Лявон Вольскі вяртае сабе NRM?

120106 Luka6uk Volski.mp3

У навагоднюю ноч гурты "Ляпис Трубецкой" і "Крамбамбуля" ладзілі сумесны канцэрт у маскоўскім клубе "P!PL". Але нечакана высветлілася, што распачаўся вечар выступам гурта...  NRM. На чале з Лявонам Вольскім.



Сам Лявон у размове з Еўрарадыё гэтую інфармацыю ў расійскіх СМІ наконт выступу ў маскоўскім клубе менавіта гурта NRM абвяргае. Але прызнае: энэрэмаўскія песні выконваў. Асобным ад "Крамбамбулі" праектам. Праўда, назваў гэта “сольным праектам Лявона Вольскага”.



Лявон Вольскі: “Я чытаў гэты артыкул — журналіст проста паблытаў. Гэта выступаў Лявон Вольскі. Сольна, можна сказаць. Проста я спяваў песні энэрэмаўскія, якія пісаў у NRM, — “Тры чарапахі”, да прыкладу”.



І прызнаецца: асобным ад "Крамбамбулі" складам ён з гэтым праектам ужо даў шэраг канцэртаў, падчас якіх выконваў свае песні розных гадоў. Пераважна — з альбомаў NRM.



Лявон Вольскі: “Мы зараз зрабілі велізарны акустычна-дыджэйскі тур такім дзіўным складам: Алег, гітарыст з "Крамбамбулі", Мацей Сабураў — як ды-джэй і перкусіяніст, і я з акустычнай гітарай. І гэта было як канцэрт Лявона Вольскага. У Празе два канцэрты было, у Берліне — адзін, у Беластоку была поўная зала. Нават у Брэсце здолелі сыграць, хоць нам давялося перанесці яго з кавярні ва ўніяцкую царкву”.



У той жа час Лявон прызнаецца, што думаў над тым, каб гэтаму праекту даць назву. Але варыянт з назвай NRM не разглядаецца.



Лявон Вольскі: “Калі так будзе — хто мяне паважаць тады будзе, скажыце, калі ласка?! Калі я буду рабіць такія ракіровачкі? А ўвогуле, можа, зараз сабраць усё наноў і азалаціцца, так?”



Еўрарадыё: “Выступаюць жа на абшарах былога СССР невядома колькі складаў “Песняроў”.



Лявон Вольскі: “А! Можна і так — некалькі складаў. Не, наўрад ці так будзе. Хай яно само развіваецца, як развіваецца. Знойдзецца назва — дык назавецца, не — будзем так”.



Затое, кажа, зараз можна тыя ж “Тры чарапахі” ці іншыя даўно любімыя шматлікімі аматарамі NRM песні пачуць у выкананні як “Сольнага праекта Лявона Вольскага”, так і трыа NRM.



Піт Паўлаў, які зараз не толькі грае ў NRM на гітары, але і выконвае ролю фронтмэна, не адмаўляе права Вольскага на выкананне некалі напісаных ім жа песень. Але ў з’яўленні гэтага сольнага праекта былога лідара NRM бачыць прадуманы “макіявелеўскі” план.



Піт Паўлаў: “Гэта, напэўна, раскрывае яго першапачатковую “макіявелеўскую” задуму — ён сышоў з гурта, каб забраць сабе тое, што зроблена чатырма асобамі. А ён хацеў гэта забраць адзін. Ну, так выглядае. Я — супраць. Я лічу, што мой унёсак значна большы, чым ягоны, мой уласны. І гэта будзе відавочна праз некаторы час”.



Маецца на ўвазе, што ў хуткім часе з’явіцца новы альбом NRM, да напісання песень якога Лявон Вольскі не меў ніякага дачынення. Але пакуль хлопцы працуюць над новымі кампазіцыямі для гурта, Вольскі ездзіць з канцэртамі і збірае аншлагі са сваімі старымі песнямі.

 Фота: www.novayagazeta.ru