Дзмітрыеў: “У апазіцыі нармальная канкурэнцыя падаецца як рэйдарскі захоп”

-- Чаму сам не сышоў, а чакаў, пакуль выганяць? Бо размова аб неабходнасці пазбавіцца ад тых, хто на выбарах працаваў на “чужога” кандыдата ў партыі ідзе амаль год.


--Я ж ніякім чынам не замінаў дзейнасці кіраўніцтва партыі, быў простым, шараговым сябрам. Ім зараз, каб ісці далей, спатрэбілася выключыць шараговага сябра. Ну, значыцца, нешта ёсць незвычайнае і цікавае ў гэтым сябры. І, на жаль, няма нічога ў гэтай партыі, калі ім гэта было патрэбна.


--Я б не назваў шараговым сябра Нацыянальнага камітэта і кіраўніка міжнароднай камісіі АГП...


--Гэта было раней – я не з’яўляюся кіраўніком міжнароднай камісіі каля года. Я быў шараговым сябрам АГП!


--Апошнія два гады ніхто і не казаў пра Дзмітрыева як пра сябра АГП – ты быў для ўсіх адным з лідараў “Гавары праўду!”. Навошта табе ўвогуле было заставацца ў АГП?


--Адзін мой сябра нават пажартаваў: “Калі б цябе выключылі з ГП – гэта была б навіна! А так”... Калі сур’ёзна, нагадаю, што “Гавары праўду!” не з’яўляецца палітычнай партыяй. Таму заставаўся сябрам партыі. У АГП я ўступіў 10 гадоў таму, быў кіраўніком мясцовай арганізацыі, працаваў у гарадской, намеснікам кіраўніка моладзевай структуры, потым стаў міжнародным сакратаром. Сёння такія абставіны, што важна не сяброўства ці не сяброўства ў нейкай партыі – праблема ў тым, што большасць людзей не бачыць ні ў адной з гэтых партый прадстаўніка сваіх інтарэсаў. Гэта праблема.


--Мяркую, што і зараз твой беспрацоўны прамежак жыцця не доўга працягнецца – да часу, пакуль не ўдасца стварыць сваю левацэнтрысцкую партыю?


--Я пасмяяўся, калі пра гэта пачытаў. Ніколі не рабіў ніякіх афіцыйных заяваў такога кшталту, а “Гавары праўду!” ніколі не казала, што яна ператвараецца ў левацэнтрысцкую партыю. Тут, як і для ўлады: дзесьці вы пра гэта казалі і ніякія аргументы і крыніцы ўжо не маюць значэння. Ствараць левацэнтрысцкую партыі – сёння не з’яўляецца планам дзеянняў для “Гавары праўду!” План толькі адзін – аб’яднаць тых людзей, якія жадаюць, каб Беларусь была сучаснай, дзе людзі жывуць у гонары і павазе. І гэта ў абвінавачванне – не аргумент. Яго самі прыдумалі і на падставе гэтага прынялі рашэнне.


-- А можа ў табе ўбачылі канкурэнта Лябедзькі і вырашылі пазбавіцца?


-- Не выключана. Гэта ўжо не першы раз, калі з АГП выключаюць тых, хто можа быць канкурэнтам. Але я лічу, што гэта ў спадары Паўлаве гаворыць крыўда. Ён разумее, што шмат з таго, што б ён хацеў, не зроблена і, на жаль, ім ніколі ўжо не будзе зроблена.


-- Зараз, пасля выключэння, табе цяжка будзе здзейсніць свае планы па рэйдарскім захопе АГП?


-- У мяне ніколі такіх планаў не было. Гэта прыдумкі тых, каму трэба было хаця б неяк паказаць, што яны там нешта абараняюць, яны выконваюць вялікую місію. У мяне ніколі не было планаў рэйдарскага захопу. Але, на вялікі жаль, у апазіцыі нармальная канкурэнцыя заўсёды падаецца як рэйдарскі захоп. Гэтым прасцей патлумачыць тое, што чалавек вырас, што ў яго ёсць свае амбіцыі і ідэі. Прасцей яго абвінаваціць у тым, што ім нехта кіруе і адбываецца рэйдарскі захоп. Такім чынам захоўваецца той статус-кво, які ўжо ўсім надакучыў.


Хутка будзе прэзентацыя стратэгіі “Гавары праўду!”, ёсць шмат ідэй, лепшыя людзі, у тым ліку і з АГП, засталіся са мной, мы працягваем дзейнасць. Мне ж усё адно – хто ў якой арганізацыі. Я буду канкураваць з АГП і ўсімі астатнімі партыямі тады, калі ў нас будзе дэмакратычная краіна, нармальныя выбары і мы будзем канкураваць за месца ў парламенце. Усё астатняе – бура ў шклянцы вады. Мяне раздражняе, што замест таго, каб сабрацца і прадумаць стратэгію на гэты год, мы не збіраемся і хтосьці кагосьці выключае. Хопіць займацца нецікавымі нікому справамі!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі