Фядута прапануе пашырыць чорны спіс ЕС сябрамі выбарчых камісій

120814 LukashukKamisii.mp3

З-за нізкага аўтарытэта, крымінальнага мінулага і адсутнасці вопыта — такія падставы не ўключаць у склад выбарчых камісій прадстаўнікоў апазіцыі. Але “рэцыдывісты” кожны раз аказваюцца сярод сябраў выбарчых камісій. Гэта асаблівы "рэцыдывізм" — калі цябе кожныя выбары ўключаюць у склад выбаркама.


Аляксандр Фядута: “Напрыклад, па Мінскай вобласці амаль 18% — гэта тыя, каго ўключаюць у камісію тры разы цягам пяці электаральных кампаній. У Віцебскай — кожны дзясяты”.



У Магілёўскай вобласці такіх — 16%. А ёсць яшчэ “рэцыдывісты” з чатырма і нават пяццю “ходкамі” ў выбарчыя камісіі. Да прыкладу, на Міншчыне па 4 разы ў складзе камісій былі 9% ад 126 тысяч сябраў, амаль 3% падлічвалі галасы на ўсіх пяці (!) выбарчых кампаніях. У Магілёўскай вобласці амаль кожны дзясяты быў у камісіі чатыры разы, 0,12% — 5 разоў.


Калі гэта падсумаваць, то ў Мінскай вобласці такіх "рэцыдывістаў" амаль 30%, у Магілёўскай — 26,4%. У астатніх — крыху менш. Здавалася б, не так ужо і шмат. Фядута не згодны — ажно зашмат:


Аляксандр Фядута: “Ніводныя з прааналізаваных выбараў не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як такія, якія цалкам адпавядаюць міжнародным абавязацельствам Рэспублікі Беларусь. Дык што добрага, што там гэтыя "рэцыдывісты", якія не здольныя забяспечыць нам міжнароднае прызнанне!”.


Менавіта на ўзроўні ўчастковых камісій фальсіфікуюцца вынікі выбараў, сцвярджае Фядута, а таму трэба караць за гэтае злачынства.


Аляксандр Фядута: “У чорным спісе Еўрасаюза значацца 24 прозвішчы прадстаўнікоў выбаркамаў. Гэта сотая частка адсотка ад “арміі Лідзіі Ярмошынай”. Гэтыя людзі прымаюць рашэнне, якім чынам яны ажыццяўляюць падлік галасоў. Яны прымаюць рашэнне, на якой адлегласці сядзіць назіральнік, задавальняць ці не скаргу, яны вырашаюць лёс лічбаў, якія яны агучваюць. Таму адказваць, на мой асабісты погляд, павінны ўсе, а не толькі генералы Ярмошына і Лазавік”.




Яшчэ адна цікавая акалічнасць: ад кампаніі да кампаніі нашыя “рэцыдывісты” мянялі сваіх “працадаўцаў” — тых, хто вылучае іх у склад камісій. Да прыкладу, Юлію Алдухову два разы ў склад камісіі вылучала ЛДПБ, адзін раз яна трапіла туды шляхам збору подпісаў і яшчэ адзін раз — ад грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру”. Дзмітрыя Шчурэвіча два разы вылучаў райвыканкам, адзін — БРСМ і яшчэ аднойчы — “Белая Русь”.


Але навошта было складаць спіс "рэцыдывістаў" з выбарчых камісій? Гэтае пытанне Еўрарадыё накіроўвае спадару Фядуту. Каб пра вынік іх працы даведаліся сябры і суседзі, і проста паглядзелі ім у вочы, адказвае той. У шэрагу раённых бібліятэк нумары газет, дзе друкаваліся спісы сябраў выбарчых камісій, альбо зніклі, альбо былі папсаваныя — гэтыя спісы з іх чамусьці выразалі.


Але як вынікае з аналізу Еўрарадыё, самым сталым сябрам выбаркама з’яўляецца яго старшыня — Лідзія Ярмошына. З 1992 па 1996 гады яна была проста сябрам ЦВК, а з 1996 і па сённяшні дзень яго ўзначальвае. Але як прызналася Лідзія Міхайлаўна ў інтэрв’ю Еўрарадыё, пайсці з гэтай пасады паводле ўласнага жадання яна проста не можа: нягледзячы на пенсійны ўзрост, кіраўнік краіны не адпускае. А яна — “чалавек каманды прэзідэнта”, і адмовіць яму не можа.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі