На фэсце “Дзень радыё” Pomidor/OFF прэзентуе новы EP

Гурт Pomidor/OFF запісвае максі-сінгл з працоўнай назвай “Летняя спёка”. EP складаецца з чатырох песень, прысвечаных лету. Выглядае на тое, што даўняя ідэя лідара гурта Аляксандра Памідорава паспрабаваць сябе ў рэгі перакінецца на наступную паўнафарматную працу гурта.

“Калі мы ўжо ўвайшлі ў студыю, то працэс неяк пойдзе, ― выказвае пажаданні на новы альбом лідар гурта. ― У нашых планах — выдаць які-небудзь яшчэ матэрыял увосень ці, зноў жа, зімой. Справа нават не ў недахопе матэрыялу, бо ён паступова прыбывае. Проста трэба сесці і ўсё, што круціцца ў галовах, сабраць да кучы. Некаторыя песні гэтага сінгла будуць пераробленыя, і ў іншых версіях таксама трапяць на альбом. Як гэта ўжо было з песняй “Шабаны” і папярэднім “Патасам”.

На максі-сінгле выйдзе рэгі-твор “Летняя”, які музыкі ўжо выконвалі на канцэртах, але цяпер яго гучанне сур’ёзна зменіцца. Пакуль музыкі спадзяюцца зрабіць інтэрнэт-рэліз альбома на пачатку чэрвеня, але абяцаць баяцца. Калі атрымаецца, EP выйдзе і на фізічных носьбітах. Але наклад будзе невялікі: для падарункаў і самых заўзятых фанатаў.

Упершыню пачуць усе песні з новага міні-альбома Pomidor/OFF можна будзе ўжо 6 траўня, у клубе Re:Public на фестывалі “Дзень радыё”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі