На прэзентацыі альбома Happy Face плануюць сапраўднае шоў

Культавы ў 90-х гранж-гурт Happy Face прэзентуе альбом "Сверхновая" пасля 12 год маўчання. Цікава, што дыск быў гатовы ўжо каля года таму, але хлопцам не хапала магчымасцяў для яго выдання. Зараз сітуацыя змянілася і музыкі вырашылі прэзентаваць дыск з сапраўднай помпай, безліччу цікавых конкурсаў, каштоўных прызоў і сувеніраў.

"Прэзентацыя альбома 16 чэрвеня ў сталічным клубе "Юла", - распавядае пра імпрэзу дырэктар гурта Іван Лучшы. - У падтрымку выступяць яшчэ тры гурты Ann Core, "Без паники" ды Koda G9. Будзе прэзентацыя новага кліпа на загалоўную песню альбома "Сверхновое", а таксама выступ штукара, ды неонавае шоў непасрэдна падчас канцэрта Happy Face".

Апроч песень дыска ды некалькіх кавераў на Nirvana і сябе старых, музыкі планавалі прадставіць на канцэрце і зусім новую праграму. Але па сямейных абставінах з гурта нечакана сышоў Леанід Гарадзінскі. Хлопцам нават давялося перазняць некалькі кадраў кліпа, каб у ім з'яўляўся новы бубнач. Таму пакуль на канцэрце ў "Юле" прагучыць толькі дзые-тры прэм'еры.

Альбом "Сверхновая" можна будзе набыць на самой прэзентацыі, а таксама ва ўсіх дыскавых рапаўсюдніках краіны адразу пасля 16 чэрвеня. Ці з'явіцца ён у вольным доступе ў інтэрнэце, хлопцы пакуль не вырашылі, але калі і выкладуць яго, то значна пазней.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі