Мінскі таксіст “падняў” на перамогах БАТЭ 8 тысяч долараў!

Свой учынак таксіст, які папрасіў Еўрарадыё не называць сваё імя, тлумачыць “ідыёцкім патрыятызмам”. За БАТЭ ён ніколі не заўзеў, а стаўкі ў букмекерскіх канторах калі і рабіў раней, дык вельмі рэдка, за кампанію:


“Дзесяць сяброў ставілі супраць БАТЭ. І мяне спрабавалі пераканаць. Не ведаю, што мяне тузанула… Я, можа, і не паставіў бы ні першы і ні другі раз. Але яны ўсе казалі: “Не трэба! Не трэба! Не трэба!” Проста на злосць ім зрабіў стаўку”.


У выніку сябры засталіся ні з чым, а таксіст атрымаў салідны выйгрыш! Першыя 5 мільёнаў ён паставіў з каэфіцыентам 8,5. Гэта значыць, за кожны мільён атрымаў па 8,5 мільёна! Што праўда, калі букмекеры даведаліся на вынік матча “Ліль” — БАТЭ, каэфіцыенты сталі больш сціплымі.


Таксіст: “Нехта кажа, што гэта ім пашанцавала. Але хто ж яго ведае: пашанцавала ці гэта яны проста выклаліся, як мае быць? Таму на матч з “Лілем” каэфіцыент быў 8,5, а зараз, на гульню з “Баварыяй”, 7,3 быў каэфіцыент”.


2 кастрычніка таксіст нават футбол не глядзеў — працаваў у горадзе. Там-то яго і злавіў карэспандэнт Еўрарадыё. За два матчы ён зарабіў у букмекераў 69 мільёнаў рублёў. Гэта 8 тысяч долараў! Сума фантастычная. Таксіст кажа, што на гульню з “Валенсіяй” ставак рабіць не будзе: хопіць.


Букмекеры называюць выпадак героя нашага сюжэта выключэннем. У канторы “Плюс-мінус” максімальная стаўка на БАТЭ склала… усяго 100 тысяч рублёў! Такія стаўкі — сімвалічныя. Іх робяць заўзятары, якія настолькі вераць у сваю каманду, што гатовыя нават “адказаць” за гэтую веру ўласнымі грашыма, — распавялі Еўрарадыё ў букмекерскай канторы.


Супрацоўніца "Плюс-мінус": “Вядома, на БАТЭ ставіў той, хто хацеў проста пазаўзець. І ім пашанцавала! Але нашмат больш ставілі на “Баварыю”.


100 тысяч рублёў на перамогу БАТЭ паставілі… у Барысаве! Такія ж стаўкі рабілі ў Магілёве. 
На БАТЭ прыйшлося прыкладна 40% ставак, зробленых на матч барысаўскага клуба з “Баварыяй”, паведамілі Еўрарадыё ў букмекерскай канторы “Алімп”:


“Большасць усё ж такі ставіла на “Баварыю”. Прыкладна 60% ставак было на яе. На перамогу “Баварыі”, на перамогу з форай [розніца больш чым у адзін мяч. — Еўрарадыё], з улікам дадатковага выніку (перамога “Баварыі” ці нічыя). 40% аналагічных ставак — на БАТЭ”.


Цікава, што пасля першага гола ў вароты баварцаў у перамогу БАТЭ паверылі нават букмекеры. Каэфіцыент з 1 да 12 змяніўся на 1 да 3! Прыкладна з такім жа каэфіцыентам працягнулі прымаць стаўкі на перамогу “Баварыі”.

Фота: n1.by.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі