Ермакова: “Хочаш — не хочаш, а трэба прыстойна апранацца!”

20 кастрычніка пасла заканчэння першай аб’яднанай сесіі на біржы старшыня Нацбанка Надзея Ермакова прызначыла спатканне журналістам. Журналісты прыйшлі хто ў чым. Карэспандэнты Еўрарадыё і “Беларусь Сегодня” — у швэдрах, а журналіст “Агенцтва фінансавых навінаў” дык і ўвогуле ў белай цішотцы. Гаспадыня ж “балю” апранула строгі ліловы гарнітур.

“Хочаш — не хочаш, а трэба прыстойна апранацца. Даводзіцца на адзенне і абутак траціць больш грошай, чым гэта было ўчора і пазаўчора”, — адказвае Надзея Ермакова на пытанне пра тое, як дэвальвацыя рубля закранула яе асабіста.

Дарэчы, на прэс-канферэнцыю Ермакова прыйшла ў звычайных туфлях-лодачках на невялікіх абцасах. Як вядома, калі яшчэ ўлетку новаспечаная старшыня Нацбанка адказвала на пытанне, ці не давядзецца беларусам зацягваць паясы, з яе вуснаў сарвалося: “Нічога, зносім адну пару абутку замест дзвюх”. Фраза абляцела інтэрнэт. Але туфлі Ермаковай паношанымі не выглядалі.

Старшыня Нацбанка пачала з афіцыйнага паведамлення для прэсы.

“Нацыянальны банк пераходзіць да рэжыма кіраванага плавання беларускай валюты. Курс будзе вызначацца на падставе попыту і прапановы з мінімальнымі інтэрвенцыямі Нацбанка, накіраванымі выключна на абмежаванне рэзкіх ваганняў курса”.


Надзея Ермакова абвясціла, што Нацбанк, насуперак усяму, мае амбіцыйны план утрымліваць курс беларускага рубля да замежных валютаў у межах +/-10%. Пры гэтым ніякіх афіцыйных абмежаванняў і “калідораў” уводзіцца не будзе. Не будуць абмежаваныя і камерцыйныя банкі: яны змогуць ставіць у сваіх абменніках той курс пакупкі і продажу, які палічаць неабходным. Пры адной умове:

“Калі банкі не пачнуць дурэць!”


 Надзея Ермакова трымалася ўпэўнена. Было такое адчуванне, што Тарас Надольны — на думку байнэтчыкаў, самая талковая “гаворачая галава” з Нацбанка — запрошаны на прэс-канферэнцыю на ўсялякі выпадак, толькі для страхоўкі. Ермакова звярнулася да яго хіба што 2 разы: “Ну, а што датычыцца канкрэтных лічбаў… Тарас Юр’евіч, калі ласка! Вы больш лічылі матэматыку”.

Журналісты адразу нагадалі Ермаковай пра словы прэзідэнта аб тым, што пасля аб’яднання біржавых сесіяў долар абрынецца. Старшыня Нацбанка такіх катэгарычных прагнозаў рабіць не стала:

“І да канца 2011 года, і на 2012 год мы прыкладныя разлікі робім. Хацелася б, каб беларускі рубель крыху ўмацаваўся. Арыентыровачна гэта будзе 7-8 тысяч беларускіх рублёў да долара”.


Прычым “трымаць” беларускі рубель Нацбанк абяцае без дапамогі золатавалютных рэзерваў. Не спадзяецца Надзея Ермакова і на крэдыты, якія можа атрымаць Беларусь.

Задаў свае пытанні старшыні Нацбанка і карэспандэнт Еўрарадыё:

— Надзея Андрэеўна! Вось інфармагенцтва БелТА сёння раніцай напісала, што пасля выхаду на адзіную валютную сесію беларускі рубель умацаваўся на 1,25%. Дык як усё ж такі правільна: умацаваўся на 1,25% ці ўпаў на 52%?

— Ну… Прапусцілі адно слова! — адказала на гэтае жартоўнае пытанне Надзея Ермакова.

А пры канцы прэс-канферэнцыі, разважаючы пра тое, што адной з умоваў для атрымання крэдыту ад МВФ з’яўляецца вызваленне палітвязняў, бадай што ўпершыню пажартавала сама. Ці гэта быў не жарт?

“Апошні савет дырэктараў у іх праходзіў у пісьмовай форме. Яны выказвалі свае меркаванні, у тым ліку і наконт Беларусі. І практычна ва ўсіх патрабаванне выпусціць палітвязняў было. Гэта не выдумка Нацыянальнага банка. Гэта канкрэтная інфармацыя, якая нідзе не хаваецца, што трэба выпусціць палітвязняў. А яны не хочуць выходзіць”.

Фота: Павел Свярдлоў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі