Дразда і Казакова выкрасляць са спіса невыязных

111121 Luka6uk Nevyezd.mp3

Былы зняволены Зміцер Дрозд наведаў Аддзел па грамадзянстве і міграцыі, каб даведацца, чаму яму не дазволілі выехаць у Літву. Як высветлілася, ён, як і Сяргей Казакоў, да гэтага часу лічыцца падазраваным... па справе аб масавых беспарадках 19 снежня 2010 года.

Зміцер Дрозд: “Начальнік гэтага пашпартнага стала, ці як ён там, сказаў мне, што калі чалавек трапляе ў турму, арганізацыя, якая яго “закрывае”, аўтаматам дасылае паперу наконт таго, каб яму абмежавалі выезд. І калі чалавек выходзіць, тая арганізацыя, якая яго выпускае — Бабруйская калонія, павінна накіраваць адпаведныя паперы, каб мяне знялі з гэтага ўліку. Праблема, найхутчэй, у Бабруйскай калоніі: яны памыліліся. І ў гэтым, магчыма, ёсць праўда, бо астатнія памілаваныя — выязныя. Толькі я і Казакоў, якія сядзелі ў “Бабрах”, — мы двое невыязныя”.

Зміцер бліжэйшым часам плануе звярнуцца да адваката, каб з яго дапамогай дазнацца, па чыёй віне ён невыязны. Еўрарадыё правяло ўласнае расследаванне. Для пачатку звярнулася ў спецаддзел Бабруйскай папраўчай калоніі №2. Але там нам сказалі, што Дразд з Казаковым, згодна з іх звесткамі, са спіса невыязных выкрасленыя!

Спецаддзел Бабруйскай калоніі: “Паводле нашых звестак, знятыя з іх абмежаванні ў выездзе. І праблем з гэтым не павінна быць”.

Еўрарадыё: “А вы гэтыя свае звесткі...”

Спецаддзел Бабруйскай калоніі: “Яны адразу заносяцца ў рэспубліканскую базу”.

Прычым, як сцвярджае супрацоўнік спецаддзела калоніі, звесткі аб вызваленні Дразда і Казакова яны занеслі ў рэспубліканскую базу праз тыдзень пасля вызвалення. А адпусцілі на волю іх, нагадаем, у жніўні.

Пачуўшы, што ў Аддзеле па грамадзянстве і міграцыі Дразду і Казакову далі даведкі з пацверджаннем знаходжання іх у спісе невыязных, супрацоўнік калоніі параіў звярнуцца ў РУУС. Але і ў Фрунзенскім РУУС патлумачыць сітуацыю з Драздом не здолелі.

Супрацоўнік Фрунзенскага РУУС: “Вось яго вызвалілі (Дразда — Еўрарадыё), але я не маю права зняць з яго абмежаванне на выезд. Хто першапачаткова гэтую картку  ставіў з забаронай на выезд, той і павінен яе здымаць. Але трэба ведаць, хто распачынаў справу, хто следчы быў”.

Упэўненасць у тым, што Дрозд і Казакоў памылкова застаюцца ў спісе невыязных, выказаў і кіраўнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Аляксей Бягун.

Аляксей Бягун: “Там у яго не тое абмежаванне мусіла быць. Я думаю, што дзесьці хтосьці штосьці няправільна зрабіў”.

Еўрарадыё: “Але ў Бабруйскай калоніі мне сказалі, што яны праз тыдзень пасля вызвалення Дразда і Казакова ўнеслі ў рэспубліканскую базу дадзеных, што абмежаванні на выезд з іх знятыя”.

Аляксей Бягун: “Не туды яны ўнеслі!”

І абнадзейвае Еўрарадыё, што бліжэйшым часам навядуць парадак ў базе дадзеных невыязных і выкрасляць тых, каму там не месца. Пачынаючы са Змітра Дразда і Сяргея Казакова.

Фота: http://photo.bymedia.net/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі