КДБ выбівала з Някляева прызнанні, што "Гавары праўду!" атрымоўвала зброю

Пра гэта лідар кампаніі "Гавары праўду!" распавёў 27 лютага на прэс-канферэнцыі ў Мінску. Уладзімір Някляеў пракаментаваў чарговы ўсплёск увагі да заявы Андрэя Дзмітрыева, зробленай пасля затрымання.

Па словах Някляева, якія перадае БелаПАН, Дзмітрыеў шмат чаго не сказаў на відэакамеру. Лідар кампаніі кажа, што з яго і з Дзмітрыева выбівалі сведчанні, што "Гавары праўду!" атрымлівала з-за мяжы не толькі грошы, але і зброю.

"Памятаеце, былі паказаныя гранаты з пісталетамі нібы ў офісе "Гавары праўду!", пасля іх знялі. Для чаго спатрэбілася, каб было паказана зброя? Каб сказаць, што рыхтавалася ўзброенае паўстанне, спроба ўзброенага звяржэння ўлады. Калі б людзі пайшлі да Адміністрацыі, гэтым бы апраўдвалі стральбу. Мне паказвалі людзей на пляцы, якія ляжалі, і нельга было разабраць, жывыя яны ці не. Казалі, што гэта растрэльны артыкул, што з-за вас загінулі людзі. Давайце дамовімся, што вам дапамагалі не толькі грашыма з Усходу і Захаду, а і тым, што было ў вас у офісе. Уявіце, што было б, калі б спецслужбам атрымалася зрабіць гэту правакацыю?" — сказаў Някляеў.

Аднак, заявіў ён, дамагчыся падобных прызнанняў не атрымалася.

Фота — svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі