Еўрапарламент сёння не будзе разглядаць "беларускае пытанне"

Пра гэта паведаміў віцэ-спікер Еўрапарламента Яцэк Пратасевіч. З яго словаў, было спецыяльна вырашана ўхваліць рэзалюцыю па Беларусі праз два тыдні, падчас сесіі ў Брусэлі. Ён адзначыў, што канфлікт паміж Беларуссю і Еўрасаюзам настолькі абвастрыўся, што цяпер застаецца толькі адзін крок да фактычнага разрыву дыпадносінаў — папрасіць беларускіх паслоў у краінах ЕС выехаць на кансультацыі і такім чынам абмежаваць дыпадносіны да такога ўзроўню, які зараз існуе паміж Мінскам і Вашынгтонам, заявіў Пратасевіч у інтэрв’ю Радыё Свабода.

Такі сцэнар нельга выключаць, але ЕС вырашыў даць Беларусі “час на роздум, перш за ўсё Мінску, бо гэта Мінск усё пачаў”. Еўропа не хоча ізаляваць Беларусь, але хоча дамагчыся ад Мінска найперш вызвалення палітзняволеных, кажа Яцэк Пратасевіч.

27 лютага Савет міністраў замежных спраў краін ЕС прыняў рашэнне пашырыць спіс неўязных у краіны Еўрасаюза прадстаўнікоў беларускай дзяржавы, уключыўшы ў яго яшчэ 21 прозвішча. 28 лютага беларускія ўлады рэкамендавалі кіраўніку прадстаўніцтва Еўрасаюза Майры Моры і амбасадару Польшчы Лешаку Шарэпку “выехаць у свае сталіцы для кансультацый, каб давесці свайму кіраўніцтву цвёрдую пазіцыю беларускага боку аб непрымальнасці націску і санкцый”. У адказ на гэта ўсе краіны ЕС адклікалі сваіх амбасадараў з Мінска, нагадвае БелаПАН.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі