Гурт "9 мм" выдае "Слова правды"

Гурт "9 мм" скончыў працу над дэбютным альбомам "Слова правды". На дыску будзе 11 рускамоўных трэкаў, стыль якіх самі музыкі характарызуюць, як інтэлігентны панк.

"16 траўня ў Rocker Bar будзе прэзентацыя альбома і там жа мы прэзентуем яшчэ і першы кліп, які акурат зараз даздымаем, - распавядае трубач гурта Міхась Есьман. - Кліп на загалоўную песню. Пра сюжэт я не ведаю, як расказаць. Ён пра словы праўды, пра людзей, якія даведваюцца пра сябе праўду і выходзяць з сябе".

Над кліпам працуе рэжысёр Міця Сямёнаў, які раней здымаў відэа для гуртоў "Или-Или" ды beZ bileta. Падчас прэзентацыі музыкі паспрабуюць паэксперыментаваць з гучаннем. Для гэтага запрошаны саўндпрадзюсар дэбютніка гурта Валеры Кандрацьеў, які дадасць у песні "9 мм" розных электронных гукаў. Плануецца, што днямі дыск з'явіцца ў продажы. Набыць яго можна будзе і на канцэрце 16 траўня. Цалкам магчыма, што пазней "Слова правды" з'явяцца ў вольным доступе на афіцыйным сайце гурта 9mm.by.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі