Эксперты: Некаторыя постсавецкія краіны на парозе страты незалежнасці!

Штогод Студыюм Усходняй Еўропы Варшаўскага Універсітэта ладзіць канферэнцыі на тэмы, звязаныя з Беларуссю. Сёлетняя канферэнцыя пад назвай “20 год незалежнасці краінаў былога Савецкага Саюза” праходзіла ў Варшаве з 15 па 18 ліпеня. І беларуская тэма была падчас яе надзвычай актуальнай.

Падчас адной з дыскусій мадэратар, польская журналістка Марыя Пшэломец, зачытала артыкул украінскага палітолага Віталя Портнікава, ў якім аўтар параўноўвае Беларусь, Расію і Украіну з трыма хворымі зубрамі. Вобраз беларускага ляснога волата аказаўся самым жахлівым.

Марыя Пшэломец: “А вось беларускі зубр – найбольш люты, гатовы, як у шчаслівыя савецкія часы, адпраўляць усіх, хто непадзяляе думак і спадзяванняў самага галоўнага беларуса і падсправаздачнага яму працоўнага народа, прэч з квітнеючай краіны -у царства гнілога капіталізму”.

Удзельнікі канферэнцыі зацята спрачаліся, ці можна гэтыя дваццаць апошніх гадоў сапраўды назваць гадамі незалежнасці і суверынітэту постсавецкіх краінаў? Так, дырэктар армянскага Аналітычнага Цэнтра глабалізацыі і рэгіянальнага супрацоўніцтва Сцяпан Грыгаран лічыць, што не. Больш таго, палітолаг асцерагаецца страты незалежнасці некаторых краінаў не толькі дэ-факто, але і дэ-юрэ.

Сцяпан Грыгаран: “Ёсць пагрозы страты самастойнасці некаторых постсавецкіх краінаў. У першую чаргу гэта датычыць невялікіх па памеры дзяржаваў з адносна невялікай колькасцю насельніцтва”.

Як прыклад, Грыгаран прывёў вайсковы канфлікт вялікай Расіі з маленькай Грузіяй.

Сцяпан Грыгаран: “Пагрозы такога масштабу сапраўды з’яўляюцца вялікай пагрозай для нашых краінаў”.

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч прысутнічаў амаль на ўсіх дыскусіях. Ён выказаў сваё меркаванне наконт канферэнцыі і ўдзелу ў ёй некаторых прадстаўнікоў беларускай апазіцыі.

Станіслаў Шушкевіч: “Тут ёсць пра што паразмаўляць, ёсць розныя падыходы. Але, нажаль, я сутыкнуўся з непрыемнымі момантамі, пра якія не мог змаўчаць: тут прысутнічаюць людзі, якія большасць часу знаходзяцца ў Польшчы, але на канферэнцыі быццам бы прадстаўляюць беларускую апазіцыю. Яны лічаць сябе самымі важнымі, што яны служаць Беларусі. Канферэнцыя тое-сёе паставіла на свае месцы”.


Яшчэ адзін прадстаўнік дэмакратычнай супольнасці Беларусі, лідэр руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч, у рамках канферэнцыі прымаў удзел у дыскусіі “20 год незалежнасці – суадносіны прыбыткаў і стратаў”. Што ж на думку палітыка Беларусь страціла і што набыла за 20 год незалежнасці?

Аляксандр Мілінкевіч: “Пасля распаду Савецкага Саюза мы не скарысталіся ўсімі магчымасцямі, якія мелі. Мы маглі дасягнуць значна большых поспехаў у працэсе інтэграцыі з Еўропай. Лукашэнка меў цудоўныя магчымасці правесці рэформы, але гэтага не зрабіў, і таму мы маем тое, што маем. Але ёсць і пазітыўныя моманты. Так, у Беларусі ўсё больш людзей выступае за інтэграцыю з Еўропай. Сёння такіх грамадзянаў больш за палову. Я ўдзельнічаў у дыскусіі і бачу, што і ва Ўкраіне, і ў Арменіі такія ж самыя праблемы, што і ў нас. Галоўная праблема – не Лукашэнка, і не ўмоўны падзел Украіны на дзве часткі. Галоўнае, каб у грамадзянаў постсавецкіх краінаў адбылася змена менталітэта. І праз некалькі пакаленняў менталітэт абавязкова зменіцца”.

Аляксандр Мілінкевіч не з’яўляецца адзіным прыхільнікам такога меркавання. У заключным слове Марыя Пшэломец, падкрэсліла, што галоўныя змены павінны адбывацца ў свядомасці грамадзян постсавецкіх краінаў. І сітуацыя зменіцца да лепшага, калі людзі зразумеюць, што ўсё залежыць ад іх уласных грамадзянскіх пазіцыяў і ўласнай працы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі