Будучыя настаўнікі фізікі набіраюць 85 балаў з трох тэстаў і атэстата

120831 Martynovi4 Fizika.mp3

У БДПУ імя Максіма Танка знаходзім першакурсніка, які набраў усяго 85 балаў з магчымых 400 пры паступленні! Будзе настаўнікам фізікі.


У дэканаце фізічнага факультэта БДПУ спадзяюцца, што выправіцца:
“Гэта так мала набраў…. І тое за шчасце. Не хочуць да нас ісці, заробкі маленькія ў настаўнікаў, хто захоча за 2 мільёны працаваць”.


Сам студэнт ахвотна распавядае пра сваю школу ў Пінску. Да экзаменаў рыхтаваўся сам, без рэпетытара. Але калі пытаемся пра адзнакі… кідае слухаўку.


У школе, дзе вучыўся будучы настаўнік фізікі здзіўляюцца, што ён пайшоў за Эйнштэйнам.


“Фізічны факультэт? Мы пра таго чалавека гаворым? Ён не вельмі добра вучыўся, па фізіцы ў яго было 4-5”, — адразу прыгадваюць свайго выпускніка. Відаць, не меў таленту ў фізіцы. Але з гэтай школы ў ВНУ паступае 70% выпускнікоў.


У Брэсцкі ўніверсітэт імя Пушкіна бяруць абітурыента з… тройкай у атэстаце па фізіцы. Будуць вучыць, прызнаюцца ў дэканаце фізічнага факультэта.


“Ёсць у нас па адной спецыяльнасці студэнт-бюжэтнік, які набраў 87 балаў. 46 — бал атэстата, можа, каму ў школе на мазоль наступіў. А так напісаў тэсты не горш за іншых. Фізіку на 11, яе ўсе дрэнна пішуць. Як будзе вучыцца, залежыць усё ад яго”.


У школе свайго выпускніка… памятаюць. У яго было больш за ўсё прагулаў і… тройка па фізіцы і матэматыцы.


“Дрэнна ён вучыўся… Што вы, не ведаеце, як паступаюць. Проста скарыстаўся момантам, дзе быў маленькі прахадны. Адзіная сямёрка ў яго па інфарматыцы, ён яе ведае”.


Можа, стане айцішнікам…


З невысокім прахадным балам паступілі і ў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. На платнае бралі абітурыентаў з 79 баламі па трох тэстах і атэстаце.


“Спецыяльнасць “Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў” і спецыяльнасць “Аўтамабільныя дарогі” туды на платнае прахадны быў 79, бо на гэты год прыпадала нізкая нараджальнасць”, — тлумачаць у ВНУ.


Цікава, якія потым будуць дарогі. Дзіўная разбежка: 360 балаў трэба мець, каб паступіць на Факультэт міжнародных адносін у БДУ. І ўсяго 85, каб вучыцца на настаўніка фізікі за кошт бюджэту.

Фота: science.compulenta.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі