я цяпер для ўсіх сваіх знаёмых чалавек-кандзібобер. Сумніўная вартасць, на маю думку. Што б ты не прэзентаваў цяпер публічна, цябе запомняць менавіта па гэтым відэа.

— Таму ў тваім рэзюмэ няма згадкі, што ты аўтар гэтага відэа?

— Менавіта так. Думаю, што ў гэтым выпадку запрашалі б на сумоўе, каб проста паглядзець, хто ўсё гэта зняў.

Увесь гэты час я жыву з думкай, што як бы я ні старалася, якой бы добрай у прафесіі ні была, што б ні рабіла, я не здыму больш ніколі і нічога, што разыдзецца настолькі шырока.

— Але наогул якія-небудзь плюсы табе або каналу ад гэтага відэа дасталіся?

— Не, тэлеканал не здолеў скарыстацца такой магчымасцю. Затое мае знаёмыя і калегі па канале перыядычна мне дасылаюць усё новыя варыяцыі ўзнаўлення або цытавання відэа іншымі людзьмі. Так і падтрымліваем сувязь, смяемся.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі