Украінскія феміністкі: Мы здолелі збегчы, хаця нас спынілі міліцыянеры

Інтэрв'ю цалкам:

111219_interview_femen.mp3

ВІДЭА глядзіце тут.

Еўрарадыё: Іна, я толькі што вярнулася з акцыі, што зладзілі FEMEN на прыступках КДБ. Бачыла, што вы здолелі сысці…

Іна: Так, мы здолелі збегчы, хаця, калі мы звярнулі за вугал, нас спынілі міліцыянеры. Яны былі настолькі шакаваныя нашым знешнім выглядам – не зразумелі, хто мы такія, чаму ў нас такі знешні выгляд… Мы акурат апраналіся на хаду, у нас быў досыць дзіўны знешні выгляд. Міліцыянеры схапілі нас за рукі, спрабавалі выкарыстаць фізічную сілу, але не зразумелі, што адбываецца, разгубіліся і адпусцілі. Цяпер, відаць, яны разумеюць, што зрабілі вялікую памылку.

На самой справе, мы задаволеныя, што здолелі прыйсці пад галоўны ўваход КДБ, правесці акцыю ў падтрымку беларускага народа, выказаць нашу салідарнасць і заклікаць беларускі народ не баяцца. Хаця, калі шчыра, то мы не ўпэўненыя, што цяпер у бяспецы… Думаем, што хутчэй за ўсё нас шукаюць… Магчыма, нас спыняць і арыштуюць на мяжы. Але пакуль мы на волі, задаволеныя, што ў нас атрымалася зрабіць такі смелы акт. І я думаю, што Лукашэнка будзе не вельмі задаволены.

Еўрарадыё: Ці чакалі вы, што пачнуць затрымліваць менавіта журналістаў, а вы зможаце збегчы? Або вы маральна рыхтаваліся да затрыманняў, магчыма прыхапілі з сабой якія неабходныя рэчы – зубную шчотку…

Іна: Шчыра кажучы, мяне вельмі моцна шакавала тое, што затрымалі журналістаў! Гэта яскравая карціна таго, што такое Беларусь і рэжым Лукашэнкі. Мы, вядома, рыхтаваліся да таго, што нас, як актывістак, дзяўчат, якія асмельваюцца на такі смелы крок – пратэст топлес – мы рыхтаваліся да таго, што нас арыштуюць. Рыхтаваліся сядзець 15, а то і болей, сутак. Нават былі гатовыя да таго, што нас могуць збіваць. Ехалі сюды, у Мінск, рознымі шляхамі – дзеля таго, каб нас не спынілі на мяжы. І шчыра кажучы, мы рыхтаваліся да іншага.

Еўрарадыё: Калі стаялі на саміх прыступках КДБ, ці адчуваўся адрэналін, ці моцна хваляваліся?

Іна: Кожная акцыя Фемен – і першая, і апошняя (у Беларусі) – для мяне гэта, натуральна, агромністы выкід адрэналіну, мацнейшае хваляванне! Але наша задача не проста атрымліваць адрэналін, але вельмі важна ў гэты самы момант сябе кантраляваць, бачыць сітуацыю, хутка рэагаваць. Мы глядзелі за тым, як сябе паводзіць ахова, якая перыядычна выходзіла з галоўнага ўваходу КДБ. Мы за ўсім гэтым сачылі, хваляваліся, натуральна, але ўсё адно мы навучыліся сабой валодаць.
Мы не проста робім нейкі вар’яцкі ўчынак, мы асэнсавана ідзем на пратэст.

Еўрарадыё: Ці праводзілі вы падобныя акцыі, на такую самую тэму, раней?

Іна: Так, гэта не першы раз, калі мы выступаем у падтрымку беларускага народа, супраць рэжыму Лукашэнкі. Гэту ж тэму мы падымалі ў Кіеве не аднойчы. Паўтара года таму мы праводзілі мона-мітынг, дзе наша актывістка прыйшла топлес пад амбасаду Беларусі з заявай “ганіце бацьку, шукайце Алесю!”, з заклікам шукаць жанчыну, якая зможа ўзначаліць Беларусь і здолее пераўтварыць таталітарны рэжым у дэмакратычны. Таксама на майдане Незалежнасці мы праводзілі акцыю “рагаткі”, дзе расстрэльвалі з яек імправізаванага Лукашэнку, каб паказаць, што мы разам з беларускім народам, гатовыя падтрымліваць яго, разам змагацца.

Еўрарадыё: Хто маляваў партрэт Лукашэнкі на спіне ў адной з дзяўчат?

Іна: Малявала партрэт ўдзельніца сённяшняй акцыі пратэсту Аксана Шадзько, чорненькая дзяўчына, якая стаяла побач.

Еўрарадыё: Вы цяпер у бяспецы, але ёсць інфармацыя, што затрымалі аператара FEMEN? Ці ёсць у вас цяпер з ёй сувязь?

Іна: Гэта дзяўчына з Аўстраліі,яна здымае дакументальны фільм FEMEN. Цяпер ад яе няма ніякіх звестак, і тэлефон адключаны. Мы падазраём, што хутчэй за ўсё яна таксама арыштаваная і знаходзіцца ў КДБ. Нам невядома, што цяпер там адбываецца, мы вельмі моцна хвалюемся.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі