Дзед Высоцкага — з беларускіх яўрэяў

111226 Martin Vysocki.mp3

Родавае котлішча Высоцкіх — у Бярозаўскім раёне Беларусі. Да такіх высноў прыйшлі беларускія даследчыкі.

“Гэта пацвярджае дакумент натарыяльная копія метрычнага пасведчання. Там гаворыцца, што Вольф Шлёмавіч Высоцкі гэта дзед Высоцкага, нарадзіўся ў Брэсце, а яго бацька мешчанін мястэчка Сялец Шлём Высоцкі”, — кажа загадчык аддзелу даследаванняў Бярозаўскай раённай газеты “Маяк” Мікалай Сінкевіч.

У Брэсце дзед Высоцкага Вольф ажаніўся з фельдшаркай Бранштэйн. А вяселле яны сыгралі па яўрэйскіх традыцыях.

“У Кіеве ў архіве запіс: там гаворыцца, што Вольф пабраўся шлюбам з бабуляй Уладзіміра па яўрэйскім абрадзе. Там запісана, што Вольф быў з сялецкіх мяшчан”, — прыгадвае Мікалай Сінкевіч

Мястэчка Сялец у часы ВКЛ было значным яўрэйскім цэнтрам. Там прайшло 12 сесій ваада – з’ездаў галоўных абшчын ВКЛ, прызнаецца Еўрарадыё Мікалай Сінкевіч.

“У Сяльцы прайшло 12 сесій ваадаў. А ў вялікім Брэсце іх было толькі 5. У Пружанах – 1. Там жыло шмат габрэяў і многія знакамітыя людзі адтуль выйшлі”.

Ёсць больш раннія ўзгадкі пра Высоцкіх з Сяльца. Але дакладна не вядома, ці былі гэта продкі паэта і акцёра, ці проста насілі такое ж прозвішча.

”Сустракаюцца згадкі, што ў 1837 годзе ў Сяльцы жыў Лейба Высоцкі кандыдат у рабіны ад Пружанскага ўезду. Праўда, дакладна не вядома, быў ён сваяком Высоцкага ці не”.

Дзед Высоцкага Вольф — пасля вяселля пераехаў у Кіеў. Там у яго з’явіўся сын Сямён — бацька Высоцкага. А калі б не пераязджаў, можа б слухалі “Охоту на волков” у беларускім варыянце.

А вось у музеі — Доме Высоцкага на Таганцы — беларускія карані акцёра называюць усяго толькі адной з версій.

“У нас няма дакументальных пацверджанняў. Прозвішча вельмі распаўсюджанае. Нават на сённяшні час”, — кажа супрацоўніца музея. І дадае, што сам Высоцкі пра свае беларускія карані не ўзгадваў.

Стваральнікі новай кінастужкі “Высоцкий, спасибо, что живой” таксама нічога не кажуць пра паходжанне роду аўтара. А вось Вікіпедыя піша, што Высоцкі паходзіў з Беларусі.

Фота: limonka1.blogspot.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі