Фэст “Камяніца” дапаможа сабраць 100 мільёнаў на чаротавы дах

110830 Malina Kamjanica.mp3

3 верасня ў музеі народнай архітэктуры ды побыту адбудзецца трэці фолк-фэст "Камяніца". Яго хэдлайнерамі сёлета стануць "Троіца" ды Osimira, а таксама лідар украінскага рок-гурта "Воплі Відаплясава" Алег Скрыпка. Па словах каардынатара фестывалю Сяргея Чагрынца, апроч музычнай часткі, наведвальнікаў чакаюць і іншыя забавы.

Сяргей Чагрынец: "Акрамя музычнай праграмы мы рыхтуем цэлую групу сервісаў. Гэта і значная колькасць кропак харчавання, гэта гульнявыя зоны і атракцыёны, больш за тое, на фэсце будзе выстава маладой мастачкі Ганны Сілівончык. І яшчэ адно новаўвядзенне фестывалю – дрэс-код, чалавек які прыйдзе у нацыянальным строі, ці нацыянальнай кашулі, будзе дапушчаны на тэрыторыю фэсту бясплатна".

Святлана Лакотка (дырэктар музея), Маша Яр (Хоха Бэнд), Сяргей Чагрынец (каардынатар фэсту)


Але і без нацыянальнай вопраткі уваход на фестываль дастаткова сімвалічны – 10 тысяч для дарослых і пяць для школьнікаў. Прычым набыты квіток дазволіць усім жадаючым пазнаёміцца з экспанатамі музея, а ўсе заробленыя грошы пойдуць на іх падтрымку. Дырэктар музея Святлана Лакотка распавяла, што з дапамогай мінулых фестываляў з 30-і аб'ектаў атрымалася рэканструяваць пяць. Цяпер праца ідзе над шостым, а гэта справа не танная, бо толькі адзін чаротавы дах для сярэдняй хаты можа каштаваць каля 100 мільёнаў рублёў.

У гэтым годзе "Камяніца" зноў застанецца аднадзённым фестывалем, хоць ад пачатку планавалася інакш.

Сяргей Чагрынец: "Спачатку мы планавалі зрабіць два дні фестывалю, потым мы вырашылі пасунуцца і зрабіць хаця б вечар пятніцы і цэлы дзень суботы, ну а потым былі вымушаныя пакінуць толькі адзін дзень. Няма жадання казаць пра гэтыя сумныя прычыны, але ва ўсялякім выпадку гэта вельмі важна што гэтыя рэчы мы ўжо прадумваем і пралічваем. Адпаведна ёсць шанец, што ў наступным годзе мы павялічым працягласць фестывалю, прычым з задавальненнем".

Алег Скрыпка


Тым больш Сяргей дадаў, што і сам музей і яго наваколле дазваляюць зладзіць адразу некалькі абсталяваных намётавых мястэчак. Але сёлета іх яшчэ не будзе, бо фестываль скончыцца даволі рана, дзесьці ў 21:30, і ўжо а 22-й гадзіне арганізатары абяцаюць вывезці з тэрыторыі ўсіх наведвальнікаў.

Сяргей Чагрынец: "Гэта павялічаная колькасць рэйсавых маршрутаў, якія ідуць ад станцыі "Паўднёвы Захад", і пастаянны рух аўтобусаў ад кальцавой дарогі - прыпынку "Малінаўка-4", да музея. Паводле леташняга досведу, каб вывезці ўсіх людзей з фестывальнай пляцоўкі, нам спатрэбілася каля 25-30 хвілін. Дадатковыя рэйсавыя аўтобусы будуць каштаваць згодна з прэйскурантам аўтобуснага парку, ну а той, што будзе хадзіць ад кальцавой да музея – бясплатны".

Апроч хэдлайнераў на "Камяніцы" выступяць гурты "Стары Ольса", "Ветах", "Госціца", "Хоха Бэнд" ды дуэт Аляксандра і Канстанцін, якія адмыслова для фестывалю рыхтуюць праграму з песень дзесяцігадовай даўніны.

Аляксандра і Канстанцін: "Калі вялікія пляцоўкі - "Славянскі базар" ці што іншае, то рэжысёры патрабуюць, каб было гучна, моцна. Яны часам выбіраюць зусім не тыя песні, якія б мы самі хацелі выканаць, але мы пагаджаемся з гэтым патрабаванням. А тут мы выбралі менавіта тыя песні, якія жадаем выканаць. Для нас гэта цудоўная магчымасць прадставіць павольныя балады, якія былі запісаныя яшчэ на першым нашым дыску".

Аляксандра і Канстанцін


Алег Скрыпка таксама прадставіць новую праграму. Ён выступіць у якасці ды-джэя. Лідар "Воплей Відаплясава" зайграе мікс этнічнай музыкі Украіны ды іншых краінаў свету, які называе "Этна-рока-тэка". Дарэчы, як высветлілася, апроч выступу на фэсце, Скрыпку зацікавіла і сама пляцоўка "Камяніцы".

Сяргей Чагрынец: "Сапраўды Алег Скрыпка не проста так едзе да нас у госці за фактычна ўмоўны ганарар. Яму вельмі цікава паглядзець гэты фестываль, ён пра яго чуў, на шчасце для нас. Ну, і яго цікавіць сама пляцоўка, бо ён мае ўласны праект - фестываль "Краіна мрій". Ён бы хацеў правесці гэты фестываль у Беларусі, бо, літаральна перадаю яго словы: "Дзіўна, але часам на свае фэсты я запрашаю больш беларускіх гуртоў, чым расійскіх ці ўкраінскіх. Дык чорт пабяры, чаму б мне не правесці фестываль у вас".

Нагадаем, фестываль "Камяніца" пройдзе 3 верасня ў Дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту, што знаходзіцца ў вёсцы Азярцо ў 5 кіламетрах ад аўтарынка "Малінаўка". Квіткі прадаюцца ў касах музея ды ў Мінску на вуліцы Кальварыйская, 17. Пачнецца фестываль ад 13-й гадзіны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі