"ЕГУ ў Вільні нашмат больш беларускамоўны, чым быў у Мінску"

У канцы мінулага тыдня Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт правёў Дзень адкрытых дзвярэй. Абітурыентаў і іх бацькоў чакалі прэзентацыі навуковых праграм, магчымасць задаць любое пытанне рэктару і экскурсія па вучэбным корпусе з аповедам пра перавагі ЕГУ.

"Гэта самая танная сталоўка ў Вільні! Звярніце ўвагу – кава за 50 цэнтаў, другое – за два літы. Параўнайце хоць з цэнамі сталоўкі БДУ, і цэны на навучанне таксама параўнайце!" – казалі на экскурсіі па ЕГУ.

Зрэшты, далёка не толькі нізкімі коштамі студэнцкай сталоўкі вабіць універсітэт, а сваёй ідэалагічнай незалежнасцю. Вось ужо 5 год зачынены беларускімі ўладамі ўніверсітэт працягвае працу ў Вільні, акрэдытаваны як літоўская ВНУ.

Прэзентацыя вучэбных праграм ЕГУ

Настасся Сяменчык, якая некалькі дзён таму атрымала дыплом магістра палітычных навук ЕГУ, да гэтага правучыўшыся і ў бакалаўрантуры ўніверсітэта, тлумачыць свой выбар:

"Мне вельмі падабаецца тутэйшая атмасфера: гэта лакальная Беларусь, у Вільні. Але без ідэалагічных ўціскаў. І мне хацелася быць бліжэй да Беларусі. Сваёй мэтай ставіла вярнуцца ў Беларусь, а не кудысьці міграваць".

Зараз 90% студэнтаў ЕГУ – грамадзяне Беларусі. І адміністрацыя ЕГУ запэўнівае, што ўніверсітэт ёсць і застанецца беларускім.

"Ён зараз нашмат больш беларускамоўны, чым быў у Мінску, і больш беларускамоўны, чым кожны іншы ўніверсітэт у Беларусі, – кажа прарэктар ЕГУ Аляксандр Калбаска. – Але трэба разумець, што цалкам беларускамоўным у гэтых варунках ён быць не можа. І таму, калі гаворым пра беларускі ўніверсітэт, то маем на ўвазе некалькі рэчаў".

А менавіта: у ЕГУ 70% выкладчыкаў – беларускія, і змест вучэбных праграм арыентаваны на даследаванне Беларусі.

"Наш універсітэт быў створаны, каб інтэграваць Беларусь у Еўропу ў інтэлектуальным плане", – дадае рэктар прафесар Анатоль Міхайлаў.

Рэктар ЕГУ выступае перад абітурыентамі і іх бацькамі

Шмат беларусаў пасля ЕГУ працягваюць адукацыю ў прэстыжных заходнееўрапейскіх і амерыканскіх універсітэтах. І падчас вучобы ёсць магчымасць на год паехаць па абмене вучыцца ў іншы ўніверсітэт краіны ЕС, прычым з вельмі добрай стыпендыяй.

"ЕГУ – адзіны беларускі ўніверсітэт, які ўдзельнічае ў еўрапейскай праграме ўніверсітэцкіх абменаў Эразмус. Зараз некаторыя студэнты ЕГУ вучацца ў Партугаліі, Сербіі, Расіі, Італіі", – распавёў старшыня аддзела міжнародных адносін ЕГУ Ніко Раўш.

Неўзабаве на паўгода ці год у іспанскі ўніверсітэт паедзе вучыцца студэнт 2 курса ЕГУ Цімафей Савіцкі. Ён мае высокі рэйтынг і адзін з 6 студэнтаў курса атрымлівае стыпендыю 200 еўра ў месяц. Па разліках Цімафея, на пражыццё і розныя выдаткі студэнту ЕГУ трэба каля 250 еўра штомесяц. Прадукты не даражэй за беларускія, вопратка таннейшая, але непокояць цэны за камуналку.

Цімафей Савіцкі: "Кватэру здымаю з сябрамі, абыходзіцца ў 650 літаў, гэта каля 250 долараў. Але ж камуналка ўзімку каля 500 літаў, улетку, натуральна, заўважна меней"

Студэнты ўносяць менш за 20% у бюджэт ЕГУ. Асноўныя донары ў скарбонку ўніверсітэта, якая сёлета складае каля 5 млн 300 тыс еўра – гэта Еўракамісія, урады Літвы, Польшчы, Эстоніі і скандынаўскіх краін.

Фота: Настасся Сакалоўская

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі