У Брэсце з'явіцца музычны фестываль імя Уладзіміра Высоцкага

Фэст імя Уладзіміра Высоцкага з'явіцца ў Брэсце. З такой ініцыятывай выступілі брэстаўчане, неабыякавыя да творчасці барда і актора. Сярод іх — галоўны рэдактар газеты "Брестский курьер" Мікалай Аляксандраў.

У каментары Еўрарадыё Аляксандраў распавёў, што ідэя ўзнікла не проста як даніна памяці Уладзіміру Высоцкаму. Савецкі бард, які сам хоць нарадзіўся і жыў у Маскве, мае непасрэднае дачыненне да Брэста.

Аляксандраў: "Дзед Высоцкага нарадзіўся тут, у Брэсце, і з 1889 года па 1912-ы ён тут жыў, а затым з'ехаў у Кіеў. Гэта дае нам цалкам выдатныя падставы для таго, каб зрабіць такі фестываль".

Ёсць шмат фотасведчанняў таго, што славуты бард неаднаразова бываў праездам і гасціў у горадзе над Бугам, калі накіроўваўся ва Францыю да сваёй жонкі Марыны Уладзі.

Ініцыятыву гараджан падтрымаў кіраўнік Брэсцкага гарвыканкаму Аляксандр Рагачук. Папярэдняя дата правядзення фестываля імя Высоцкага — сёлетні кастрычнік.

Арганізатары спадзяюцца, што міжнародны форум стане яшчэ адным культурным брэндам гораду нароўні з такімі штогадовымі фэстамі, як "Белая вежа" і "Студзеньскія музычныя вечары".

Фота — photochronograph.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі