Кандыдаты патрабуюць ад пракуратуры пералічыць галасы

Тры кандыдаты па 30-й Сухараўскай выбарчай акрузе Мінска — Алесь Лагвінец, Эдуард Амельянчук і Арцём Шаркоў — падалі заявы ў пракуратуру з просьбай адмяніць вынікі галасавання. Пра гэта Еўрарадыё распавёў Арцём Шаркоў
"Сёння раніцай падалі заявы ў акруговую выбарчую камісію, а таксама ў пракуратуру з просьбай зрабіць пералік галасоў па 27-ай выбарчым участку і адмяніць вынікі галасавання па Сухараўскай выбарчай акрузе".
Алесь Лагвінец, які афіцыйна атрымаў менш за 4% галасоў, яшчэ 22 красавіка прасіў адмяніць выбары па шэрагу прычын, у тым ліку з-за "неўнясення ў спісы выбарцаў значнай колькасці выбарцаў".
Напярэдадні карэспандэнт Еўрарадыё паназіраў на 24-м участку Сухараўскай акругі за падлікам галасоў. Назіральнікі знаходзіліся ў чатырох метрах ад стала, дзе ішоў падлік. Ён быў шчыльна агароджаны 10 членамі камісіі. Усе яны — супрацоўніцы школы №199, у якой адбывалася галасаванне. Старшыня камісіі — дырэктарка школы Галіна Філіпенак.
Рабіць відэа і фота камісія праз пэўны час забараніла. Маўляў, перашкаджае працаваць і лічыць галасы.




Галіна Філіпенак: "Перашкаджае! Я хачу праверыць лічбы. Завяршаем — члены камісіі нервуюцца!"
Член камісіі: "Ну што — пішам парушэнне?"
Міліцыянт настойліва просіць выключыць фотаапарат. Назіральніца Раіса з гэтым не згодная.
Раіса: "Я не разумею — вам што — сорамна ўдзельнічаць у выбарах? Не пагаджайцеся тады быць сябрамі камісіі!".
Яна працягвае: "Гэта — нулявы вынік назіральнікаў. Усё назіранне зводзіцца да нуля падлікам галасоў. Адзінае, што мы можам казаць — колькі прагаласавала чалавек. Але больш мы нічога сказаць не можам".
Але і колькасць чалавек, якія прагаласавалі, часам значна не сходзіцца.
Кацярына лічыла колькасць выбарцаў, якія прыйшлі на суседні ўчастак, ад яго адкрыцця да самага закрыцця.
Кацярына: "Мы назіралі ўвесь дзень, ад самай раніцы, да самага закрыцця. І нашая лічбы атрымаліся вельмі-вельмі адрозныя. У нас выйшла 1210, а плюс датэрміновае галасаванне – 1814".
Афіцыйная ж лічба — амаль 2,5 тысячы. Адкуль узяліся больш за 600 чалавек на ўчастку — невядома, кажа назіральніца.
За два дні да дня галасавання кандыдат Алесь Лагвінец правёў сустрэчу з выбарцамі, на якіх заклікаў не ісці галасаваць увогуле, пераконваючы, што галасы не лічаць.
Алесь Лагвінец: "Я сёння аб'яўляю вотум недаверу ўсім выбарчым камісіям у нашай Сухараўскай акрузе".
Алесь упэўнены, што на выбарчай акрузе, дзе ён прысутнічаў на мінулых мясцовых выбарах у 2007 годзе, галасы не лічылі ўвогуле. І мае дакументальныя пацверджанні.
Алесь Лагвінец: "Я ведаю, што нашы галасы ніхто не лічыў у 2004 і 2008 годзе. Настаўнікі школы туліліся вакол сталоў, я быў з біноклем. Я з поўнай адказнасцю кажу — дырэктар нават не лічыла колькасць галасоў. Чаму — таму што я маю шэсць арыгінальных бюлетэняў, вынесеных з участка".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі