Дарогі, дарагія аўтамабілі і феерверкі. Топ выдаткаў раённай адміністрацыі

Сайт дзяржзакупак прыадкрывае яшчэ адну таямніцу. На гэты раз гадавога плана выдаткаў адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Мінска. 31 студзеня там з’явіўся дакумент са спісам усяго неабходнага ў 2013 годзе, а таксама з коштамі і колькасцю гэтых неабходных рэчаў.

На першай пазіцыі па дарагоўлі — рамонт дарог, будынкаў і каналізацыі, камунальныя паслугі. На ўсё гэта ў 2013 годзе ў Кастрычніцкім раёне Мінска выдадуць каля 35 мільярдаў рублёў. Прынамсі, так напісана ў плане выдаткаў.

Калі з дарогамі і каналізацыяй усё больш-менш зразумела, то другое месца здзіўляе. Хто б мог падумаць, што прынцып “аднаго акна” можа каштаваць 545 мільёнаў рублёў у год? Але вось вам. Як даведалася Еўрарадыё, менавіта столькі Кастрычніцкі раён збіраецца аддаць за “Фарміраванне і вядзенне інфармацыйнай базы даных для забеспячэння працы службы “аднаго акна”.

Трэцяе месца яшчэ цікавейшае. За “Прадастаўленне паслуг па захоўванні і транспартным абслугоўванні аўтамабіляў “Мэрсэдэс-Бэнц 180С” і “Міцубісі Аўтлэндар” чыноўнікі хочуць заплаціць ажно 467 мільёнаў. Гэта амаль 50 тысяч долараў — кошт двух новых і вельмі-вельмі нядрэнных “Фальксвагенаў” альбо “Таёт”. Дарэчы, цікава, навошта адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Мінска джып “Міцубісі Аўтлэндар”? Верагодна, 35 мільярдаў на рамонт усіх дарог гэтага раёна ўсё ж не хопіць.

Чацвёрты радок топа — відовішчы. На арганізацыю канцэртаў, дыскатэк, феерверкаў, здымкі фільма і іншых прыемных урачыстасцяў сёлета Кастрычніцкі раён выдаткоўвае 250 мільёнаў рублёў. Сціпла, калі параўнаць з ганарарамі сусветных зорак шоў-бізу. Але калі накінуць сюды выдаткі на пражыванне і прыём разнастайных культурных і спартыўных дэлегацый, прапісаныя ў дакуменце асобна, сума шматкроць узрастае.

Акрамя ўсяго вышэйпералічанага, са спіса гадавых выдаткаў адміністрацыі можна даведацца, колькі грошай чыноўнікі выдаткуюць на паперу (каля 110 мільёнаў), колькі чыстых аркушаў гэтай самай паперы ім трэба (2 тысячы пачак, каля мільёна аркушаў фармата А4), колькі грошай пойдзе на перапіску з мінчанамі (паштовыя знакі — 27 мільёнаў), а таксама аб тым, што адміністрацыя Цэнтральнага раёна Мінска некаму плаціць за паслугі электроннай пошты (365 тысяч рублёў.) Падрабязнасцяў пра гэтыя цуды ў самой адміністрацыі даведацца не атрымалася. Адказны за ўсе закупкі чыноўнік раптоўна захварэў і сышоў на бальнічны.

А вось на курсы падвышэння кваліфікацыі супрацоўнікаў аддадуць толькі 1 мільён рублёў. Так што вялікіх зменаў у якасці працы адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска сёлета можна не чакаць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі