Міліцыянт для рок-фэсту каштуе ад 40 да 100 тысяч рублёў

"У абавязковым парадку падпісваюцца дамовы на ахову грамадскага парадку з тэрытарыяльным упраўленнем унутраных спраў. Натуральна, выстаўляюцца супрацоўнікі міліцыі, якія нясуць адказнасць і ахоўваюць правапарадак на час правядзення масавага мерапрыемства. Гэта агульнапрынятая сусветная практыка", — гаворыць дырэктар канцэртнага агенцтва Уладзімір Шаблінскі.

Аплата залежыць ад месца правядзення, часу і працягласці канцэрта, колькасці людзей.

"Калі мы рыхтавалі Дзень Волі, то аплацілі і пажарную, і хуткую. Міліцыю не аплачвалі, — распавядае адзін з арганізатараў масавых акцый Віктар Івашкевіч. — Тады выдаткі склалі 6-7 мільёнаў рублёў".

Як даведалася Еўрарадыё, для аховы канцэрта з колькасцю наведвальнікаў да дзвюх тысяч чалавек і на пляцоўцы памерам менш за футбольнае поле спатрэбіцца каля 100 супрацоўнікаў міліцыі.

У мінулым годзе кошты былі ад 40 тысяч да 110 тысяч за супрацоўніка. Усё залежыць ад звання: за радавога кошт адзін, за маёра — іншы.

Возьмем у сярэднім 50 тысяч рублёў за чалавека — значыць, ахова падобнага канцэрта будзе каштаваць каля 5 мільёнаў.

"У нас ёсць досвед заключэння дамоваў з рознымі тэрытарыяльнымі ўпраўленнямі ўнутраных спраў, калі сумы вагаліся ад 1 мільёна да 30 мільёнаў. Усё залежыць ад рангу і маштабу мерапрыемства", — распавядае Уладзімір Шаблінскі.

Зразумела, што на буйным канцэрце з вялікай колькасцю народу — такім, напрыклад, як "Рок за баброў" — супрацоўнікаў будзе больш, і каштаваць будзе даражэй. Таму для падліку бярэм суму ў 20 мільёнаў рублёў.

Дадаем сюды 7 мільёнаў за хуткую і МНС — і атрымоўваем 27 мільёнаў (3250$) агулам за службы, якія ў прынцыпе мусяць прыехаць і бясплатна ў выпадку чаго.

Ці атрымоўваюць самі супрацоўнікі даплату з тых грошай, якія даюць арганізатары мерапрыемства?

"Існуюць тарыфы павышанай аплаты, тарыфы выхаднога дня, масавых мерапрыемстваў. Тарыфы розныя, і складаная сістэма падліку. Даплата — у залежнасці ад розных фактараў", — кажа кіраўнік службы інфармацыі мінскай міліцыі Аляксандр Ластоўскі. 

Але ж такія мерапрыемствы, як "Рок за баброў", ахоўваюцца ўнутранымі войскамі, дзе большасць асабістага складу — салдаты тэрміновай службы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі