Куды падзелася соя з беларускай каўбасы?

111214 Nasta Kilbis.mp3

“Можа, нейкія камбінаты і так, але мы адназначна – не. Мы ўвогуле не выкарыстоўваем такія дабаўкі”, — запэўніваюць на Ваўкавыскім мясакамбінаце. Адмаўляюць выкарыстанне соі і на мясакамбінаце ў Слуцку.


Я прайшлася па мінскіх крамах і запыталася, ці ёсць у іх каўбаса без соі, прадавачкі паўсюль глядзелі на мяне здзіўленымі вачыма, і казалі, што уся каўбаса — без соі.


Але на прадпрыемстве, якое вырабляе харчовыя дабаўкі кажуць, што сёння мясакамбінаты купляюць больш соі — прыкладна на 10%:


“Гэта робіцца выключна для таго, каб зрабіць каўбасу больш даступнай для насельніцтва, таму што ніхто не хоча яе купляць за 150-200 тысяч”.

Каўбасны прылавак у краме "Радзівілаўскі"



Соі ў каўбасе можа быць нават больш, чым мяса! Тлумачыць Таццяна Дземчына, загадчыца сектара стандартызацыі мясной галіны "Інстытута мяса-малочнай прамысловасці".


Дземчына: “Ужыванне соі не рэгламентуецца. Гэта такі самы прадукт харчавання, як і ўсё астатняе. Адзінае, што ёсць нейкія абмежаванні па ўжыванні соі ў дзіцячым харчаванні”.


За год, паводле дадзеных Белстата, мяса падаражэла ў 2,3 разы. Каўбасу можна зрабіць з дарагога мяса, але яе ніхто не будзе купляць, кажа Таццяна Дземчына.


“Ва ўсім свеце ёсць прадукты эканом-класа, і прадукты прэміум-класа. Груба кажучы – прадукты для бедных і для багатых. Таму ад стану грамадства таксама залежыць, што вытворцы вырабляюць. Можна зрабіць заканадаўства жорсткім, але попыт нараджае прапанову… Калі ідзе бабуля ці чалавек менш забяспечаны, то яны купляюць тую каўбасу, якая ім падыходзіць па кошце, а не глядзяць, што там у ёй знаходзіцца”.


Па законе, калі ў каўбасе ёсць соя — гэта павінна быць пазначана. А соя для вытворчасці каўбасы выкарыстоўваецца ўжо больш за 30 гадоў. І яна не шкодная.


Дземчына: “Я на вытворчасці працавала больш за 30 гадоў таму, і ўжо тады выкарыстоўвалася соя”.


Інфармацыя для спажыўца павінна наносіцца на этыкетку, або быць прадстаўлена любым іншым спосабам.


“Каб я, прыйшоўшы ў краму як спажывец, магла атрымаць гэтую інфармацыю, — кажа Таццяна Дземчына. — Ёсць жа вагавы тавар, і я кажу дайце мне 200 грамаў гэтай каўбасы. Але я павінна спытаць у прадаўца. І ён павінен мне прадаставіць гэтую інфармацыю”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі