На месцы калонкі ў вёсцы Крамянец Лагойскага раёна з’явіўся фантан

На некалькі месяцаў раней, чым у сталіцы, адкрыўся сезон фантанаў у вёсцы Крамянец Лагойскага раёна. І б’е гэты фантан з калонкі, якая забяспечвае вадой ледзь на палову вёскі. Зараз набраць вады з той калонкі і застацца сухім немагчыма.

Пра тое, што калонка у вёсцы Крамянец — “праблемная”, Еўрарадыё паведамляла яшчэ летась у ліпені. Ужо тады яна добра працякала, і да таго ж вада ішла напалам з брудам, пяском і смеццем.

Але як паведаміла жыхарка вёскі Соф’я Мардас, пасля рэпартажа Еўрарадыё і зваротаў да мясцовага начальства ды ў жылкамгас сітуацыя не змянілася.

Соф’я Мардас: “І мы пасля таго, увосень, самі звярталіся — пісалі паўсюль і пісалі. Але — ніхто і нічога. Мы пазатыкалі, калочкамі пазабівалі гэтыя дзіркі збоку і зверху — неяк троху трымалася. Але цяпер зусім прарвала: б’е фантанам, страшна глядзець”.



На думку жанчыны, выправіць сітуацыю вялікай праблемы не складае. Вось толькі нікому гэта чамусьці не патрэбна.

Соф’я Мардас: “Там і працы няшмат: спыніць вежу (воданапорную — Еўрарадыё), заварыць гэтыя дзве дзіркі і ўсё! Але нікому гэта не кідаецца ў вока. А помпа працуе суткамі. Матора шкода, што так матае бясконца, — гэта ж і энергія! Зараз згарыць — і будуць аддаваць такія грошы за помпу! Прамбурводы будуць выклікаць, але”...

Тое, што выправіць сітуацыю насамрэч не складана, пацвердзіў у размове з Еўрарадыё і супрацоўнік Лагойскага Жылкамгаса.

Супрацоўнік Жылкамгаса: “Сельсавет павінен нам аплаціць, ліст гарантыйны напісаць і ўсё — паедзем і зробім. Можа 700, можа 1 мільён, можа 1 мільён 200 — я ж не ведаю, трэба ўсё падлічыць: колькі працы там будзе, колькі капаць, колькі яшчэ чаго”.

Па яго словах, праблемы з вадой у Краменцы супрацоўнікі Жылкамгаса ведаюць даўно. І калі, кажа суразмоўца Еўрарадыё, калонка, пра якую ідзе гаворка, ператварылася у фантан, то яшчэ 8 — не працуюць зусім. І зараз на ўсю вялікую вёску ў амаль сотню хат больш-менш працуе толькі адна калонка. Але Жылкамагас за іх рамонт не бярэцца, бо яны не ўваходзяць у іх гаспадарку: засталіся на балансе мясцовых уладаў.

Але як высветлілася, і тут не ўсё так проста. Паводле старшыні сельсавета Валерыя Гарачкі, менавіта за тую калонку, што фантаніруе, мясцовыя ўлады ніякай адказнасці не нясуць.

Валерый Гарачка: “Гэтая калонка ўваходзіць у водаправодную сістэму, якая ад фермы ідзе. І стаіць яна на балансе мясцовага СВК. І грамадзяне, якія карыстаюцца гэтай калонкай, павінны заключаць пагадненне на водакарыстанне з калгасам. Што, відаць, не зроблена. Астатнія калонкі — ад іншай сістэмы. Адна свідравіна (калонка — Еўрарадыё) каля крамы знаходзіцца і мы пакуль абслугоўваем яе самі”.

Калгас, у водаправодную сістэму якога трапляе калонка-фантан у вёсцы Краменец, насамрэч з’яўляецца таварыствам з абмежаванай адказнасцю “СНБ-Агра”. Але як патлумачылі Еўрарадыё ў прыёмнай дырэктара, разабрацца зараз у сітуацыі з крамянецкай калонкай і ў тым, каму яна падпарадкоўваецца, у якую сістэму ўваходзіць і хто мусіць яе рамантаваць, немагчыма.

Прыёмная: “Калі і мог нехта валодаць гэтым пытаннем — намеснік дырэктара ў нас быў, ён усім гэты займаўся. Адказваў непасрэдна за вежы (воданапорныя — Еўрарадыё), за ўсю гэтую сістэму. Але 10 красавіка ён звольніўся. Пакуль на гэтую пасаду ніхто не прызначаны”.

Сам жа дырэктар, Віктар Барысевіч, кажа, усе сілы і час аддае пасяўной. І нават у сваім кабінеце амаль не бывае. Таму, калі ў яго знойдзецца час, жаданне і магчымасці заняцца пытаннем крамянецкай калонкі, сказаць цяжка. Калі ўвогуле знойдзецца.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі