Happy Face знялі восеньскую любоўную гісторыю

Гурт Happy Face зняў кліп на павольную, сумную песню “Вечная осень” з апошняга альбома “Сверхновая”. Відэа здымалі цягам тыдня ў мінскім Лошыцкім парку ды наўпрост на вуліцах Мінска. А паводле сюжэту — гэта абсалютна простая, але прыгожая любоўная гісторыя, прызнаецца вакаліст ды басіст гурта Аляксей "Мумрык" Цецін.

“У нас ужо ролікі здымаліся на хуткія ды цяжкія тэмы, — тлумачыць выбар песні музыка. — А тут яшчэ восень сыходзіць — мая ўлюбёная пара. Я паглядзеў у вакно, там было прыгожа, і ўзнікла ідэя зняць відэа менавіта на гэту песню, яна найбольш адпавядае настрою. Да таго ж, акурат у гэты час мы пазнаёміліся з хлопцамі, якія здымаюць відэа і яны таксама абралі менавіта гэту песню”.

Паглядзець кліп можна будзе 29 лістапада падчас яго канцэртнай прэзентацыі ў “Графіці”. Пакуль жа ў інтэрнэце ёсць трэйлер, праўда, па ім можна зразумець толькі тое, што відэа рабілі прафесіяналы. Цалкам ролік з’явіцца ў інтэрнэце на наступны дзень пасля прэзентацыі.

Таксама на канцэрце музыкі плануюць выканаць лепшыя песні з усіх сваіх чатырох альбомаў, якія не гучалі ўжо больш за 10 год. А разагрэюць Happy Face сябры ды стылістычныя калегі з Гомеля гурт Glofira.

Дарэчы, цяпер культавы ў 90-х гранж-гурт працуе над наступнай пласцінкай. Хутчэй за ўсё, гэта будзе ЕР, які з’явіцца ўжо на пачатку наступнага года.

Рэжысёр - Андрэй Мураўскі

Здымкі, мантаж - Андрэй Мураўскі ды Сяргей Арынохін

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі