Лепшы альтэрнатыўны выканаўца Літвы выступіць у Мінску

“Дэбют” і “Лепшы альтэрнатыўны выканаўца” Літвы па выніках музычнай узнагароды “М.А.М.А.”, Маркас Палубенка выконвае незвычайную электраакустычную музыку. Яе карані ляжаць у міксе таго, што ён слухае штодня: ад папулярнай да андэграўнднай музыкі з яго асабістым успрыняццем жыцця.

Выканаўца, якога называюць літоўскім Томам Ёркам, збіраецца падарыць мінчукам прыемнае музычнае свята.

Маркас Палубенка: “Я паспрабую паказаць усё, што магу рабіць з камп’ютарам, гітарай і сваім голасам. Я намагаюся штораз, незалежна ад таго, дзе граю, рыхтавацца да гэтага, і кожны канцэрт рабіць святам для сябе і для слухача. Канцэрт у Мінску будзе яшчэ адным святам”.

Дарэчы, бацькі музыкі — беларусы родам з Гродзенскай вобласці:

“На радзіме бацькоў я быў апошні раз 5-6 гадоў таму, — распавядае музыка. — Потым стала мала часу на вандроўкі. Да таго ж, цяжкія ўмовы для атрымання візы. Я вельмі люблю тыя мясціны. Калі мне было 8-10 гадоў, мы са стрыечнымі сёстрамі туды ездзілі. Гэта быў выдатны час. Шкада, што цяяпер даводзіцца бываць там рэдка. Але, спадзяюся, па дарозе ў Мінск ці назад я туды заеду”.

Канцэрт Маркаса Палубенкі адбудзецца ў сталічным “Графіці” пры падтрымцы ўкраінскага інды-поп дуэта Zapaska. Пачатак канцэрта ў 19.00.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі