Караць будуць не за бяздзеянне, а за маўклівае стаянне на вуліцы

З праекту закона “Аб унясенні зменаў і дапаўненняў у закон “Аб масавых мерапрыемствах” прыбралі слова “бяздзеянне”, але караць за ўдзел у “маўклівай акцыі” ўсё адно будуць. Пра прычыны гэтага кажа намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Палаты прадстаўнікоў Анатоль Глаз.

Анатоль Глаз: “Таму што (акцыя адбываецца — Еўрарадыё) паводле раней узгодненай дамоўленасці, у загадзя дамоўленым месцы і з загадзя дамоўленай тэмай. Таму яны трапляюць (пад дзеянне закона — Еўрарадыё). Але ж вы не маглі не заўважыць, што слоў “дзеянне” і “бяздзеянне” ў законе няма”.




Згодна са словамі дэпутата, калі людзі па раней узгодненай дамоўленасці стаяць у пэўным месцы і маўчаць, то ў адпаведнасці з будучым законам "Аб масавых мерапрыемствах" гэта лічыцца “деянием”, якое караецца паводле закону. Праўда, на заўвагу, што на беларускую мову гэтае рускае слова перакладаецца як “дзеянне”, Анатоль Глаз адказаў, што ў гэтых нюансах будуць разбірацца юрысты.

Выклікала неразуменне журналістаў і тое, ці будуць і надалей лічыцца несанкцыянаванымі мерапрыемствамі, да прыкладу, загадзя ўзгодненыя прабежкі па парку ці велапрагулкі. І прыгадалі, як такіх бягуноў міліцыя разганяла. Анатоль Глаз пашкадаваў, што ў законапраекце немагчыма прапісаць усе падрабязнасці.

Анатоль Глаз: “Культура павінна быць прафесійная, чалавечая і службовая. Тады такіх рэчаў будзе менш”.

Як адзначае дэпутат, змены ў закон уносяцца дзеля таго, каб забяспечыць бяспеку грамадзян, якія хочуць спакойна даехаць дахаты ці на працу. Карэспандэнт Еўрарадыё пацікавіўся, якім чынам такіх выпадковых людзей новы закон бароніць ад дзеянняў супрацоўнікаў у цывільным і ці гарантуе ён, што яны даедуць дахаты, а не патрапяць у Цэнтральны РАЎС.

Анатоль Глаз: “Міліцыя на падставе гэтага закона павінна як мінімум два разы сказаць: “Разыйдзіцеся, шаноўныя! Вашая акцыя незаконная”. І выпадковыя сыдуць. А невыпадковыя, калі палічаць неабходным, застануцца”.

І выказаў пэўныя пажаданні “супрацоўнікам у цывільным”, якія будуць працаваць на будучых акцыях.

Анатоль Глаз: “Супрацоўнік міліцыі альбо дзяржбяспекі можа быць у цывільным, адназначна. Але ён павінен прадставіцца і сказаць вам: “Паважаны, вы ўдзельнічаеце ў несанкцыянаваным мерапрыемстве. Мы вас просім пакінуць яго”. Калі той не сыходзіць, то яны маюць права ўжыць тыя санкцыі, якія дазволеныя ім законам. Я падкрэсліваю: прадставіцца! Калі ж не — яны павінны мець вопратку, якая іх адрознівае”.




Дэпутат абвяргае падазрэнні ў тым, што так хутка гэты законапраект быў прыняты з той прычыны, што спяшаліся ўвесці яго ў дзеянне да 8 кастрычніка, дзень правядзення “Народнага сходу”. Паводле яго словаў, пры ўсім жаданні ўвесці яго ў дзеянне не паспелі б.

Анатоль Глаз: “Прыняты закон павінен ухваліць Савет Рэспублікі, потым ён паступае ў Канстытуцыйны суд на прадмет адпаведнасці яго артыкулаў Канстытуцыі, потым яго перадаюць у Галоўнае юрыдычнае ўпраўленне Адміністрацыі, дзе яго рыхтуюць на подпіс прэзідэнта. І нават пасля таго, як яго падпіша прэзідэнт, праходзіць 10 дзён, перш чым ён пачне дзейнічаць”.

Дэпутат прывёў даволі шмат параўнанняў артыкулаў беларускага праекту закона "Аб масавых мерапрыемствах" з замежнымі аналагічнымі нормамі. Пасля чаго падвёў вынік.

Анатоль Глаз: “Наш закон у прынцыповых падыходах нічым у горшы бок не адрозніваецца ад таго, што мы вывучалі. А ў частцы санкцый за парушэнні значна больш ліберальны, чым шмат у якіх краінах Еўропы і, зразумела, ЗША”.

Дарэчы, адзначае дэпутат, калі "маўклівыя акцыі" лічацца супрацьзаконнымі мерапрыемствамі, то флэшмобы да іх не адносяцца. Што ж тычыцца таго, якія ёсць гарантыі, што асобныя выканаўцы не ператвораць закон у рэпрэсіўны інструмент, то, кажа Глаз, яны правядуць вучобу людзей, адказных за нагляд за яго выкананнем.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі