Femen: Мы змагаемся за тое, каб Украіна не стала такой, як Беларусь

Украінскія феміністкі распавялі Еўрарадыё пра свой “філіял” у Беларусі, расказалі, хто іх натхняе на неардынарныя акцыі і чаму яны не баяцца ехаць у нашу краіну.

Украінскі жаночы рух "Femen" сёння правядзе акцыю ў падтрымку беларускай апазіцыі. 11 траўня, калі ў Мінску будуць праходзіць суды над фігурантамі справы 19 снежня, дзяўчаты з "Femen" выйдуць на плошчу Незалежнасці ў Кіеве.

“Мы былі ўпэўненыя, што павінны зрабіць акцыю ў падтрымку Беларусі, — кажа адна з лідараў "Femen" Аляксандра Шаўчэнка. — Мы рабілі акцыі каля амбасады яшчэ перад выбарамі. Мы вельмі пільна сочым за падзеямі ў Беларусі, таму што баімся, каб Украіну не напаткаў такі ж лёс. Януковіч таксама хоча ўвайсці ў такую тройку славянскіх тыранаў: Пуцін, Лукашэнка і Януковіч. Таму для нас гэта не пытанне дапамагчы краіне, дзе сітуацыя падобная да нашай".

Аляксандра Шаўчэнка

Адна акцыя ў падтрымку Беларусі ўжо праводзілася напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў каля беларускай амбасады ў Кіеве.

“У нас была адна акцыя перад 19 снежня мы яе рабілі, казалі беларусам, каб яны не паддаваліся на сілу і ціск Лукашэнкі і галасавалі так, як кажа ім сэрца. На жаль, не атрымалася ў беларускага народа перамагчы", — з сумам адзначае лідар арганізацыі Ана Гуцол.

Тады дзяўчаты заклікалі беларусаў галасаваць сэрцам, а не так як прымушае афіцыйная прапаганда, а зараз...

"Мы плануем стварыць такія чалавечыя рагаткі са стройных жаночых ног. Будзе вялікі партрэт Лукашэнкі 2 на 2 метры, які малюе наша актывістка Аксана Шачко. Мы выставім такі шэраг рагатак, з якіх будзем страляць. Напэўна яйкамі, каб сапраўды заставаліся сляды ад нашай нянавісці. Хочам паказаць, што не толькі беларускі народ яму супрацьстаіць, але і ўвесь свет. Таму ён павінен весці сябе адэкватней і лепш увогуле сыходзіць са сваёй пасады", — дадае Аляксандра Шаўчэнка.

 Актывістка Аксана Шачко

З просьбай правесці такую акцыю да дзяўчат з "Femen" звярнуліся беларускія актывісты, якія знаходзяцца зараз у Кіеве.

Ана Гуцол: "Да нас звярнуліся хлопцы з Беларусі, а потым ад Ірыны Халіп пазванілі папрасілі дапамагчы. Таму мы вырашылі аб'яднаць і выказаць падтрымку ўсім апазіцыянерам, якія знаходзяцца сёння пад следствам і пад ціскам. Мы тут на месцы кантактуем з хлопцамі, якія вядуць актыўна падпольную дзейнасць з Кіева, гэта Юрась і Вячаслаў, і ў прынцыпе, мы праз іх трымаем сувязь, і яны заўсёды кажуць нам, што адбываецца ў краіне".

Увогуле пасля выбараў у "Femen" з'явілася шмат сяброў з Беларусі, гаворыць Аляксандра Шаўчэнка.

"Пасля падзеяў 19 снежня да нас рэгулярна прыязджаюць, я так разумею, беларускія актывісты, якія эмігравалі ва Украіну і тут хаваюцца ад так званай справядлівасці і закона Лукашэнкі, які спрабуе усіх, хто супраць яго пасадзіць у турму. Таму знаёмых пасля гэтых падзеяў у нас стала вельмі шмат".

У "Femen" ёсць актывістка ў Беларусі, якая і цяпер трымае сувязь з арганізацыяй. Калі ў Беларусі сітуацыя стане лепш, то "Femen" не выключае пашырэнне сваёй дзейнасці і на нашу краіну, гаворыць Ана Гуцол:

"У нас ёсць адна актывістка ў Беларусі. Мы ведаем, як ёй складана, яна часта прымала ўдзел у розных мітынгах. Таму пра сітуацыю, што там адбываецца і як абыходзяцца з жанчынамі праваахоўныя органы, яна ведае і мы таксама ў курсе гэтага. Яна была ў Кіеве мінулым летам. Яна вышыла нам вялізарны банер Фемен, зрабіла лялек Фемен. Яна такая рукадзельніца, рэвалюцыянерка, вельмі цудоўная і адважная дзяўчына. Мы і цяпер падтрымліваем з ёй сувязь праз інтэрнэт".

Наступстваў ад акцыі дзяўчаты не баяцца, не палохае іх і магчымая забарона наведаць Беларусь, гавораць, што нейкія крокі супраць іх зробяць толькі вялікі скандал.

Ана Гуцол: "Мы не баімся і наадварот спадзяемся, што гэта дапаможа людзям, якія зараз пад судом. Я думаю, мы падымем вялікі скандал, калі такі прэцэдэнт будзе, наконт забароны ўезду. Я думаю, што вашым уладам будзе толькі горш, калі яны нешта будуць рабіць супраць нас".


Між тым у самой Украіне дзяўчаты таксама маюць праблемы.

"Нас пакуль не б’юць так моцна, як у Беларусі ці Расіі, але ўсё да гэтага ідзе", – адзначае Аляксандра Шаўчэнка, якая адсядзела 6 сутак за праведзеную акцыю.

Аляксандра Шаўчэнка: "Міліцыя мае загад зверху не даць Фемен распрануцца і не даць правесці акцыю. Зараз ужо кожную акцыю. Таму мы сышлі ў падполле і дзейнічаем такімі партызанскімі метадамі. Не папярэджваем улады пра акцыі, прыязджаем на месца на машынах, і на машынах хутка з'язджаем пасля акцыі. Просім хлопцаў, у якіх ёсць машыны дапамагчы. Разбегаемся ў розныя бакі калі бачым міліцыю".

Ана Гуцол: "Пакуль што ў нас трохі мякчэй, але мы гатовыя ісці да апошняга ў любым выпадку. Каб Украіна не стала такой як Беларусь, мы не павінны маўчаць. Я думаю, што ў нейкі момант у вас у краіне замаўчалі і ціха дазволілі рабіць гэта бязмежжа".


Міліцыя дзяўчын не любіць, бо мае загад іх затрымлітваць і атрымоўвае ад кіраўніцтва за промахі, распавядае Аляксандра Шаўчэнка.

"Калі яны недзе прапускаюць нашу акцыю, не арыштоўваюць нас, то яны потым атрымоўваюць на арэхі, за тое, што не перашкодзілі такой пагрозе нацыянальнай бяспекі ўкраінскай, як жаночы рух фемен".

Міліцыя часам пагражае дзяўчынам крымінальнай расправай ды і затрымліваць цяпер сталі больш жорстка, з ужываннем фізічнай сілы, як у Беларусі.

Аляксандра Шаўчэнка: "Раней было больш-менш нармальна. Па-першае, калі нас забіраюць мы моцна крычым, не даемся, вырываемся. Раней нас затрымлівалі акуратна, бо мы дзяўчыны. У аддзяленні мы працягваем з імі спрачацца. Яны здымаюць фуражкі і кажуць: "дзяўчыны вы нас прабачце, але у нас загад вас затрымаць, мы нічога не можам зрабіць". Але зараз усё стала больш жорстка і страшна, таму што на адной з апошніх акцый нашай дзяўчыне ледзь не зламалі ключыцу.

Нам пагражалі "падкінуць кокса і на зону, павесіць, пасадзіць, засадзіць. Мне асабіста пагражаюць, што наступнае затрыманне будзе за крымінальнае хуліганства і я магу атрымаць ад 3 да 5 год. Але пакуль у нас яшчэ нейкія рэшткі чалавечнасці і дэмакратыі ёсць".

Плюс да гэтага, міліцыя ва Ўкраіне яшчэ баіцца ўвагі прэсы, таму да дзяўчын ставяцца не так жорстка.

На думку Аны Гуцол такі рух, як "Femen" з'ява выключна ўкраінская.

"Напэўна так атрымалася, што Ўкраіна ў нейкім такім разрыве, і не Еўропа, і не пастсавецкая краіна. Вельмі шмат нам дала памаранчавая рэвалюцыя. І ўкраінкі самі па сабе вельмі вольналюбівыя. Той самы крызіс кажа пра тое, што трэба змагацца за свае правы, невлікая датычнасць да Еўропы, кажа, што трэба рабіць гэта праз грамадскія рухі. Неяк так атрымаўся фемен. І я лічу, што, напэўна, толькі ва Ўкраіне гэта і было магчыма".

Між тым, шмат чаго "Femen" такімі метадамі атрымалася і дамагчыся, распавядае Ана Гуцол:

"Многія нашы вынікі складана памацаць. Мы працуем у сферы фарміравання грамадскага меркавання. Мы хочам, каб жанчына была актыўная ў палітыцы, моцная і смелая. Гэта ўжо атрымалася, кал паглядзець на нашых актывістак. Па-другое, мы дамагліся самага важнага, што жаночы пратэст гэта норма. Таксама ёсць законапраект, які пад нашым ціскам зараз знаходзіцца ў вярхоўнай радзе. Гэта аб крымінальнай адказнасці кліента прастытуткі. Цэлы свет цяпер ведае, што Ўкраіна не толькі бардэль і прастытуткі, а ёсць жанчыны, гордыя, гатовыя змагацца за свае правы. Шмат людзей зараз нам піша лісты, каб мы ім дапамаглі. Толкі мы можам гучна звярнуць увагу на іх праблемы".


Нягледзячы на розныя жахі перад міліцыяй і уладамі, дзяўчыны не думаюць спыняць сваю дзейнасць, дадае Аляксандра Шаўчэнка.

"Мы баімся розных наступстваў, і нашай ўлады, і мілцыі, і пасля нашай акцыі супраць расійскіх карлікаў, баімся расійскіх карлікаў. Але мы ўсёроўна на спынімся і разумеем, што дзейнічаць трэба. Мы будзем уставаць з каленаў, распраўляць плечы, ісці і прама ў твар крычаць, таму ж Лукашэнку, піхаць яго твар у сіські і паказваць, што ён больш не патрэбны і яму трэба сыходзіць".

Фота: femen.livejournal.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі