Фізфак: Летась на сесіі хацелася адлічыць палову, цяпер толькі пятую частку

Павел Вярбіцкі паступіў на фізічны факультэт БДПУ імя Максіма Танка з 88 баламі па тэстах і атэстаце. Да сесіі хлопец не давучыўся.

Павел Вярбіцкі: “Не маё гэта, няма здольнасцяў. Можа ў наступным годзе ў музычнае паступлю. Я займаюся фізікай, прымяняю, калі з камп'ютарамі важуся. Калі б здолеў, вучыўся б”, — тлумачыць былы студэнт.

Як даведалася Еўрарадыё, на фізфаку БДПУ такіх ужо двое і яшчэ трэці збіраецца сысці. "Абіраюць не сваю спецыяльнасць", — стандартна тлумачаць у дэканаце. І ўпэўніваюць, што тыя сыходзяць самі.

“Адзін літаральна сёння забраў дакументы. У яго адносіны былі, як у школьніка. Напрыклад, спазняецца на лекцыю, яго просяць заяву напісаць, чаму спазніўся. Гэта ж не школа, што пайшоў да дырэктара і той усё прабачыў. Яму не спадабалася. А іншы — паступіў і кажа, што не туды”, — расказваюць у дэканаце.

І дадаюць, што летась на сесіі хацелася адлічыць палову, цяпер толькі 20% за першыя сесіі. Гэта прагрэс!

Дзіўна, але на факультэце вучыцца хлопец, які набраў… 85 балаў з тэстаў і атэстата. Трымаецца! Няўжо стане настаўнікам фізікі ў школе?

У Полацкім дзяржаўным універсітэце на машынабудаўнічым дакументы забралі ўжо двое першакурснікаў. Адзін меў добры бал атэстата, з дакорам заўважаюць у дэканаце.

“Матывавалі тым, што абралі не тую спецыяльнасць. Адзін хлопец добра ў школе займаўся і высокі атэстат быў. Але ён сам усё закінуў, вырашыў, што не яго спецыяльнасць. Калі кідаюць, то ў іх амаль усе гадзіны прапушчаныя. Значыць, адразу вырашылі, што не будуць вучыцца”,  гавораць у Полацкім дзяржаўным універсітэце.

Бралі з нізкім балам і на фізічны факультэт Брэсцкага ўніверсітэта імя Пушкіна: можна было паступіць з 87 баламі. І тут, дарэчы, яшчэ нікога не паспелі адлічыць.

“Сесія пакажа вынікі. У нас навучаюцца тыя, хто хоча. Калі не хоча, тады, вядома, мы не можам навучыць”, — даводзяць у дэканаце фізічнага.

А вось з факультэта міжнародных адносінаў БДУ (прахадны вышэй за 300 балаў) да сесіі не сыходзяць. Бо адразу вызначаюцца з будучай прафесіяй.

"Не магу прыгадаць, каб у кастрычніку-лістападзе забіралі дакументы. Бо нашыя абітурыенты ўзважана прымаюць рашэнні: высокі прахадны",  кажуць на факультэце міжнародных адносінаў.

Няма адлічаных і на факультэце міліцыі Акадэміі МУС.

“Такія выпадкі, каб адлічваліся да сесіі, у нас вельмі рэдка здараюцца”, — адказваюць у гэтай ВНУ.

Нагадаем, да сесіі выключыць могуць, калі ў студэнта месяц прагулаў, ці калі ён сам захоча забраць дакументы.

Фота: sap.volganet.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі